Мая Церакулава з трыма дзецьмі ў Беластоку. Фота: «Наша Ніва»

Мая Церакулава з трыма дзецьмі ў Беластоку. Фота: «Наша Ніва»

«Калі спраўджваюцца найгоршыя прагнозы, я толькі кажу, што так і знала»

Мая Церакулава жыве ў Польшчы паўгода. З Беларусі жанчына з'ехала з траімі дзяцьмі, 10-ці, 9-ці і 5-ці гадоў, разам з якімі спрабуе ўладкавацца на новым месцы.

Для 38-гадовай доктаркі гэта не першая эміграцыя. Мая нарадзілася ў Казахстане ў сям’і доктаркі, там жа вывучылася на педыятарку. А потым у шпіталі, дзе праходзіла навучанне, сустрэла беларуса — «прыгожага, высокага, шэравокага», як яна згадвае. Там жа пара пажанілася, нарадзілася старэйшае дзіця.

Потым, у чаканні другога дзіцяці, Мая з мужам перабраліся ў Беларусь, бо паўплывалі абяцанні атрымаць танны дзіцячы сад, а таксама бясплатнае жыллё для дактароў — цяпер Мая смяецца, што наконт жылля «трохі падманулі, нічога такога».

Гэтая беларуская казашка ўвогуле вялікая аптымістка, хаця свае жыццёвыя стратэгіі яна, хутчэй, лічыць песімістычнымі: «Я выдатна бачу ўсе магчымыя горшыя варыянты і свае крокі ў выпадку, калі яны спраўдзяцца. Таму мне прасцей на нешта наважвацца, бо я ведаю, што буду рабіць, калі здарыцца горшае. Напэўна, гэта, хутчэй, стратэгія песімістаў: дапускаць горшае і быць да яго гатовым (усміхаецца). Але мне яна дае ўпэўненасць.

Песімізм з жыццялюбствам добра сумяшчаюцца, і мне ўласціва жыццялюбства, уменне весяліцца і атрымліваць задавальненне ад жыцця. А калі спраўджваюцца найгоршыя прагнозы, я толькі кажу, што так і ведала, але разумею, што буду рабіць, бо ў мяне ўсё запланавана. І наадварот, калі здараецца нешта добрае, думаю пра тое, што нешта ідзе не так, але дзякуй і за добрае, я гэтага дастойная».

Разам з дачкой Евай, у якой аўтызм

Разам з дачкой Евай, у якой аўтызм

«Зморшчынка над носам і паміж броваў — тыпова беларуская»

Церакулава называе сябе фанаткай беларусаў, і менавіта праз гэта яна выбрала для пераезду Беласток — горад, дзе беларусаў так шмат. Мая кажа, што з беларусамі камфортна і надзейна, яны выхаваныя і прыстойныя.

На думку жанчыны, калі беларус падыходзіць да чаргі, ён заўсёды спытае, хто апошні, калі там не адгукнуцца, яшчэ і перапытае, каб не заняць выпадкова чыёсьці месца.

Калі справа датычыць нейкіх маральна-этычных аспектаў, беларусы дужа далікатныя. І з гэтым, як расказвае казашка, так звыкаешся, што ў іншым асяроддзі, не такім цяплічным, адчуваеш сябе дзіўна.

А якія тады казахі? «Яны вясёлыя і нахабныя. Калі казах кудысьці палезе без чаргі, ён кожнаму ў чарзе патлумачыць, чаму менавіта ён мусіць ісці наперад. Ён будзе выбачацца, таргавацца, усміхацца, і кожны яго з задавальненнем прапусціць: маўляў, зраблю добрую справу, чалавек мне будзе ўдзячны. У працэсе казах можа нагаварыць цэлы мех, але гэта ніколі не будзе нахабствам у стылі «што ты мне зробіш». Казах зробіць прыгожа, так, каб у выніку ўсе былі задаволеныя, што ён прайшоў без чаргі.

З гэтым прыходзіцца вучыцца жыць і фільтраваць камунікацыю.

Казах табе нешта кажа, а ты думаеш: і што ты ад мяне хочаш, сябра? Ад гэтага напружвання ў Беларусі адвыкаеш, проста верыш людзям, бо яны кажуць тое, што думаюць, не хаваюць сваіх намераў. Усеагульная ветлівасць і прыстойнасць выхоўваюцца як норма: нармальна прытрымлівацца правілаў, законаў, нармальна быць ветлівым і добрым. Для беларуса нармальна быць не хітрым, вёрткім і разумным, а добрым, прыстойным і шчырым. З такімі людзьмі прыемна жыць і ўзаемадзейнічаць».

Тым не менш і да такога асяроддзя Маі Церакулавай давялося адаптавацца.

Жанчына згадвае, што спачатку яе пужаў выраз твару беларусаў: маўляў, мы дужа панурыя і сумныя. Спачатку Мая нават паказвала маці зморшчынку над носам і паміж броваў, яна яе называе тыпова беларускай і мяркуе, што яна ёсць ва ўсіх беларусаў гадоў з 20-ці.

Таму і камунікаваць з беларусамі не заўсёды было проста. «Баялася падысці і спытаць дарогу, бо, мяркуючы па твары, людзі яўна пакутуюць. Ідзе дзяўчына, гляджу на яе і думаю: Божа, яна такая маладая і прыгожая, што з ёй здарылася, чаму яна не ўсміхаецца? Які кашмар!» — кажа жанчына.

Мая пражыла ў нашай краіне сем гадоў. Спачатку здымалі з мужам кватэру ў Смалявіцкім раёне, потым перабраліся ў Мінск, далей — у Мар’іну Горку. А праз паўтара года Мая з мужам разышліся, і жанчына пераехала з дзецьмі ў Бабруйск, дзе пражыла дзевяць месяцаў да выезду ў Польшчу.

Бабруйск яна згадвае як самае камфортнае для сябе месца ў Беларусі: «Ён прыгожы, мілы, чароўны, мае свой характар і сваю гісторыю, там жывуць людзі, якія вельмі любяць гэты горад. У Бабруйску шмат кавярняў, клубаў са сваім вайбам, горад вельмі пешаходны, там можна з задавальненнем гуляць і разглядваць старыя будынкі. Ім па сто гадоў, яны стаяць на вуліцы радком. Глядзіш, а сто гадоў таму тут была оптыка і цяпер тут оптыка, гэта цікава».

Бабруйцы трымаюцца разам і ў Беластоку, Маю яны ўключаюць у сваё кола, хаця жанчына не пражыла ў Бабруйску і года. Па любыя паслугі, кажа жанчына, тут можна звяртацца да беларусаў ці, у прыватнасці, да бабруйцаў: пастрыгчыся, павесіць мэблю, парамантаваць камп’ютар ці калі нехта захварэў.

«Або звальняеш ты, або звальняюць цябе»

Пасля выбараў-2020 педыятарка Мая Церакулава ўключылася ў грамадзянскую актыўнасць. А потым у паліклініцы, дзе працавала Мая, ёй не прадоўжылі кантракт. Праз «сумнеўную» характарыстыку жанчыне адмовілі ў працы ў дзвюх мінскіх бальніцах, але ўзялі ў Бабруйск. Там яна і працавала, пакуль у паліклініку не прыйшлі спісы «непажаданых» супрацоўнікаў.

Церакулава расказвае, што яе першай рэакцыяй на звальненне быў гнеў, але потым удалося супакоіцца:

«Спачатку я палала справядлівым абурэннем: за што вы мяне, добрага доктара, як так? Маўляў, пайду да чыноўнікаў, у ахову здароўя, гарздраў, я вам усім пакажу! А потым мне знаёмая тлумачыць: «Ты ж разумееш, што цябе звольнілі не па лініі аховы здароўя? Чыноўнікі не ведаюць, за што цябе звольнілі, проста прыйшлі спісы, і ім трэба было звольніць людзей з іх». То-бок пытанне такое: або звальняеш ты, або звальняюць цябе.

Дык за што крыўдзіцца? Яны не ведаюць, чаму яны мяне звольнілі, проста так трэба было. Калі б гэтыя чыноўнікі мяне не звольнілі, звольнілі б іх і паставілі б тых чыноўнікаў, якія звольняць мяне. Нават я адчувала бессэнсоўнасць супраціву, хаця яшчэ і праяўляла нейкую браваду».

Аднак і пасля палітычнага звальнення Мая не была гатовая эміграваць. Яна расказвае, што яе нікуды не бралі працаваць, а дзе толькі жанчына ні спрабавала знайсці месца: прасілася на хуткую дапамогу і ў стацыянар, у паліклінікі, абласны псіханеўралагічны інтэрнат і абласную спецшколу. Мая згадвае, што жыла на здымнай кватэры і ў нейкі момант проста не змагла б за яе плаціць, карміць дзяцей. Пытанне было ў тым, як выжыць, і таму жанчына рашылася на другую эміграцыю ў жыцці.

Гэты другі пераезд аказаўся прасцейшым, чым шлях з Казахстана ў Беларусь. Ды і цяпер, кажа Мая, ёй прасцей, чым амаль усім беларускім эмігрантам: «Яны сумуюць па Беларусі як па сваім родным месцы, па тым, што іх выгадавала і з чым яны сябе ідэнтыфікуюць, па ўсіх сваіх сацыяльных сувязях. А я сумую па Беларусі як па добрым месцы, дзе мне было камфортна жыць, дзе засталіся нейкія няспраўджаныя надзеі і мары, але не маю такой тугі, як у некаторых маіх знаёмых беларусаў. Яны кожны дзень чытаюць навіны з Радзімы, просяць, каб для іх сфатаграфавалі іх двор, а мне прасцей».

У стрэсавыя моманты, як расказвае жанчына, ёй таксама хочацца вярнуцца, але яе дом застаўся ў Казахстане, і тугу па доме яна перажыла гадоў сем таму.

«У звычайных людзей бывае крызіс сярэдняга ўзросту. У дактароў — не»

Мая жыве ў Польшчы пад міжнароднай абаронай. Пакуль што яна не працуе і рыхтуецца да экзаменаў, каб пацвердзіць медыцынскі дыплом. Жанчына атрымлівае сацыяльную дапамогу, бо гадуе маленькіх дзяцей, тым больш што яе сярэдняя дачка мае інваліднасць праз аўтызм. У адрозненне ад Беларусі, як удакладняе доктарка, у Польшчы на такую дапамогу можна жыць, хаця і сціпла.

Мая расказвае, што доктар у Польшчы можа пацвердзіць свой дыплом двума шляхамі. Ёсць хуткі варыянт, калі трэба атрымаць медыцынскую візу і працаўладкавацца ў канкрэтнай установе, якая будзе за цябе ручацца. На такіх умовах можна працаваць пяць гадоў, за якія ты мусіш пацвердзіць дыплом, або па гэтым тэрміне трэба з’ехаць.

З другога боку, тлумачыць Церакулава, цяжка рыхтавацца да экзаменаў адначасова з працай. Таксама часта кіраўнікі ў такіх выпадках злоўжываюць сваім становішчам, бо медык не можа звольніцца, інакш яго дэпартуюць.

Такім чынам, калі ёсць магчымасць, спачатку раяць пацвердзіць дыплом і стаць такім жа спецыялістам, як польскія калегі. Для гэтага трэба здаць экзамен на веданне медыцынскай польскай мовы, а потым прайсці экзамен, раўназначны выпускному іспыту ў польскай медыцынскай ВНУ. Далей — стажыроўка ад чатырох месяцаў да года, і можна працаваць доктарам агульнай практыкі.

Церакулава ўжо мае даволі шмат працоўных планаў: «Аказалася ў шоку, калі ўсвядоміла, што мне не трэба карпець з васьмі да васьмі, як гэта было ў Беларусі, каб пракарміць сябе і дзяцей. І цяпер я спакойна вучу польскую, займаюся сваімі праектамі: пішу артыкулы для «Новага часу», хочам запусціць медыцынскае ютуб-шоу. Калі ўвесь час нешта тлумачыш кожнаму пацыенту, думаю, трэба проста зняць на гэтую тэму відэа.

Таксама думаю зрабіць дадатак для дапамогі дзецям-малаежкам з дэфіцытам масы цела. Часам гэтая праблема звязаная з медыцынай, але часцей яе карані ляжаць у паводзінах. Для таго, каб вырашаць пытанні паводзінаў, трэба спачатку выключыць медыцынскія прычыны. Я якраз ведаю, як змяняць паводзіны дзіцяці, працавала над гэтым са сваёй дачкой.

Таму думаю: добра было б для дзяцей-малаежак, якія так часта сустракаюцца ў медыцынскай практыцы, зрабіць адпаведны дадатак. Спачатку ён дапамагаў бы выключыць саматычныя прычыны дэфіцыту масы, а потым падказаў бы, як працаваць з паводзінамі. Разумею, што ён не будзе надта папулярным, гэта не мабільная гульня, але ў маёй практыцы было нямала такіх дзяцей, і шмат каму з іх дапамагла карэкцыя паводзінаў».

Адкуль такое жаданне быць карыснай іншым? Проста кожны робіць сваю працу, як кажа Мая, і праца доктаркі — дапамагаць. Нядаўна, як распавядае жанчына, адзін чалавек ёй расказваў з захапленнем, як нехта тануў і ён яго выратаваў. А для медыкаў ратаваць жыццё — гэта стандартны лад жыцця.

Доктарка ўлюбёная ў сваю працу, але не пагаджаецца з тым, што быць педыятаркай — гэта кайф: «Што такога кайфовага ў хворых дзецях? Яны ў мяне плачуць, пакутуюць, іх шкада. Але, ведаеце, у людзей бывае крызіс сярэдняга ўзросту: маўляў, навошта я жыву, у чым сэнс існавання. У лекара такія пытанні не ўзнікаюць, напэўна, у гэтым галоўны плюс маёй працы».

«Вельмі раздражняе, калі ты на вуліцы мусіш прасіць прабачэння за дзіця»

Мая расціла дачку з аўтызмам у Беларусі, цяпер робіць гэта ж у Польшчы. Паўсюль ёсць свае плюсы і мінусы, разважае яна. У Беластоку, напрыклад, жанчыне было вельмі цяжка ўладкаваць дзяўчынку ў школу, бо ў польскіх класах для дзяцей з асаблівасцямі можа быць не больш за пяцёра дзяцей на два педагогі. Таму дачку Маі ніхто не браў вучыцца: маўляў, няма месцаў, даруйце. У Беларусі можна прыйсці ў аддзел адукацыі і папрасіць месца для дзіцяці, а тут гэта так не працуе.

Вырашыць пытанне са школай для Евы дапамог мэр Беластока Тадэвуш Трускаляскі. Мая не ведае, як ён дазнаўся пра бяду беларуска-казахскай сям'і, але ў выніку Трускаляскі пазваніў дырэктару спецыялізаванай школы і папрасіў таго ўзяць Еву на навучанне шостай у класе пад сваю персанальную адказнасць. 

Церакулава вельмі хваліць польскія школы. Яна расказвае, што кожная такая ўстанова ў Польшчы самастойная ў сваёй палітыцы, яны маюць розны ўхіл, але дзецям вучыцца вельмі камфортна: «У нас таксама ёсць вельмі добрыя настаўнікі, якія любяць дзяцей, але тут на двух такіх настаўнікаў пяцёра дзяцей, і выкладчыкі не маюць выгарання. Яны не змучаныя справаздачамі і дырэктывамі, яны займаюцца толькі дзецьмі, і ў іх на гэта дастаткова сіл. У школах чаго толькі няма: і інтэрактыўныя дошкі, і сэнсарныя пакоі, і абсталяванне для скалалажання ў спартзале, і дворыкі з выхадам туды наўпрост з класа».

Мая адзначае, што ў Беластоку да яе з дачкой дужа зычліва ставяцца людзі. Там не прынята хаваць людзей з інваліднасцю, і на вуліцах іх вельмі шмат. Калі такія дзеці паводзяць сябе неяк не так, прыцягваюць да сябе ўвагу паводзінамі, людзі разумеюць, што ўсё гэта праз інваліднасць. Заўважаюць, што каля такога дзіця ёсць мама, значыць, усё ў парадку, і не трэба надаваць гэтаму ўвагу.

У Беларусі было інакш: «Часам даводзілася тлумачыць, што ў дзіцяці інваліднасць, прабачце, калі ласка. Насамрэч, гэта вельмі раздражняе, калі табе трэба займацца сваім дзіцём, у якога раптам ёсць праблемы, і паралельна з гэтым ты яшчэ мусіш прасіць прабачэння. А ў Польшчы мне ніколі не даводзілася выбачацца, тут усім і так усё зразумела».

«Беларусь можа быць чымсьці накшталт Эстоніі ці Скандынавіі»

Жанчына дагэтуль чытае чаты беларускіх медыкаў і расказвае, што часам там пішуць медыкі, якія баяцца пераязджаць. Па яе назіраннях, дактароў з краіны з’язджае вельмі шмат.

Сама Мая, аднак, не ўпэўненая, што ў Польшчы яна назаўсёды.

«Думаю, калі-небудзь я вярнуся ў Беларусь, калі яна будзе іншай, вольнай. Упэўненая, што калі ў беларусаў будзе шанс, яны пабудуюць цудоўную краіну. Беларусы ўсё зробяць добра проста з-за таго, які гэта народ, гэта будзе вельмі прыемная для жыцця краіна, лепшая, чым Польшча ці Італія. Мне здаецца, Беларусь можа быць чымсьці накшталт Эстоніі ці Скандынавіі. Проста таму, што беларусы не нахабныя, не хітрыя, не нахрапістыя і не жулікаватыя, а працавітыя, прыстойныя, сумленныя, ідэйныя.

Большасць беларусаў такія. Нават тыя, хто цяпер не з’ехаў, хто не гарыць ідэйна і каму не надта баляць палітычныя зняволеныя, хаця і могуць мець дэфіцыт эмпатыі, але пры ўсёй іх хатаскрайнасці кожны з іх сумленна робіць сваю працу, ніколі не ўкрадзе, не падмане лішні раз, разумее асновы прыстойнасці.

Можа, ён і не гарыць за дэмакратыю, але ён не здасць свайго суседа, бо мае дакладнае разуменне, што добра, а што дрэнна. Нават палітычна індыферэнтныя: яны таксама вельмі добрыя, надзейныя і прыстойныя людзі.

Калі такім людзям дадуць свабоду працаваць, як ім хочацца, яны ўсё зробяць вельмі добра», — падсумоўвае жанчына.

Чытайце таксама:

«Не ведаю, як ён даведаўся пра нас». Мэр Беластока пад асабістую адказнасць дапамог беларусцы ўладкаваць дачку ў спецшколу

«Мой сын, якому беларусы некалі сказалі, што ён лішні, рупіцца і перажывае за Беларусь» — вялікая гутарка з Ганнай Хітрык

Навукоўцы знайшлі раней невядомыя гены, якія паказваюць, што чалавек усё яшчэ эвалюцыянуе

Клас
80
Панылы сорам
10
Ха-ха
5
Ого
16
Сумна
32
Абуральна
49

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?