Праект Dogen City — «разумны» горад на вадзе з уласнай сістэмай абароны ад прыродных катаклізмаў. Фота: N-Ark
Японская кампанія N-Ark 12 чэрвеня раскрыла падрабязнасці свайго грандыёзнага праекта па будаўніцтве «разумнага» горада на вадзе, які будзе цалкам аўтаномны і высокатэхналагічны ў плане медыцыны і робататэхнікі.
Праект пад назвай Dogen City распрацавалі такім чынам, каб вытрымаць любыя змены клімату і надвор’я. Плаваючы горад будзе здольны забяспечваць электраэнергіяй, ежай і вадой не толькі 10 тысяч пастаянных жыхароў, але і 30 тысяч дадатковых турыстаў.
Акрамя гэтага, горад будзе мець круглую форму і ўбудаваную дамбу, што, па словах распрацоўшчыкаў, дапаможа яму ўстаяць падчас цунамі.
«Горад будзе мець каля 4 кіламетраў тэрыторыі ў форме акружнасці. Там будуць турыстычныя, медыцынскія, офісныя аб’екты і нават пляцоўка для запуску касмічных ракет. Сам горад будзе падзелены на тры асобныя зоны:
- жылая зона (дамы, гатэлі, паркі, школы, бальніцы і г. д.),
- плаваючы фундамент, на якім усё будзе трымацца і які будзе ўключаць у сябе штучную круглую агароджу-дамбу супраць цунамі,
- падводны цэнтр апрацоўкі звестак, які будзе натуральным чынам астуджацца вадой і забяспечваць працу аперацыйнай сістэмы «разумнага» горада.
Акрамя таго, горад будзе цалкам усеяны вялікай колькасцю сонечных панэляў і будзе цалкам аўтаномны ў плане функцыянавання», — расказвае японская кампанія N-Ark.
Праект плаваючага аўтаномнага горада Dogen City ад японскай кампаніі N-Ark. Фота: N-Ark
Праект плаваючага аўтаномнага горада Dogen City ад японскай кампаніі N-Ark. Фота: N-Ark
Таксама кампанія N-Ark падлічыла, што кожны год гораду будуць патрэбныя 2 мільёны літраў вады. Ежа пры гэтым будзе вырабляцца аўтаномна ў колькасці каля 7 тысяч тон у год, а энергія — больш за 22 мільёны кВт. Смецце ж штогод будзе ўтылізавацца ў масе амаль 3300 тон.
Пакуль што дадатковых падрабязнасцяў аб тым, як усё гэта будзе функцыянаваць, няма, аднак сам горад плануюць пабудаваць да 2030 года.
Чытайце таксама:
Гэтае вынаходніцтва дазволіць чалавецтву жыць вечна. Расказваем, як яго пабудаваць
У Еўропе распрацоўваюць гіпергукавы самалёт, які зменіць пасажырскую авіяцыю
У Саудаўскай Аравіі з'явіцца высокатэхналагічны хмарачос у форме куба





