Фота: pixabay

Фота: pixabay

Пакуль беларускія навукоўцы працуюць над стварэннем робата-даяркі і змагаюцца са свабодай слова і цвярозым розумам, іх амерыканскія калегі распрацоўваюць прылады пераўтварэння хвалевай энергіі ў электрычную — або WEC (wave energy conversion devices). Распрацоўкай новых прылад займаецца Нацыянальная лабараторыя аднаўляльных крыніц энергіі (NREL), якая падпарадкоўваецца Міністэрству энергетыкі ЗША.

Патэнцыял выкарыстання энергіі акіянічных хваль сапраўды ўражвае. Паводле ацэнак амерыканскіх экспертаў, штогод хвалі ля берагоў ЗША могуць забяспечваць каля 2,64 трыльёна кілават-гадзін электраэнергіі. Гэта магло б пакрыць 60% гадавых патрэб электраэнергіі такой вялізнай краіны, як ЗША, забяспечыўшы ёю 18 мільёнаў дамоў.

Прылады WEC (wave energy conversion devices) уяўляюць сабой дэвайсы, некаторыя з якіх падобныя на буі, а некаторыя — на кілімкі ці цыноўкі. На дадзены момант даследчыкі не спыніліся на адной канструкцыі і вывучаюць, якая будзе найбольш эфектыўнай і, як вынік, камерцыйна мэтазгоднай, распавядае Inverse.

Розныя дызайны будучых прылад / Выява: Joshua Bauer, NREL

Розныя дызайны будучых прылад / Выява: Joshua Bauer, NREL

Распрацоўшчыкі WEC параўноўваюць сённяшнюю індустрыю хвалевай энергіі, якая толькі зараджаецца, з пачаткам развіцця ветравой энергіі. У 1970-я гады кампаніі ўсё яшчэ вывучалі розныя канструкцыі турбін, пакуль праз шмат гадоў не прыйшлі да высновы, што трохлопасная ветравая турбіна была найбольш эфектыўным рашэннем. У 2022 годзе на энергію ветру прыходзілася 11 % вытворчасці электраэнергіі ў ЗША.

Дзеянне прыладаў WEC заснавана на запатэнтаванай летась тэхналогіі, якая мае назву DEEC-Tec, што расшыфроўваецца як distributed embedded energy converter technologies — тэхналогіі размеркаваных убудаваных пераўтваральнікаў энергіі. 

Розныя варыянты канцэптаў DEEC-Tec / Выява: Besiki Kazaishvili, NREL

Розныя варыянты канцэптаў DEEC-Tec / Выява: Besiki Kazaishvili, NREL

DEEC-Tec працуе як падводная коўдра з мноства малюсенькіх пераўтваральнікаў энергіі (кожны звычайна мае памер усяго некалькі сантыметраў), сплеценых у адзіную структуру, якая можа згортвацца ў розныя формы для больш эфектыўнага збору энергіі. Унутры кожнага пераўтваральніка эластычная структура змяшчае станоўчыя і адмоўныя электроды — пад дзеяннем вады прамежак паміж электродамі звужаецца, і яны выпрацоўваюць электрычнасць.

Сёння атрыманне энергіі з мораў сутыкаецца таксама і з мноствам экалагічных праблем. Напрыклад, эксперты павінны пераканацца, што матэрыялы, якія выкарыстоўваюцца ў WEC, экалагічна чыстыя і здольныя супрацьстаяць моцным ударам хваль. Таксама павінна быць гарантыя, што прылады не нанясуць шкоды марскім жывёлам ці далікатнаму прыбярэжнаму асяроддзю.

Тым часам першы ў ЗША эксперыментальны праект па выкарыстанні хвалевай энергіі ў прамысловым маштабе можа запрацаваць ужо да 2025 года. Праект пад кіраўніцтвам Oregon State University называецца PacWave і будзе падключаны да мясцовай электрасеткі ў горадзе Ньюпарт, штат Арэгон. Па плане ён зможа вырабляць да 20 мегават электраэнергіі, што дастаткова для забеспячэння каля 2000 дамоў.

Ілюстрацыя, якая паказвае тэставую ўстаноўку PacWave South / Выява: Oregon State University

Ілюстрацыя, якая паказвае тэставую ўстаноўку PacWave South / Выява: Oregon State University

Чытайце таксама:

Новыя інструменты штучнага інтэлекту Firefly ад Adobe значна спросцяць працу з выявамі і відэа

Навукоўцы стварылі ядомы акумулятар

З'явіўся першы ў свеце «разумны» пісталет, які ніколі не стрэліць у чужых руках

Клас
23
Панылы сорам
0
Ха-ха
4
Ого
2
Сумна
2
Абуральна
4