Выява: Adobe
Набор праграмнага забеспячэння для рэдагавання фота і відэа ад Adobe даўно выкарыстоўвае дапамогу машыннага інтэлекту, каб дапамагчы карыстальнікам выконваць сваю працу. У канцы сакавіка кампанія прэзентавала новую мадэль генератыўнага ШІ пад назвай Firefly, якая дазваляла працаваць над выявамі і відэа з дапамогай толькі тэкставых запытаў — гэтак жа, як гэта робяць нашумелыя Dall-E і ChatGPT.
Менш чым праз месяц пасля дэбюту Adobe абвясціла, што ўжо працуе над мноствам мадэрнізацый і дапаўненняў сваёй мадэлі ШІ, якія павінны з'явіцца ў бэта-версіі праграмы Firefly пазней у гэтым годзе. Пры гэтым шматлікія функцыі Firefly ужо даступныя ў экасістэме Adobe, уключаючы Premiere Pro, Illustrator, After Effects і Photoshop.
Новыя функцыі распрацаваныя, каб дапамагчы прафесійным рэдактарам скараціць іх працу па карэкцыі колераў, устаўцы плэйсхолдэраў (ці выяў-запаўняльнікаў прасторы ў макетах сайтаў або мабільных дадаткаў), даданні эфектаў, рэкамендацыі відэаперабівак для канкрэтнага праекта. Усё гэта цяпер можна будзе рабіць, проста ўводзячы свае ідэі ў акно тэкставага запыту Firefly.
Выява: Adobe
Пасля таго, як карыстальнік уводзіць тэкставы запыт, сістэма прапануе каля паўтузіна першапачатковых варыянтаў малюнкаў. Адтуль карыстальнік можа выбіраць паміж папулярнымі стылямі і эфектамі, дыктаваць свае ўласныя праўкі і наогул спрабаваць сябе ў даволі кіраваным працэсе — ажно пакуль сістэма не выдасць тое, што карыстальнік шукае.
Як прыклад шырокіх магчымасцяў Engaget прыводзіць функцыю паляпшэння колеру: карыстальнікі змогуць рэгуляваць узровень яркасці і насычанасці (і нават змяняць час сутак ці пару года) з дапамогай моўных запытаў.
Генератыўныя функцыі штучнага інтэлекту таксама будуць распаўсюджвацца на аўдыя з магчымасцю ўстаўляць фонавую музыку і гукавыя эфекты. Чакаецца, што неўзабаве з'явяцца анімаваныя функцыі шрыфтоў, а таксама аўтаматызаваная функцыя b-roll, якая аналізуе змесціва сцэнара для стварэння раскадровак і прапаноўвання відэакліпаў. Апроч усіх плюшак, Firefly зробіць і персаналізаваныя інструкцыі, каб правесці новых карыстальнікаў праз працэс выкарыстання новых функцый.
Чытайце таксама:
Фатограф падаў на конкурс выяву, створаную штучным інтэлектам. І перамог
Феномен Midjourney: чаму гэтая нейрасетка стала мегапапулярнай і як ёй карыстацца?
Склалі для вас вялікі ТОП карысных нейрасетак на ўсе выпадкі жыцця





