Ryanair

Фота: Wikimedia Commons

Як піша Le Monde, ірландская авіякампанія 9 мая заключыла кантракт на закупку 150 сярэднемагістральных самалётаў Boeing 737 Max і выставіла апцыён, які дае ёй права на набыццё 150 дадатковых самалётаў у будучыні па загадзя абумоўленай цане і тэрмінах у выпадку, калі Ryanair захоча гэтым правам скарыстацца.

Заказ ацэньваецца на 40 мільярдаў долараў у цяперашніх цэнах, але Ryanair, па словах генеральнага дырэктара Майкла ОʼЛіры (Michael O’Leary) атрымала «канкурэнтную зніжку».

Як адзначае выданне са спасылкай на прэс-рэліз Ryanair, гэта найбольшы заказ, які калі-небудзь у гісторыі рабіла на амерыканскія прамысловыя ірландская кампанія.

Пастаўка новых самалётаў запланаваная на перыяд з 2027 па 2033 гады.

Паводле ацэнак Ryanair, новыя самалёты дазволяць стварыць больш за 10 тысяч працоўных месцаў. Пры гэтым кампанія плануе, што ў сакавіку 2034-га гадавая колькасць пасажыраў вырасце да 300 мільёнаў (у сакавіку 2023 года яна складала 168 мільёнаў).

Па словах ОʼЛіры новыя самалёты маюць на 21% больш пасадачных месцаў, спажываюць на 20% менш паліва і на 50% цішэйшыя, чым старыя мадэлі B737-NG. Генеральны дырэктар спадзяецца, што эканомія, атрыманая ад гэтага, адаб'ецца на цэнах для пасажыраў.

Выданне адзначае, што Ryanair пайшоў на заключэнне кантракта, нягледзячы на тое, што да гэтага крытыкаваў Boeing за несвоечасовыя пастаўкі і задзёртыя цэны. На прэс-канферэнцыі 9 мая ОʼЛіры заявіў, што амерыканскі вытворца «зрабіў фенаменальную працу па тым, каб нагнаць» тэрміны паставак, нягледзячы на ​​праблемы.

Авіякампанія і вытворца маюць цесныя дзелавыя адносіны. Падчас пандэміі ў снежні 2020 года Ryanair пагадзілася скарыстацца апцыёнам на 75 самалётаў. Гэта адбылося ў той момант, калі Boeing зноў атрымаў дазвол на эксплуатацыю мадэлі 737 Max пасля дваццаці месяцаў забароны. Яна была ўведзеная пасля двух крушэнняў самалётаў гэтай мадэлі са смяротным зыходам.

Амерыканскі вытворца, як паведамляе Le Mondе, у першым квартале гэтага года меў чыстых стратаў больш, чым планаваў. Але ў яго планах павелічэнне аб'ёму вытворчасці 737 Max да 38 на месяц у гэтым годзе і да 50 на месяц да 2026 года.

Паведамленні аб заключаным кантракце прывялі да росту кошту акцый абедзвюх кампаній, адзначае Le Monde.

Чытайце яшчэ:

Ryanair скарачае рэйсы з Вільні

Прэзідэнт Boeing прызнаў, што дзве авіякатастрофы адбыліся з-за памылкі праграмы

«Палёты ў Еўропу — гэта была такая асалода». Былая сцюардэса «Белавія» расказала пра ўнутраную кухню авіякампаніі-манапаліста

Клас
5
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
2

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?