Ілюстрацыйная выява. Фота: vecteezy

Ілюстрацыйная выява. Фота: vecteezy

Амерыканская выведка прааналізавала эфектыўнасць антырасійскіх заходніх санкцый і выявіла панічныя настроі сярод фінансавых эліт Расіі з-за вайны ва Украіне. 

Інфармацыя, атрыманая з непублічных прыватных каналаў шляхам праслухоўвання і перахопаў, паказвае, што расійскія чыноўнікі, алігархі і пэўныя арганізацыі, нягледзячы на іх публічныя заявы аб «неўспрымальнасці Расіі да санкцый», узмоцнена шукаюць, як схавацца ад абмежаванняў альбо адаптавацца да іх.

«Аднак, нягледзячы на ​​ўсю прынесеную шкоду ад санкцый і нязгоду часткі расійскіх элітаў з правядзеннем вайны супраць Украіны, тыя наўрад ці перастануць падтрымліваць Уладзіміра Пуціна. Пры тым, што грошай у Расіі на вайну ў цяперашніх эканамічных умовах хопіць мінімум на год», — гаворыцца ў ацэнцы сакрэтнага дакумента ЗША.

Ва ўцечцы няма інфармацыі адносна таго, ці паўплывае абыход санкцый на здольнасць Расіі ваяваць больш эфектыўна, але амерыканская выведка прыводзіць некалькі прыкладаў таго, як менавіта адбываецца паніка сярод расійскіх эліт.

  • Па-першае, ва ўцечцы прыводзіцца перахоплены ліст міністра фінансаў Расіі Антона Сілуанава да прэм'ер-міністра краіны Міхаіла Мішусціна, у якім той просіць «падтрымаць планы на выпадак непрадбачаных абставін, каб пазбегнуць патэнцыйнага ганебнага краху расійскіх дзяржаўных арганізацый». Гаворка ідзе аб Міжнародным інвестыцыйным банку, Міжнародным банку эканамічнага супрацоўніцтва і Еўразійскім інвестыцыйным банку, якія патрапілі пад заходнія санкцыі (характэрна тое, што гэтыя арганізацыі не маюць сур'ёзнага эканамічнага значэння для Расіі, аднак, згодна з данымі выведкі, яны выкарыстоўваюцца для адмывання грошай і патрэб шпіянажу за мяжой).
  • Па-другое, зліты дакумент змяшчае звесткі аб тым, што ФСБ «турбуецца аб недахопе замежнай валюты, якая захоўваецца ў расійскіх банках». Апроч гэтага расійскія спецслужбы сур'ёзна асцерагаюцца ўвядзення другасных заходніх санкцый супраць кітайскіх кампаній, якія ўсё яшчэ супрацоўнічаюць з Расіяй. Усе здзелкі з імі было загадана захоўваць у сакрэце.
  • Апошні прыклад тычыцца ПВК «Вагнер», якая без тлумачэння прычын хвалюецца з-за ўвядзення амерыканскіх санкцый супраць расійскага МТС-Банка, што спыніць там правядзенне даляравых транзакцый з 15 траўня гэтага года. У сакрэтным дакуменце не тлумачыцца, чаму «Вагнер» занепакоены лёсам менавіта гэтага банка.

Нагадаем, што раней адзін з вядомых расійскіх мільярдэраў адкрыта прадрок Расіі фінансавы дэфіцыт і вычарпанне грошай на працягу года з-за няўмелай палітыкі краіны. Акрамя гэтага высветлілася, што Расія выдаткавала на адзін год вайны супраць Украіны амаль 115 мільярдаў даляраў.

Чытайце таксама:

Турцыя дапамагала Беларусі і Расіі абыходзіць міжнародныя санкцыі і абмяркоўвала гандаль зброяй з ПВК «Вагнер» — БРЦ

Расійскія апазіцыянеры прасілі ЕС зняць санкцыі з уласнікаў «Альфа-груп». Дакументы зліў Венядзіктаў

Мінфін ЗША: Расійскія алігархі ведалі пра дату ўварвання і кінуліся перапісваць свае актывы на сваякоў

Клас
42
Панылы сорам
1
Ха-ха
8
Ого
2
Сумна
6
Абуральна
11