Блогерка патлумачыла, што не ведае беларускай мовы. Разумець разумее, але каб навучыцца пісаць і гаварыць — то не знайшла матывацыі.
Вучылася ж яна па-руску, і ўсе сябры ды сваякі таксама рускамоўныя. Беларускую мову чула толькі 2-4 гадзіны на тыдзень на адпаведных школьных уроках.
Але гэта само па сабе не было б перашкодай, бо «цяпер многія беларусы пачалі вучыць беларускую мову: для іх гэта пытанне самаідэнтыфікацыі».
Зверава піша, што сябе як беларуску зусім не ідэнтыфікуе.
«Беларусь — гэта краіна, у якой я нарадзілася. Мінск — горад, які я люблю. Мне неабыякавы лёс Беларусі і людзей, якія змагаліся за яе свабоду і цяпер церпяць ад наступстваў. Я люблю беларусаў, але не лічу беларускай сябе. Магчыма, рэч у маіх каранях», — напісала блогерка.
Калі Саша была маленькай, то яе бабуля вырашыла зрабіць дзядулю сюрпрыз і прымусіла ўнучку вывучыць доўгі верш па-ўкраінску. У выніку ўкраінская мова стала для дзяўчынкі другой па ліку, з якой яна пазнаёмілася. І хоць ведае яна яе сёння яшчэ горш, чым беларускую, аднак жа любіць, як і Мінск ды беларусаў, усёй душой.
«Ведаю, што цяпер многія хваравіта рэагуюць на словы, але хочацца нагадаць, што гэта людзі забіваюць іншых людзей, не літары», — завяршае Саша Зверава.
Чытайце таксама:
Саша Зверава: Мы з Эдуардам Бабарыкам больш не разам





