20 лютага, перад рэферэндумам, дзяржканал АНТ паказаў ролік пра хлопца. Згодна з сюжэтам, некалькі людзей затрымалі за рассылку лістоў членам камісій. Па версіі дзяржсмі, у лістах былі пагрозы, з іх распаўсюджваннем звязаныя каля 10 чалавек. У тым ліку паказвалі Рамана Карпука, і закадравы голас сцвярджаў што Раману плацілі па тарыфе 30 рублёў за 50 адпраўленых лістоў.

У відэа АНТ былі паказаныя тэксты лістоў, але нейкіх сур'ёзных пагроз у іх не відаць. Затое можна заўважыць заклік лічыць галасы сумленна, паведамляць аб парушэннях падчас рэферэндуму, а таксама спіс артыкулаў Крымінальнага кодэкса з адказнасцю за фальсіфікацыі.

З заяўленых 10 чалавек цяпер судзяць толькі Рамана. Ён вучыўся на 1-м курсе ў Брэсцкім універсітэце імя Пушкіна (праўда, пакуль сядзеў у ізалятары ў чаканні суда, быў адлічаны). На судзе распавёў, што ў 2021 годзе займаўся распаўсюджваннем апазіцыйнага самвыдату «Брэсцкі час». З тэлеграм-чата гэтай газеты ў снежні даведаўся, што рыхтуецца рассылка лістоў членам выбарчых камісій. Прапаноўвалася разаслаць пэўны тэкст, і хлопец адгукнуўся. Яго дадалі ў іншы тэлеграм-чат, і 29 студзеня 2022 ён адправіў першыя 49 лістоў. 7 лютага адправіў яшчэ 50 штук. А 8 лютага яго з маці затрымалі.

Дома пры вобшуку ў яго знайшлі яшчэ 100 канвертаў. На гэтых канвертах адпраўніком быў паказаны Андрэй Грушко. А на лістах, якія Раман паспеў адаслаць, у гэтай якасці паказаны Аляксандр Семянчук. Абодва — вядомыя брастаўчанам суддзі, якія неаднаразова выносілі палітычна матываваныя прысуды.

Раман Карпук прызнаны палітвязнем. Падтрымаць яго (лістом, грашовым пераводам) можна па адрасе: СІЗА-7. 224030, г. Брэст, вул. Савецкіх пагранічнікаў, 37.

Клас
1
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
4
Абуральна
24