Фота depositphotos.com.

Фота depositphotos.com.

Згодна з новым даследаваннем універсітэта Джона Хопкінса, лакдаўны ва ўсім свеце падчас пандэміі знізілі смяротнасць ад кавіду ўсяго на 0,2%. Такім чынам, яны не праявілі сябе як эфектыўны спосаб зменшыць смяротнасць падчас пандэміі, піша nationalpost.com.

Важна, што ў гэтым даследаванні навукоўцы вывучалі ўплыў лакдаўна выключна на паказчыкі смяротнасці. Яны не даследавалі ўплыў лакдаўна на колькасць хворых ці шпіталізаваных.

Закрыццё навучальных устаноў і межаў, а таксама абмежаванне свабоды сходаў, як і лакдаўны, таксама не мелі значнага ўплыву на смяротнасць. Напрыклад, закрыццё межаў знізіла смяротнасць ад кавіду толькі на 0,1%.

З улікам таго, што лакдаўны маюць і дрэнныя наступствы (напрыклад, для эканомікі), аўтары працы парэкамендавалі адмовіцца ад іх як ад інструмента рэгулявання пандэміі.

Якія ж меры тады аказаліся карыснымі? Навукоўцы ацанілі закрыццё ўстаноў, праца якіх не з’яўляецца жыццёва неабходнай, напрыклад, бараў. Даследчыкі лічаць, што такая мера, магчыма, знізіла смяротнасць ад кавіду на 10%.

Сваю працу навукоўцы заснавалі на аналізе іншых даследаванняў па тэме, у якіх таксама былі цікавыя высновы. Так, адна з тых прац сведчыла, што закрыццё рэстаранаў і абавязковае нашэнне масак сапраўды дапамаглі знізіць смяротнасць, але пры гэтым закрыццё спа-цэнтраў не прынесла ніякай карысці.

Згодна з іншай працай, якую вывучылі даследчыкі з універсітэта Хопкінса, поўныя лакдаўны і хуткае закрыццё межаў, магчыма, дапамаглі значна знізіць колькасць выпадкаў кавіду. Аднак гэтыя меры чамусьці не паўплывалі так моцна на смяротнасць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0