grodnensis.by

grodnensis.by

«Наша Бацькаўшчына перажывае нябачаны да гэтага часу грамадска-палітычны крызіс, які з дня на дзень паглыбляецца. У міралюбнай і памяркоўнай Беларусі — а менавіта такой нашу краіну ведаюць у свеце — брат падняў руку на брата, у выніку чаго пралілася кроў і шмат людзей пацярпела.

Вялікую трывогу выклікае сёння і складаная эканамічная сітуацыя. Нам пагражае міжнародная ізаляцыя. Раскол грамадства павялічваецца, што не абяцае яму добрай будучыні, бо, як кажа Хрыстос: «Кожнае валадарства, падзеленае само ў сабе, спусташаецца; і кожны горад ці дом, падзелены сам у сабе, не выстаіць». Усё часцей можна пачуць думку, што рэальнай становіцца пагроза грамадзянскай вайны, аб чым ніхто з нас не мог нават і падумаць яшчэ некалькі месяцаў таму.

Вядома, што для эфектыўнага лячэння хваробы найперш неабходна паставіць дыягназ, каб потым прызначыць адпаведнае лячэнне. Падобна павінна быць і пры вырашэнні цяперашняга крызісу, які дасягнуў свайго апагею пасля нядаўніх прэзідэнцкіх выбараў», — зазначыў арцыбіскуп.

«На пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя мы атрымалі свабоду. Гэта вялікі, выпакутаваны нашым народам дар, але адначасова і вялікае заданне. Наш народ прайшоў праз цяжкія выпрабаванні атэістычна-таталітарнага рэжыму і выстаяў ва ўмовах несвабоды. Але ці ведаем, як выстаяць у свабодзе? Найноўшая гісторыя паказала, што не. Прывабнае слова «свабода» мы прынялі як магчымасць жыць без абмежаванняў і адказнасці, без захавання Божага закона.

Прымаюцца супярэчныя ўстаноўленаму Богам парадку законы, якія вядуць да маральнай разбэшчанасці, разбураюць сям’ю як падмурак грамадства, не шануюць Божы дар жыцця і ім маніпулююць, прапагандуецца антыдухоўная культура,

рэлігія не дапускаецца ў навучальныя ўстановы, у сілавыя структуры і пенітэнцыярныя ўстановы, не ўрэгуляваны адносіны паміж рэлігійнымі арганізацыямі і дзяржавай, а існуючае заканадаўства аб рэлігійных арганізацыях і свабодзе веравызнання ўжо даўно не адпавядае рэчаіснасці і прынятым у свеце стандартам.

У выніку рэлігійныя арганізацыі не могуць у поўнай меры рэалізаваць свае магчымасці найперш у справе выхавання на вечных і нязменных духоўных каштоўнасцях новага чалавека, які будзе адказна і сумленна выконваць свае абавязкі і паступаць так, каб у будучыні не ўзнікалі складанасці, з якімі мы цяпер сутыкнуліся і не ведаем, як іх вырашыць. Добры вернік — гэта добры грамадзянін сваёй краіны, які клапоціцца пра яе духоўнае дабро і матэрыяльны дабрабыт.

Узніклы крызіс — гэта непазбежнае наступства граху беззаконня. Таму неабходна прызнаць грэх — асабісты і калектыўны — і пакаяцца з мэтай перамены нашага жыцця. Замест хлусні павінна запанаваць праўда, замест зла — дабро, замест нянавісці — любоў, замест асуджэння — прабачэнне, замест згубных падзелаў — еднасць.

У складанай сітуацыі ўсведамляючы адказнасць за нашу будучыню, якая ляжыць на кожным з нас, звяртаюся да вернікаў і да ўсіх людзей добрай волі з просьбай у верасні аб асаблівай малітве праз заступніцтва святога Арханёла Міхала ў інтэнцыі Беларусі, спынення эскалацыі канфлікту і хутчэйшага вырашэння крызісу» — рэзюмаваў Тадэвуш Кандрусевіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1