Увечары 3 мая брэсцкія памежнікі затрымалі грамадзянку Расіі непадалёк ад польскай мяжы, паведамляе Дзяржпагранкамітэт.

Першапачаткова дзяўчына заявіла, што шукала паблізу краму. «Пры гэтым для шопінгу ў яе быў спецыфічны багаж: палатка, спальны мяшок і торба з рэчамі. Пазней высветлілася, што ў смартфоне былі нават карты некалькіх участкаў беларуска-польскай мяжы», — распавялі ў Дзяржпамежкамітэце.

Пасля жыхарка Цвярской вобласці распавяла: у пачатку года ў Індыі пазнаёмілася з мужчынам з Францыі, а цяперашняя абстаноўка ў свеце не дазваляе ёй наведаць каханага чалавека. Менавіта таму яна вырашыла незаконна перасекчы мяжу.

У дачыненні да грамадзянкі Расіі пачаты адміністрацыйны працэс. За незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы і парушэнне памежнага рэжыму яе чакае дэпартацыя з забаронай уезду ў Беларусь на пяць гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0