Што падаражэла?
10. Запалкі, 1 карабок (+20%, 0,05 рубля — 2018, 0,06 рубля — 2019)
Гэта можа падацца несур’ёзным, але адкрываюць наш топ падаражэнняў запалкі. Наўрад ці некага заклапоціць рост на 1 капейку, але для карабка запалак гэта ажно 20 працэнтаў.
9. Фотакамера лічбавая (+21,74%, 381,09 рубля — 2018, 463,94 рубля — 2019)
Здавалася б, смартфоны выцясняюць з нашага жыцця камеры, але гэта не перашкаджае фотаапаратам заўважна даражэць. Так, за год фотакамеры дадалі ў цане амаль 22 працэнты, ці 83 рублі ў абсалютным вымярэнні.
8. Крупы ячныя, 1 кг (+22,52%, 1,11 рубля — 2018, 1,36 рубля — 2019)
За год крупы сур’ёзна падаражэлі. Манка — на 14 працэнтаў, пярлоўка — на 22,5, а пра проса і грэчку мы яшчэ пагаворым. Ураджаі культур у суседніх краінах, адкуль крупы трапляюць у Беларусь, падаюць, што адбіваецца на іх цэнах у крамах.
7. Крупы прасяныя, 1 кг (+22,97%, 2,22 рубля — 2018, 2,73 рубля — 2019)
З просам сітуацыя аналагічная пярлоўцы, але прасяныя крупы ў абсалютных велічынях падаражэлі ў два разы больш істотна, чым пярловыя. Проса дадало ў цане 51 капейку, а пярлоўка — 25 капеек.
6. Музычныя мікрасістэмы (+26,06%, 340,13 рубля — 2018, 428,76 рубля — 2019)
Час бяжыць, мяняюцца тэхналогіі і носьбіты інфармацыі: былі касеты, потым дыскі, цяпер флэшкі. Застаецца жаданне слухаць музыку. Музычныя цэнтры за год прыплюсавалі амаль 90 рублёў да цаны, падаражэўшы на 26 працэнтаў.
5. Плашч жаночы (+31,83%, 124,61 рубля — 2018, 164,27 рубля — 2019)
У той час, калі мужчынская куртка з плашчовай тканіны падаражэла за год толькі на 49 капеек, жаночы плашч дадаў у цане амаль 40 рублёў!
4. Бананы, 1 кг (+34,62%, 2,34 рубля — 2018, 3,15 рубля — 2019)
2019 год адзначыўся ростам цэн на бананы па ўсім свеце праз распаўсюд грыбковага захворвання на плантацыях у Эквадоры, які з’яўляецца адным з найбуйнешых экспарцёраў трапічных фруктаў у свеце.
Гэта ўсё вылілася ў падаражэнне бананаў у Беларусі больш чым на траціну.
3. Крупы грэцкія, 1 кг (+40,49%, 1,63 рубля — 2018, 2,29 рубля — 2019)
Лідар па росце сярод круп — грэчка. Сітуацыя з гэтай культурай настолькі сур’ёзная, што рост цэн на яе быў узяты пад дзяржаўны кантроль. А ўсё праз мінімальны за 5 год ураджай у Расіі, дзе назіраецца дэфіцыт і высокі попыт на гэты прадукт.
2. Часнок, 1 кг (+40,49%, 4,9 рубля — 2018, 7,28 рубля — 2019)
Часнок — культура, вельмі патрабавальная да ўмоў вырошчвання і перазімоўкі. Пасадка часнаку, догляд і асабліва яго ўборка патрабуюць ручной працы, адсюль высокі сабекошт і пастаянны рост цаны.
1. Яблыкі, 1 кг (+54,2%, 1,31 рубля — 2018, 2,02 рубля — 2019)
Так, найбольшы рост паказалі яблыкі. Летась у Беларусі сабралі на траціну менш яблыкаў у параўнанні з рэкордным ураджаем у 2018 годзе. Таксама існуе праблема кааперацыі фермераў і буйных рытэйлераў: першыя не могуць задаволіць патрэбны аб’ём у гіпермаркетах, а таксама ім часам больш выгадна прадаваць яблыкі ў Расію.
А што ж патаннела?
10. Сшытак, у пераліку на 12 старонак (-7,69%, 0,26 рубля — 2018, 0,24 рубля — 2019)
Як і ў выпадку з запалкамі, гэты топ адкрывае вельмі танны тавар. Дзве капейкі — не істотна. Але калі ў сям’і шмат дзяцей, за год, магчыма, і ўдалося нешта сэканоміць.
9. Хлеб і батон з пшанічнай мукі першага гатунку, 1 кг (-7,73%, 1,94 рубля — 2018, 1,79 рубля — 2019)
Заўжды падаецца, што прадукты першай патрэбы даражэюць хутчэй за астатнія. Але вы моцна здзівіцеся таму, што хлебабулачныя вырабы за год акурат патаннелі. На 15 капеек у пераліку на буханку.
8. Рыба салёная і вэнджаная далікатэсная, 1 кг (-9,29%, 41,57 рубля — 2018, 37,71 рубля — 2019)
Рыбныя далікатэсы істотна патаннелі за год. Так, кіло далікатэснай салёнай або вэнджанай рыбы патаннела амаль на 4 рублі, і гэта яшчэ не ўсё. Бо ікра патаннела яшчэ больш, але пра гэта пазней.
7. Дублёнка жаночая (-10%, 735,85 рубля — 2018, 662,24 рубля — 2019)
Жаночыя дублёнкі за год патаннелі на 10 працэнтаў, ці на 73 рублі і 61 капейку ў абсалютных велічынях. Найбольш істотнае падзенне цэнаў.
6. Флэш-карта (-10,3%, 21,26 рубля — 2018, 19,07 рубля — 2019)
Флэшкі перастаюць быць рэчамі першай неабходнасці з распаўсюдам воблачных сховішчаў інфармацыі і тэлефонаў з вялікім памерам унутранай памяці. Але калі спатрэбіцца набыць носьбіт інфармацыі, майце на ўвазе, што флэшкі патаннелі больш чым на 10 працэнтаў.
5. Вінаград, 1 кг (-11,15%, 5,29 рубля — 2018, 4,70 рубля — 2019)
Пакуль цэны на яблыкі і бананы раслі, вінаград прадэманстраваў зніжэнне на 11%. Кіло ў сярэднем патаннела амаль на 60 капеек. Часткова зніжэнне цэнаў звязанае з крызісам перавытворчасці ў Малдове, дзе вінаграду вырабляюць нашмат больш, чым трэба прадпрыемствам, таму шмат ягад ідзе на экспарт па нізкіх цэнах.
4. Буракі, 1 кг (-15%, 0,8 рубля — 2018, 0,69 рубля — 2019)
У гэтым годзе аграрыі адзначылі рост ураджаю буракоў, што не магло не адбіцца на цане гародніны. Так, буракі ў сярэднім патаннелі на 11 капеек, ці ў адносных велічынях на 15 адсоткаў.
3. Ікра ласасёвых рыб, 1 кг (-16,5%, 123,97 рубля — 2018, 103,51 рубля — 2019)
Мы жывём у дзіўны час, калі чырвоная ікра становіцца ўсё больш даступнай, хаця ўзровень жыцця расце не так хутка. Няўжо хутка гэты далікатэс перастане быць дарагім?
2. Морква, 1 кг (-25,84%, 0,89 рубля — 2018, 0,66 рубля — 2019)
Істотнае зніжэнне цэнаў на айчынную гародніну звязанае з высокім ураджаем у 2019 годзе. Так, цана на моркву знізілася на чвэрць. Гэта не можа не радаваць, але гэта яшчэ не ўсё.
1. Капуста, 1 кг (-29,55%, 0,88 рубля — 2018, 0,62 рубля — 2019)
А вось і лідар нашага рэйтынгу. Капуста патаннела амаль на 30 працэнтаў дзякуючы добраму ўраджаю гародніны ў мінулым годзе. Так, ураджайнасць вырасла амаль на 50 цэнтнераў з гектара, што дазволіла знізіць цэны для пакупнікоў.
Каб не прапусціць самыя танныя прапановы, гартайце акцыйны буклет ад «ГІПА»: