Пісьменнік Саша Філіпенка расказаў Еўрарадыё пра свой новы раман. Кніга заснавана на рэальных падзеях. Яна называецца «Цень адчыненых дзвярэй». Тэкст скончаны літаральна днямі.

«Гісторыя зноў [як і ў рамане «Чырвоны крыж». — Еўрарадыё] заснаваная на рэальных падзеях, таму што мне вельмі падабаецца, калі ў тэксце ёсць дакумент і ёсць мастацкая частка. Мне падабаецца, калі яны разам працуюць. Я зноў вярнуўся ў сучаснасць з падарожжа ў мінулае.

Гэтая гісторыя здарылася ў Расіі некалькі гадоў таму. Калі сцісла, то гэта гісторыя пра дабро і пра наступствы дабра. Пра тое, як мы робім дабро, але гэта можа абярнуцца вялікай трагедыяй. Гэтая гісторыя павінна падняць праблемы прымусовай медыцыны, якія да гэтага часу ёсць у расійскім грамадстве».

На думку Філіпенкі, у пісьменніка, у адрозненне ад журналіста, ёсць магчымасць працаваць над нейкай сацыяльнай тэмай некалькі гадоў. Праз кнігу праблему можна ізноў падняць у грамадстве.

«На стадыі задумы былі прададзены правы на раман у Нямеччыну і ў Францыю. Ёсць адчуванне таго, што на гэтую тэму будуць гаварыць. І я б хацеў на яе пагаварыць, таму што ў Расіі адбываюцца жахлівыя штукі, якія датычацца прымусовай медыцыны, асабліва ў дачыненні да дзяцей.

Дзяцей з дзіцячага дома ў Расіі адпраўляюць на адпачынак на мора. Яны там выдатна праводзяць час і шчаслівыя. А потым сярод 150 дзяцей, якія з'ездзілі на мора, здараецца чарада самагубстваў. І следчы адпраўляецца ў маленькі правінцыйны гарадок для таго, каб зразумець, што адбылося».

Якая менавіта рэальная гісторыя стала асновай для сюжэта, Саша Філіпенка не ўдакладняе. «Цень адчыненых дзвярэй» стане яго пятай кнігай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?