Фота Сяргея Гудзіліна
У МЗС Беларусі пацвярджаюць, што ва Уладзіміра Макея ў апошні час было некалькі размоваў з кіраўніцтвам Дзяржаўнага дэпартамэнта ЗША. Але дэталі размоваў у ведамстве не раскрываюць, піша Tut.by.
— Мы можам пацвердзіць, што ў апошні час адбылося некалькі тэлефонных размоваў паміж кіраўніцтвам МЗС Беларусі і Дзяржаўным дэпартаментам ЗША. У ходзе гэтых гутарак абмяркоўваліся розныя аспекты беларуска-амерыканскіх адносін, у тым ліку, і магчымасці іх паляпшэння. Згодна з правіламі дыпламатычнай этыкі дэталі гэтых перамоваў не выдаюцца, — распавёў TUT.BY прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз.
Нагадаем, амерыканскі часопіс Foreign Policy паведаміў, што кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей 10 студзеня апавясціў Вашынгтон аб зняцці абмежаванняў на колькасць амерыканскіх дыпламатаў у Мінску.
«Гэта вялікі крок. Гэта пачатак адлігі», — сказаў Foreign Policy неназваны амерыканскі чыноўнік.
З 2008 года амерыканскае пасольства ў Мінску функцыянуе ва ўрэзаным складзе, без пасла. Спачатку быў усталяваны ліміт у пяць дыпламатаў, але паступова ён быў пашыраны да 10, паведамляе амерыканскае выданне.