У пятніцу 6 ліпеня пасля пасяджэння ў судзе Ленінскага раёна Брэста актывісты правялі флэшмоб. Яны паднялі ўверх аркушы, на якіх былі раздрукаваны фотакопіі карціны нідэрландскага мастака Давіда Герарда «Суд Камбіса», на якой з прадажнага суддзі здзіраюць скуру. Карціна была напісана для залы судовых пасяджэнняў у ратушы Бруге і была закліканая нагадваць пра неабходнасць судзіць справядліва, паведамляе Брэсцкая газета.

Акрамя таго, удзельнікі флэшмобу склалі скаргі на імя старшыні суда з просьбай правесці праверку дзеянняў суддзі.

Флэшмоб пачаўся пасля разгляду адміністрацыйных спраў у дачыненні да Дзмітрыя Бекалюка і Алега Ярмоленкі. Іх прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасці за збор подпісаў за адстаўку кіраўніцтва Брэста, Брэсцкага раёна і Брэсцкай вобласці ў сувязі са стратай даверу. Праваахоўнікі палічылі гэта несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам (артыкул 23.34 КаАП РБ).

Дзмітрый Бекалюк хадайнічаў пра выклік у суд сведак у асобе супрацоўнікаў міліцыі, якія запісвалі затрыманне, а таксама пра выпатрабаванне відэазапісаў, зробленых імі, для аб'ектыўнага разгляду справы. Суддзя Святаслаў Каліна адмовіў у задавальненні хадайніцтва. Разгляд гэтай справы, як і справы Алега Ярмоленкі, працягнецца 11 ліпеня з удзелам адвакатаў.

Аляксандр Кабанаў, Дзмітрый Бекалюк і Алег Ярмоленка ў судзе (злева направа).

Аляксандр Кабанаў, Дзмітрый Бекалюк і Алег Ярмоленка ў судзе (злева направа).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0