Суражскія лясы ў Віцебскім рэгіёне перажываюць нашэсце мядзведзяў. На прыгранічных тэрыторыях з-за лясных пажараў у Расеі стала з'яўляцца ўсё больш небяспечных драпежнікаў. Звяры ў пошуках ежы зазіраюць у найбліжэйшыя вёскі і буйныя пасёлкі, паведамляецца ў матэрыяле тэлеканала АНТ. 

Дождж змыў сляды няпрошанага госця, але засталіся змятая трава і разбураны мурашнік. Гэта вынік начной прагулкі мядзведзя, упэўнены жыхары вёскі Лазаватка. Пётр Пашкевіч, жыхар в. Лазаватка: «Выходзіць на дарогу туша, падымаецца на заднія лапы і стаіць. Мне, вядома, страшна. Хвіліны тры мядзведзь пастаяў і сышоў». Першае ў жыцці сэлфі Пётр Пашкевіч зрабіў адразу пасля сустрэчы з мядзведзем, побач з дрэвам, дзе драпежнік пакінуў сляды сваіх кіпцюроў. На фота бачная і адбітак лапы на пяску. Вакол ды каля мядзведзь хадзіў не вельмі доўга.

Ад візіту ў вёску першымі пацярпелі ўладальнікі пчальнікоў. Замест мёду засталіся разбураныя пчаліныя домікі. Вяскоўцам давялося прымаць экстраныя меры. Цяпер вуллі тут знаходзяцца за калючым дротам.

Лес на гарызонце — тэрыторыя Расіі. Ад вёскі Лазаватка да мяжы прыкладна кіламетры тры. Два гады таму вяскоўцы назіралі, як ва ўсходніх суседзяў бушуюць лясныя пажары. З тых часоў мядзведзі сталі частымі гасцямі. Каб звер не набліжаўся да жылых дамоў, вакол пабудоў развесілі пустыя бляшанкі. Хай і не вельмі сур'ёзная, але сігналізацыя.

Парушальніку спакою ўсяго два гады. Мядзведзь малады. Такія жывёлы ў мясцовых лясах становіцца ўсё больш. Гэта фіксуюць фотапасткі Суражскага лясгаса. Калі 10 гадоў таму ў ваколіцах блукаў адзін мядзведзь, то цяпер іх мінімум 35. Управу на мядзведзя знайсці няпроста, падкрэсліваюць эколагі. Драпежнік занесены ў Чырвоную кнігу. У Беларусі паляваць на яго нельга. Эколагі, з аднаго боку, задаволены — папуляцыя аднаўляецца. З іншага боку, абараніць чалавека могуць толькі аблавы са стральбой у паветра, каб спалохаць жывёлу і адбіць ахвоту набліжацца да вёсак.

Ірына Норкус, галоўны спецыяліст Віцебскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя: «Калі ён пойдзе на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, то яму там не будзе чаго есці. Інстынкт яго прымусіць вярнуцца. Будуць прымацца меры, каб адлавіць і перасяліць, але гэта адбудзецца ў скрайнім выпадку». Адносны спакой вяскоўцам абяцаюць толькі ўзімку, калі мядзведзі лягуць у спячку, а пакуль прапануюць будаваць платы вакол дамоў і імкнуцца пазбягаць сустрэч з драпежнікам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0