Міністэрства абароны Беларусі прызнала факт правядзення на тэрыторыі краіны сумесных вучэнняў з вайсковай авіяцыяй Расіі. Некалькімі гадзінамі раней начальнік упраўлення інфармацыі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы вайсковага ведамства Уладзімір Макараў заяўляў, што яму нічога не вядома пра тое, што на мінулым тыдні на аэрадроме 61-й знішчальнай авіябазы знаходзіліся расійскія вайсковыя самалёты, а ў раёне Баранавічаў праводзіліся вучэнні.

«У ВПС і войсках СПА Рэспублікі Беларусь завяршыўся этап сумеснай камандна-штабной трэніроўкі па кіраванні авіяцыяй і вайсковымі часцямі супрацьпаветранай абароны, якія ўваходзяць у Адзіную рэгіянальную сістэму супрацьпаветранай абароны Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі, — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Мінабароны. — У трэніроўцы прынялі ўдзел самалёты Су-27 і Су-34 Паветрана-касмічных сіл Расійскай Федэрацыі».

Як адзначаецца ў паведамленні, «мерапрыемства з'яўляецца планавым і дасць магчымасць павысіць узровень падрыхтоўкі кіруючага складу ВПС і войскаў СПА Рэспублікі Беларусь і Паветрана-касмічных сіл Расійскай Федэрацыі па кіраванні падначаленымі злучэннямі і вайсковымі часцямі, а таксама зладжанасць сумесных дзеянняў лётных экіпажаў дзвюх краін».

У цяперашні час працягваецца другі этап трэніроўкі, у якім удзельнічае авіяцыя ВПС і войскаў СПА Беларусі, паведаміла Мінабароны.

Аб прылёце ў Баранавічы Су-34 і вучэннях, якія праводзіліся з беларускай вайсковай авіяцыяй падчас буйных манеўраў НАТА ў Польшчы, паведаміў intex-press.by.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?