УП «Гаражы, аўтастаянкі і паркоўкі» прапануе ўдвая павялічыць плату за карыстанне паркоўкамі ў Мінску, паведаміў на прэс-канферэнцыі 16 чэрвеня намеснік галоўнага інжынера прадпрыемства Аляксандр Ліштван.

Паводле яго слоў, маскоўскі досвед паказвае, што платныя паркоўкі павінны быць запоўненыя не больш чым на 90-95%. «Гэта для таго, каб, калі чалавек спазняецца і яму не шкада грошай за паркаванне, прыехаў і змог паставіць свой аўтамабіль. На сённяшні дзень у Мінску дзве найбольш папулярныя паркоўкі, з іх самая дарагая — Верхні горад (кошт адной гадзіны — 20 тысяч рублёў), другая — Прывакзальная плошча (10 тысяч рублёў). Але ў Верхнім горадзе паркоўка часта перапаўняецца, і часам для заезду стаяць чэргі. Такая праблема і на Прывакзальнай плошчы. Я думаю, што 20 і 10 тысяч — гэта мала», — адзначыў Ліштван.

Неабходнасць узняцця платы, лічыць ён, «дыктуе само жыццё». «Трэба павялічваць, і ў нашых планах гэта ёсць, але мы, як дзяржпрадпрыемства, усе свае дзеянні павінны ўзгадняць з Мінгарвыканкамам. Таму, калі гэта будзе, я вам дакладна не скажу», — падкрэсліў спецыяліст.

Ён нагадаў, што старшыня Мінгарвыканкама паставіў задачу па павелічэнні платных парковак да 2 тысяч машына-месцаў да канца года і росту іх ліку ў далейшым. Сёння ў Мінску працуе 24 паркоўкі на 1370 месцаў. Ліштван паведаміў, што да канца 2016 года будуць арганізаваныя платныя паркоўкі на вуліцы Кульман каля Камароўскага рынку, на вуліцах Дарашэвіча, Куйбышава і Акадэмічнай. «Пакуль гэтыя планы намечаныя, мы іх выконваем, зрабілі стэнды з інфармацыяй, як аплачваць паркоўку», — паведаміў Ліштван. Усяго да канца года плануецца адкрыць новых парковак на 600 машына-месцаў.

Прадстаўнік прадпрыемства адзначыў праблему з перахопліваючымі стаянкамі на ўездах у горад. Паводле яго слоў, яны сёння не карыстаюцца папулярнасцю — у сярэднім 10 аўтааматараў у дзень на кожную стаянку.

«Гэтыя стаянкі спецыяльна не будаваліся. Цяпер выкарыстоўваюцца тыя, якія раней былі пабудаваныя з іншымі мэтамі. Напрыклад, ва Уруччы стаянка будавалася да Алімпіяды-1980. Цяпер там перахопліваючая стаянка ў крокавай даступнасці ад метро. Мы паставілі мінімальную цану 500 рублёў у гадзіну. Калі чалавек едзе на працу ў Мінск, не трэба мучыцца з заторамі і месцамі для паркоўкі. За 10 гадзін аддаць 5 тысяч - гэта не дорага і параўнальна з праездам у грамадскім транспарце. Але ажыятажу няма», — адзначыў Ліштван.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?