Рост тарыфаў прадугледжаны праектам Дзяржаўнай праграмы развіцця транспартнага комплексу Беларусі на 2016—2020 гады, які па даручэнні ўрада распрацавала Міністэрства транспарту і камунікацый. 

«Гэты дакумент прадугледжвае паступовае давядзенне да 2020 года тарыфаў да ўзроўню, які б забяспечваў павышэнне эканамічнай эфектыўнасці пасажырскіх транспартных паслуг», — гаворыцца ў артыкуле намесніка начальніка ўпраўлення фінансаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі, транспарту і сувязі Мінфіна Галіны Прановіч, апублікаваным у апошнім нумары часопіса «Финансы, учет, аудит», што выдаецца міністэрствам. 

Павысіць акупнасць пасажырскіх перавозак плануецца таксама за кошт зніжэння затрат на іх. 

Прадстаўнік Мінфіна канстатавала, што тарыфная палітыка, якая сёння прымяняецца дзяржавай, накіравана на стрымліванне цэн на пасажырскія перавозкі ў параўнанні з іх рэальным коштам.

«У выніку транспартныя арганізацыі рэспублікі за кошт атрыманай выручкі ад продажу сваіх паслуг насельніцтву кампенсуюць панесеныя затраты толькі часткова: за 2014 год паказчык склаўся на ўзроўні 58% расходаў, у 2015 годзе (па ацэнцы) складзе каля 62%. Астатняя сума пакрываецца за кошт бюджэту», — зазначае Прановіч. 

Паводле звестак Мінфіна, прадастаўленне насельніцтву пасажырскіх транспартных паслуг патрабуе ад дзяржавы адшукання значных фінансавых рэсурсаў. «Разам з тым эканамічная палітыка Рэспублікі Беларусь накіравана на скарачэнне бюджэтных расходаў, у тым ліку галіновых, якія маюць сацыяльную скіраванасць», — падкрэслівае Прановіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?