З вядомых людзей кандыдата Таццяну Караткевіч падтрымалі хіба што эканаміст Сяргей Чалы і аўтар Стась Карпаў. Журналіст Віталь Цыганкоў назваў чатыры прычыны, чаму актыўная частка грамадства ўспрыняла кампанію Караткевіч крытычна. Перадусім, людзі не бачылі прыкмет рэальнай барацьбы. Кіраўнік штаба Караткевіч Андрэй Дзмітрыеў даслаў у «Нашу Ніву» адказ Віталю Цыганкову.

Першае, сацыялістычная праграма — Таццяна кажа пра развіццё прыватнага сектара, пра роўную канкурэнцыю ўсіх формаў уласнасці, пра тое, што трэба спыніць дзяржаўныя датацыі прадпрыемствам. Калі ж вам падаюцца «сацыялістычнымі» базавыя сацыяльныя гарантыі грамадзянам, то запрашаю ў Еўропу, дзе ужо апошнія гадоў трыццаць як мінімум правыя партыі ўключаюць гэта ў свае праграмы як аснову. Таму тут вы не маеце рацыі.

Праграму Таццяны на сучасным ідэалагічным слэнгу можна назваць цэнтрысцкай, сбалансаванай.

Другое, быццам Таццяна не рабіла нічога для вас як для выбаршчыка, а толькі думала пра «пераходны электарат». Спадзяюся, нягледзячы на тое, што вы журналіст незалежнага СМІ, вам таксама важныя пытанні якасці адукацыі, эканамічных рэформаў, павагі дзяржавы да грамадзяніна, выбары мэраў і абмежаванне прэзідэнцкіх тэрмінаў двума.

Але ж было і іншае, Таццяна паўсюль была з бел-чырвона-белым сцягам, хаця шмат раілі прыбраць яго, бо «пужае людзей». Яна казала пра неабходнасць адкрыцця беларускамоўнага ўніверсітэта ў Мінску, а таксама пра тое, што ў Беларусі не патрэбная расейская вайсковая база.

Гэта ўжо дакладна пункты, якія турбуюць вас, як выбаршчыка. Дык чым яна паказала, што вы яе не цікавіце, толькі канкрэтна. Што звярнулася падчас другой прамовы да Сяргея, а не да Віталя?

Што тычыцца «зруйнавання ўлады» ці пасады ва ўладзе. Таццяна ніколі не казала, што прыме. Я вось пакуль вынікам 20 гадоў «руйнавання» бачу толькі, што мы самі ў руінах. І адна з прычынаў для мяне відавочная, нам вельмі часта больш камфортна жыць у свеце «б», а не ў рэчаіснасці.

«А вось калі б прапанавалі?», «А вось калі б павіншавала», «А вось, калі б не падала скаргу», «А вось, калі б абралі адзінага і ім б быў прадстаўнік улады», «А вось, калі б прапусцілі ў парламент», «А вось, калі б…» і так бясконца. Але рашэнні мы прымаем сыходзячы з гэтага «б» тут, на месцы. Дзе ўлада нікому і нічога не прапаноўвае і не збіраецца, дзе прадстаўнкі ўлады едуць працаваць у Маскву і дзе вы, Віталь, не выказалі ніводнага аргумента, які базуецца на фактах. Прымальна для фэйсбук-фрэнда, дзіўна для журналіста. Таму,

калі вы супраць байкоту, але не пайшлі галасаваць, бо трымалі свае пункты ў галаве, то вы памыліліся. Ці змагаемся мы за вынікі? Так. Тым, што працягваем працаваць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?