На сайце ўрада Расійскай Федэрацыі апублікаваны тэкст Пагаднення паміж Расійскай Федэрацыяй і Рэспублікай Беларусь аб расійскай авіяцыйнай базе на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Згодна з арт. 3 Пагаднення расійская авіяцыйная база (РАБ) уваходзіць у склад Адзінай рэгіянальнай сістэмы супрацьпаветранай абароны Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь (АРССА) і вырашае задачы ў адпаведнасці з Палажэннем аб АРССА, уключаючы процідзеянне актам узброенага нападу з боку міжнародных тэрарыстычных фарміраванняў. Расійская авіяцыйная база не можа выкарыстоўвацца ў іншых мэтах, акрамя прадугледжаных Пагадненнем.

Месца дыслакацыі РАБ Пагадненнем не вызначана.

У сувязі з гэтым Пагадненнем пайшлі спрэчкі наконт адпаведнасці яго частцы другой арт. 18 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь: «Рэспубліка Беларусь ставіць за мэту зрабіць сваю тэрыторыю без’ядзернай зонай, а дзяржаву — нейтральнай». Справа ў тым, што Канстытуцыя наўпрост не забараняе змяшчаць у нас замежныя базы і ядзерную зброю (калі яе чытаць літаральна).

На жаль, у пытаннях такога кшталту Канстытуцыйны суд разглядае адпаведнасць законаў аб ратыфікацыі пагадненняў Канстытуцыі і заканадаўству менавіта не па сутнасці (не з пункту гледжання «духу закона»), а больш з працэдурна-фармальнага боку. Напрыклад, 17 кастрычніка 2012 года Канстытуцыйны суд прыняў рашэнне № Р-766/2012 «Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Закона Рэспублікі Беларусь «Аб ратыфікацыі Пратакола аб размяшчэнні аб'ектаў ваеннай інфраструктуры на тэрыторыях дзяржаў — членаў Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы»».

Так, КС РБ адзначае, што ў артыкуле 1 Пратакола прадугледжваецца, што дзяржавы-ўдзельнікі АДКБ прымаюць рашэнне аб размяшчэнні на сваіх тэрыторыях груповак войскаў, аб'ектаў ваеннай інфраструктуры дзяржаў, якія не з'яўляюцца членамі АДКБ, пасля правядзення неадкладных кансультацый (узгаднення) з іншымі дзяржавамі-ўдзельніцамі АДКБ і пры адсутнасці іх афіцыйных пярэчанняў. (Гэта азначае, што без дазволу дэ-факта Расіі мы на сваёй тэрыторыі нічыёй іншай базы (акрамя баз дзяржаў АДКБ) размясціць не зможам). Але ж надалей КС РБ разглядае не адпаведнасць Пратакола частцы другой артыкула 18 Канстытуцыі, а толькі фармальны бок — неабходнасці ратыфікацыі Пратакола ў форме закона.

Безумоўна, што РАБ у выніку стане мішэнню для блока НАТА. Але ж гэта пагроза ў выпадку маштабнай вайны.

Ёсць цікавыя моманты ў Пагадненні наконт нападу на РАБ у межах Беларусі.

Так, п. 4 арт. 3 Пагаднення надае права камандзіру РАБ пры пагрозе здзяйснення тэрарыстычнага акта па ўзгадненні з упаўнаважаным органам Беларускага Боку прыняць рашэнне аб прымяненні вайсковых фармаванняў РАБ для ўзмацнення аховы ваенных аб'ектаў Расійскай Федэрацыі. Трэба адзначыць, што пад аб’ектамі ў Пагадненні маюцца на ўвазе расійская авіяцыйная база ў месцах дыслакацыі і вайсковыя фармаванні РАБ, размешчаныя па-за месцамі дыслакацыі, а не існуючыя на тэрыторыі Беларусі аб’екты Расіі РЛС «Волга» і 43 радыёстанцыя ў Вілейцы.

Далей, пры ўзнікненні пагрозы жыцця і бяспекі асабоваму складу РАБ і членам сямей асоб з ліку асабовага складу РАБ па ўзгадненні з упаўнаважаным органам і кампетэнтнымі органамі Беларускага Боку можа выдавацца зброя з правам яе нашэння, захоўвання і прымянення па-за месцамі дыслакацыі РАБ на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь (арт. 11). Навошта нам расійскія вайскоўцы са зброяй у беларускіх гарадах і да чаго гэта можа прывесці — пытанне рытарычнае…

Для абароны расійскіх войскаў дастаткова было б крыху ўзмацніць існуючыя ў верагодных пунктах дыслакацыі РАБ (Баранавічах і Бабруйску) падраздзяленні Унутраных войскаў МУС РБ, а не даваць зброю расіянам.

Беларусь толькі ў межах дазволенага будзе ведаць, што насамрэч будзе адбывацца на РАБ, таму што нерухомая маёмасць РАБ недатыкальная, прадстаўнікі органаў улады Рэспублікі Беларусь не маюць права ўваходзіць у месцы дыслакацыі РАБ і на ваенныя аб'екты Расійскай Федэрацыі без згоды камандзіра РАБ (арт.10).

Доступ прадстаўнікоў упаўнаважанага органа і кампетэнтных органаў Беларускага Боку на тэрыторыю РАБ ажыццяўляецца са згоды камандзіра РАБ або асобы па заяўках упаўнаважанага органа Беларускага Боку (арт.15). Больш за тое,

транспартныя сродкі і паветраныя судны ўпаўнаважанага органа Расійскага Боку, якія выкарыстоўваюцца для забеспячэння жыццядзейнасці і функцыянавання РАБ, карыстаюцца імунітэтам ад вобшуку, рэквізіцыі, арышту і іншых прымусовых мер, у тым ліку забеспячальнага характару і выканаўчых дзеянняў.

Некаторыя палітычныя аглядальнікі выказвалі думку, што з падпісаннем гэтага пагаднення Лукашэнку будзе цяжка весці перамовы з Захадам, напрыклад, аб крэдытах. Але ці так гэта насамрэч? Справа ў тым, што

згодна з арт. 4 Пагаднення склад (тып і колькасць паветраных суднаў, узбраення і ваеннай тэхнікі, колькасць асабовага складу) расійскай ваеннай базы вызначаецца Расійскім Бокам па ўзгадненні з Беларускім Бокам. Такім чынам, і пасля ўступлення ў сілу Пагаднення Лукашэнку (у вызначаных межах) будзе чым «гандляваць» з Захадам. Цікава адзначыць, што ні Дамова аб нераспаўсюдзе ядзернай зброі, ні іншыя міжнародныя абавязальніцтвы Рэспублікі Беларусь не забараняюць размяшчэнне расійскага ядзернага ўзбраення на РАБ. А ўзгадненне ці неўзгадненне (альбо звычайны блеф на гэты конт) азмяшчэння расійскай ядзернай зброі на РАБ — гэта вельмі каштоўны «тавар».

Пагадненне пачынае часова прымяняцца па сканчэнні 10-дзённага тэрміну з даты яго падпісання і ўступае ў сілу з даты атрымання апошняга пісьмовага паведамлення аб выкананні Бакамі ўнутрыдзяржаўных працэдур. На працягу 3 месяцаў з дня ўступлення ў сілу Пагаднення Беларусь перадае зямельныя надзелы і нерухомую маёмасць РАБ. Пагадненне дзейнічае на працягу 15 гадоў і аўтаматычна працягваецца на наступныя перыяды па 5 год, калі ні адзін з Бакоў не накіруе другому Боку пісьмовае паведамленне аб сваім намеры спыніць яго дзеянне.

Такім чынам, час і прастора для «гандлю» ёсць…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?