Былы афіцэр КДБ Юрый Швец на слуханнях па справе аб забойстве Літвіненкі паведаміў, што яго таварыша маглі забіць з-за інфармацыі аб тым, як Пуцін у 90-х гадах «крышаваў» адмыванне грошай калумбійскага наркакартэля, паведамляе Бі-бі-сі.

Гаворка ідзе пра ўжо згаданае на слуханнях дасье на Віктара Іванова, цяперашняга дырэктара Федэральнай службы па кантролі за абаротам наркотыкаў і адной з давераных асоб прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна. Гэты дакумент быў складзены Юрыем Швецам у верасні 2006 года па замове Аляксандра Літвіненкі для кампаніі Titon.

Швец сцвярджае, што ўключыў у гэта дасье інфармацыю пра сувязі Пуціна і Іванова з так званай Тамбоўскай АЗГ, якая, у сваю чаргу, у 90-х гадах займалася наркагандлем і адмываннем грошай аднаго з калумбійскіх наркакартэляў.

На думку Швеца, гэта дасье не толькі стала прычынай зрыву важнай камерцыйнай здзелкі ад якой Віктар Іваноў, нібыта, планаваў асабіста атрымаць 10-15 млн долараў у выглядзе «адкату», але і магло сур'ёзна занепакоіць самога Уладзіміра Пуціна.

Грамадскае расследаванне, або, як яно называецца афіцыйна, адкрытае дазнанне па факце смерці Аляксандра Літвіненкі, праводзіцца па рашэнні Высокага суда, які такім чынам задаволіў прашэнне ўдавы Аляксандра Літвіненкі, Марыны.

Галоўная мэта расследавання — адказаць на пытанне, ці былі расейскія ўлады датычныя да гібелі Літвіненка.

Юрый Швец выключыў верагоднасць таго, што Аляксандр Літвіненка ці ўвогуле хто-небудзь за межамі Расіі мог быць забіты расійскімі спецслужбамі без адабрэння вышэйшай прадстаўніка ўладаў, якім у Расіі з'яўляецца Уладзімір Пуцін.

«Гэта правіла КДБ нумар адзін — прыкрыць сваю спіну. А прыкрыць сваю спіну можна толькі атрымаўшы дабро ад свайго начальніка. Асабліва ў Расіі, дзе яны кажуць аб пабудове вертыкалі ўлады, дзе ёсць толькі адзін адзіны бос, які прымае ўсе важныя рашэнні», — патлумачыў Швец.

«Любы генерал, уключаючы спадара Іванова або любога іншага генерала ФСБ, перад тым, як аддаць загад аб ліквідацыі Сашы ці каго заўгодна яшчэ ў Расіі ці за яе межамі, спачатку забяспечыць сабе прыкрыццё 00 на ўсялякі выпадак», — дадаў сведка.

Швец сам сябе апісвае як аднакурсніка Уладзіміра Пуціна.

«Толькі Пуцін апынуўся ў ліку аднаго працэнта няўдачнікаў на курсе, якіх прызналі нягоднымі для службы ў знешняй разведцы», - дадаў Швец.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0