Да ўрэгулявання сітуацыі на валютным рынку многія беларускія прадпрыемствы маюць намер прыпыніць працу.

Такія вынікі экспрэс-апытання прадпрыемстваў, паведаміла дырэктар Бізнес-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя прафесара Куняўскага Жанна Тарасевіч.»Асноўная маса прадпрыемстваў, згодна з нашым апытаннем, маюць намер прыпыніць свой бізнес, скараціць пастаўкі або прыпыніць продажы, таму што незразумела, што будзе далей», — зазначыла Тарасевіч. 

Апрача таго, як сведчаць вынікі апытання, у сувязі з сітуацыяй на валютным рынку суб'екты гаспадарання маюць намер аптымізаваць колькасць персаналу, паведаміла кіраўнік бізнес-саюза. «Прадпрыемствы маюць намер часткова скараціць супрацоўнікаў, каб выплачваць добрую зарплату астатнім работнікам. Існуюць і такія суб'екты гаспадарання, якія, у сувязі з наяўнай сітуацыяй, маюць намер дыверсіфікаваць свой бізнес», — паведаміла дырэктар бізнес-саюза. 

Яна выказала надзею на тое, што ў канчатковым выніку ўрад знойдзе рашэнне, якое ўрэгулюе сітуацыю на валютным рынку і дазволіць прадпрыемствам вярнуцца да нармальнай працы. «Я спадзяюся, урад і бізнес-супольнасць сумесна выпрацуюць рашэнне, якое будзе прымальнае для нас усіх», — падкрэсліла Тарасевіч. 

Як раней паведамлялася, шэсць беларускіх бізнес-саюзаў на мінулым тыдні адправілі ў органы дзяржкіравання, у тым ліку ў Адміністрацыю прэзідэнта, ліст у сувязі з сітуацыяй на валютным рынку. 

У ім зазначаецца, што пасля ўвядзення 30-працэнтнага падатку на біржавыя аперацыі па набыцці замежнай валюты і павелічэння нормы абавязковага продажу валютнай выручкі з 30% да 50% «рэзка змяніліся ўмовы гаспадарчай дзейнасці для пераважнай большасці камерцыйных арганізацый». Згодна з ацэнкамі бізнес-саюзаў, практычна ўсе прадпрыемствы ставяцца да прынятых на валютным рынку рашэнняў адмоўна. 

Кіраўнікі беларускіх бізнес-саюзаў у гутарцы з карэспандэнтам БелаПАН звярталі ўвагу на тое, што 30-працэнтны збор пры куплі замежнай валюты прадпрыемствы па дзейным заканадаўстве павінны выплачваць за кошт чыстага прыбытку. «Гэты збор даводзіцца выплачваць варварскім спосабам», — заявіў сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?