Паводле прагнозаў, на поўначы штата Нью-Ёрк у чацвер выпадзе яшчэ метр снегу. У сераду ў горадзе Бафала выпала 1,5 метра снегу, а на тэрыторыі ўсіх 50 амерыканскіх штатаў тэмпература ўпала ніжэй за нуль, у тым ліку і ў Фларыдзе і на Гаваях.

З-за непагадзі ў штаце Нью-Ёрк ужо загінулі сем чалавек.

Губернатар штата Эндру Куома назваў гэты снегапад гістарычнай падзеяй, якая паб'е ўсе рэкорды.

Куома таксама накіраваў больш за сотню рэзервістаў з Нацыянальнай гвардыі на дапамогу мясцовым уладам у расчыстцы дарог і эвакуацыі кінутых аўтамашын.

У выніку снегападу і рэзкага паніжэння тэмпературы некалькі чалавек загінулі таксама ў штатах Нью-Гэмпшыр і Мічыган.

У многіх месцах жыхары апынуліся зачыненымі ў дамах і машынах, занесеных высокімі гурбамі. Моцныя вятры і галалёд прывялі да шматлікіх аварый на дарогах і закрыцця многіх школ.

Джон Джайлоці, жыхар гарадка Іст-Арбар блізу Бафала, распавёў, што некаторыя людзі былі вымушаныя правесці каля паўтары сутак у сваіх машынах, якія затрымаліся ў снезе.

«Мне пашанцавала, што мяне не было там, дзе было яшчэ горш - у 15 хвілінах адсюль выпала больш за паўтара метра снегу. У нас выпала ўсяго крыху больш за метр, але сёння да вечара нам абяцаюць яшчэ сантыметраў 50-60, так што паглядзім», — кажа ён.

Нацыянальная метэаралагічная служба ЗША заяўляе, што ў некаторых месцах снегапад пабіў усе рэкорды. У адной мясцовасці за суткі выпала 193 сантыметры снегу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?