Следчы камітэт пачаў крымінальную справу ў дачыненні да аднаго з самых вядомых і паспяховых аграрыяў вобласці — дырэктара ТАА «Брэст-Травы» Міхаіла Флар'яновіча. Ён падазраецца ў атрыманні буйнога хабару ад нямецкага пастаўшчыка сельгастэхнікі.

Міхаіл Флар'яновіч і кіраванае ім ТАА «Брэст-Травы» — адзін з нешматлікіх паспяховых прыкладаў рэалізацыі дзяржаўнай праграмы імпартазамяшчэння. У 2011 годзе прадпрыемства, аснову якога складае кукурузакалібровачны завод, наведаў нават Аляксандр Лукашэнка, адзначыўшы паспяховасць праекта. Яшчэ б, бо дзякуючы ТАА «Брэст-Травы» Беларусі ўдалося адмовіцца ад імпарту амаль 70% насення кукурузы і нават пачаць яго экспарт ва Украіну. Зараз ідуць перамовы аб пастаўках беларускага насення кукурузы і ў Польшчу, і ў Расію. З улікам таго, што прадпрыемства плануе нарасціць магутнасці, у будучыні для пасеву кукурузы ў краіне будзе прымяняцца толькі айчыннае насенне, якое не саступае імпартнаму па ўраджайнасці.

У агульным аб'ёме дзяржава ўклала ў праект каля 250 млрд рублёў. І гэта рэдкі выпадак, калі грошы аказаліся ўкладзеныя з толкам. Аднак, як цяпер высветлілася, не ўсё так шчасліва ў «Дацкім каралеўстве».

Як паведамілі «Ежедневніку» ў Следчым камітэце, у дачыненні да М.Флар'яновіча распачата крымінальная справа па прыкметах здзяйснення ім злачынства па ч.2 арт.430 Крымінальнага кодэкса Беларусі (атрыманне хабару ў буйным памеры). Антыкарупцыйную аперацыю правялі супрацоўнікі Упраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі УУС Брэсцкага аблвыканкама падчас аператыўнага суправаджэння дзяржаўных закупак сельгастэхнікі для патрэб сельгаспрадпрыемстваў.

Як высветлілася ў ходзе правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў, дырэктар ТАА «Брэст-Травы», які таксама з'яўляецца дэпутатам Мухавецкая сельскага савета, атрымаў хабар 4500 еўра ад кіруючай прадстаўніцтвам нямецкай кампаніі. Грошы перадаваліся за станоўчае вырашэнне пытання па фінансаванні закупкі імпартнай сельскагаспадарчай тэхнікі.

Цікава, што ў якасці хабарадавальніка выступіла прадстаўніцтва даволі вядомай нямецкай кампаніі LTV Landmaschinen und Transporttechnik Vertriebsgesellschaft mbH. Гэта нямецкае гандлёвае прадпрыемства заснавана ў 1990 годзе для арганізацыі паставак сельскагаспадарчай тэхнікі і абсталявання вядучых нямецкіх вытворцаў на рынкі Усходняй Еўропы. Прадстаўніцтва гэтай кампаніі ўжо каля 20 гадоў працуе на рынку Беларусі і ўдзельнічала ў шмат якіх знакавых для краіны праектах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?