Вэнджаныя кілбасы, мяса, сала ўтрымліваюць канцэрагены — рэчывы, якія выклікаюць рак. Яны асаджваюцца на прадуктах з драўніннага дыму. Пра гэта дактары ведалі даўно, але цяпер Еўрасаюз зрабіў з гэтага практычныя высновы. Праз 9 месяцаў вяндліны будуць забароненыя да продажу. Гэта частка шырокай кампаніі, скіраванай на зніжэнне колькасці анкалагічных захворванняў. У тым жа рэчышчы вядзецца змаганне з курэннем і забруджваннем паветра.

Гедрус Судыкас, кіраўнік Аддзела друку і інфармацыі прадстаўніцтва Еўрапейскай Камісіі ў Літве, сказаў, што быў усталяваны трохгадовы пераходны перыяд, які скончыцца 1 верасні 2014, піша літоўская газета Lietuvos žinios.

Вэнджанне мяса — старадаўні прыём, частка агульнаеўрапейскай культурнай спадчыны. Кумпяк, кілбасы асабліва папулярныя на ўсходзе Еўропы. Менавіта таму Польшча, адзін з найбольшых вытворцаў вяндлін, выступала супраць забароны. Аднак ніякая іншая краіна яе не падтрымала.

Развіццё ведаў чалавецтва мяняе і звычкі.

Еўракамісія цяпер абмяркоўвае, ці магчыма змякчыць ажыццяўленне патрабаванняў, каб вяндліны не зніклі як від. Будуць шукаць новыя спосабы вэнджання ці паслявяндліннай апрацоўкі прадуктаў. Але зараз самі вытворцы павінны будуць даказваць, што ў іх вэнджаным мясе няма небяспечных для здароўя рэчываў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0