Уладзімір Пуцін і Віктар Януковіч абмяркоўвалі два асноўныя палітыка-эканамічныя пытанні. Гэта адносіны Украіны з Мытным саюзам і будучыня ўкраінскай газатранспартнай сістэмы і цэнаў на газ. Беларусь мае ўважліва прыглядацца да гэтай праблемы таксама, бо дачыненні Масквы і Мінска цесным чынам залежаць ад ўкраінска-расійскага газавага пытання.

Украінская эканоміка задыхаецца пад цяжарам захмарна высокіх цэнаў на расійскія нафту і газ. Калі Беларусь атрымлівае блакітнае паліва па 165 даляраў за тысячу кубоў, Украіна плаціць больш за 400! Тое самае і з нафтай. Гэта робіць украінскую прадукцыю неканкурэнтаздольнай і рэзка абніжае ўзровень жыцця сярэдняга ўкраінца.

Масква хоча прымусіць свайго найбольшага заходняга суседа да «беларускага варыянта» — перадачы газаправодаў на тэрыторыі Украіны пад кантроль «Газпрама». Менавіта канчатковы продаж «Белтрансгаза» прывёў да істотнага паніжэння цэнаў для Беларусі. Другім бонусам стала ўступленне нашай краіны ў Мытны саюз і Адзіную эканамічную прастору, фактычна, правобраз новай Расійскай імперыі, якая на гэты раз будуецца эканамічнымі і энергетычнымі вагарамі.

Мытны саюз Украіна для сябе выключае. Кіеў трымаецца стратэгічнага курсу на ўступленне ў Еўрасаюз. Над Дняпром еўраінтэграцыі лічаць зарукай захавання незалежнасці. А вось уласнасцю газатранспартнай сістэмы ўкраінскія прамыслоўцы гатовыя былі б падзяліцца. У Кіеве спадзяюцца, што гэта дапаможа абнізіць цэны хай сабе не да беларускага ўзроўню, але хаця б да 260–280 даляраў за куб. Іначай украінская металургія і хімія акажуцца стратнымі. А менавіта яны ствараюць аснову дзяржаўнага бюджэту. ВУП Украіны на душу насельніцтва і без таго ўжо ўдвая меншы за аналагічны паказчык Беларусі.

Як паведамляе газета «Коммерсант-Украіна» са спасылкай на крыніцы ў Мінэнерга Украіны, Кіеў і Масква ўжо больш за паўгода вядуць перамовы аб стварэнні кансорцыума на базе ўкраінскай ГТС ў абмен на зніжэнне цэны газу. Першы намеснік кіраўніка камітэта расійскай Дзярждумы па прыродных рэсурсах, прыродакарыстанні і экалогіі Валерый Язеў не выключае саступак Украіне па цане газу ў выпадку, калі перад Расеяй паўстане выбар — страціць ўкраінскі рынак або застацца на ім, знізіўшы цэны.

Паралельна Украіна распачала амбітную праграму разведкі і распрацоўкі радовішчаў сланцавага газу, атрымання вугальнага газу і разведкі на шэльфе Азоўскага мора. Дзякуючы дабудове новых перамычак украінскі «Нафтагаз» атрымаў першы газ з Захаду, са Славаччыны і Вугоршчыны. Тым не менш, расійскі газ застаецца найпершай крыніцай энергіі для Украіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?