У некаторых рэгіёнах Беларусі азімыя могуць пацярпець больш значна, чым у мінулыя гады, паведаміў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Васіль Паўлоўскі 4 красавіка на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Паводле папярэдняга прагнозу, у паўночных раёнах Беларусі гібель азімых чакаецца ў межах дапушчальнага — 6–10%, у паўднёвых — прыкладна на 2% больш. Аднак, зазначыў намеснік міністра, умовы надвор’я «выклікаюць асцярогі». «Калі ў мінулыя гады ў пачатку сакавіка снег сыходзіў, то сёння цвёрдай скарынкай ушчыльнены снег ляжыць на палях — ад 10 да 30 см, а ў паўночных раёнах — і да 50 см», — сказаў Паўлоўскі. Пры гэтым у паўднёвых раёнах зямля «практычна не змёрзлая».

Паўлоўскі нагадаў, што ў 2010 годзе, калі гібель азімых прагназавалася ў межах дапушчальных 6–10%, на 5-7-ы дзень вегетацыі высветлілася, што загінула значна больш пасеваў, напрыклад да 50% усяго азімага рапсу. Давялося перасяваць 245 тыс. га каласавых і больш як 190 тыс. га рапсу.

Сёлета Мінсельгасхарч таксама гатовы да перасеву часткі азімых. У страхавым фондзе 66 тыс. тон насення, акрамя таго, міністэрства вядзе перамовы з сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі канцэрна «Белдзяржхарчпрам», якія могуць мець неабходнае насенне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?