Аляксандр Дарковіч. «Ці то гены спрацавалі... Але прозвішча ў мяне дакладна не рускае, тады хто я?»

Аляксандр Дарковіч. «Ці то гены спрацавалі... Але прозвішча ў мяне дакладна не рускае, тады хто я?»

Айцец Даніла «пачаў вучыць мову, бо хацеў служыць для беларусаў у Беларусі».

Айцец Даніла «пачаў вучыць мову, бо хацеў служыць для беларусаў у Беларусі».

Днямі беларускаму класіку Максіму Багдановічу споўніўся б 121 год. Таленавіты паэт выхоўваўся ў Расіі, але вырас беларусам. У серыі «Размаўляй са мной па-беларуску» чатыры рускія хлопцы распавядаюць пра сваю любоў да беларускай мовы: нехта з іх піша вершы па-беларуску, нехта марыць ажаніцца з беларускай дзяўчынай, хтосьці прыехаў у Беларусь даказваць, што наша мова не памерла, а камусьці было проста шкада.

Аляксандр Дарковіч: «Дзетак гадаваць буду па-беларуску»

22 гады,нарадзіўся ў Белгарадзе, жыве ў Маскве

Нягледзячы на тое, што я ніколі не жыў у Беларусі і не гадаваўся ў беларускіх традыцыях (мне нічога не казалі ні пра гісторыю, ні пра мову і культуру), я меў патрэбу адчуваць сябе не такім, як усе.
Не ведаю, ці то гены спрацавалі (нейкія сваякі з боку таты паходзяць з Беларусі), ці проста ўпартасць. Але прозвішча ў мяне дакладна не рускае, тады хто я? Калі беларус, дык і гаварыць трэба на мове беларускай. Тут і выбару няма. Да ўсяго, я неяк не застаў (бо не жыў у Беларусі) усе гэтыя здзекі з мовы, непавагу.

Раней хацеў змяніць пашпарт на беларускі, але прыйшоў да высновы, што я беларус па крыві, гэта ў мяне ніхто не адбярэ. Калі ажанюся з беларускай дзяўчынай, тады і дзетак гадаваць будзем беларусамі, па-першае, на беларускай мове. І пашпарт мне не патрэбны цяпер. Не ён вызначае нацыянальнасць людзей.

Дзіўна мне, што ў беларускай шмат германізмаў і францызмаў. Любімае слова «навошта». Вось дзіўнае: «парасон». Чаму ў рускай мове гэты прадмет зусім па іншаму называецца? Ведаю, што яно з французскай, але чаму на ўсход не дайшло?

У Беларусі я сябе адчуваю чужым. Невыгодна ўвесь час гаварыць па-беларуску.
То бок, я, вядома, буду гэта працягваць, але, шчыра кажучы, калі мяне не разумеюць, робяць штораз квадратныя вочы, і кажуць: «Чаго ты да нас прыехаў?» — гэта не тое, чаго чакаеш, вяртаючыся ў бацькоўскі край.

Айцец Даніла «Вельмі падабаюцца словы, якіх няма ў слоўніках»

26 год, нарадзіўся ў Пярмі, апошнія паўтары гады жыве ў Паставах (Віцебская вобласць)

Пачаў вучыць мову, бо хацеў служыць для беларусаў у Беларусі і лічу, што мая штодзённая беларускамоўнасць з'яўляецца добрай «рэкламай» для каталіцкай царквы.

Cтараюся выкарыстоўваць тыя словы, якія як мага больш адрозніваюцца ад польскіх ці расейскіх. Таксама вельмі падабаюцца словы, якіх няма ў слоўніках, але якія кажуць бабулькі (напрыклад, «служыць імшу» яны кажуць «імшаваць», а «рэкалекцыі» яны часта называюць «рукулекцыі»).

Апошнім часам зацікавіўся тапанімікай беларускіх вёсак. Аказваецца, ў Беларусі ё свая Манголія, Палестына, Газа, Косава. І часта смяшу знаёмых пытаннем: «Як называюцца жыхары вёскі Яя (Браслаўскі раён)»?

Вельмі забаўляюць беларускія праклёны: «Каб у цябе ўсе зубы павывальваліся, ды толькі адзін застаўся і той, каб балеў».

Адно магу сказаць з упэўненасцю: пакуль буду жыць, дык буду даказваць усім, што беларуская мова жывая. Буду патрабаваць абслугоўваць мяне на пошце, ў шпіталі, ў дзяржкрамах па-беларуску. Напрыклад, у сваім мястэчку я ўжо дамогся гэтага ў цырульні і ў краме з кветкамі.

Астатнія гісторыі чытайце па гэтай спасылцы на generation.by
label.reaction.like
0
label.reaction.facepalm
0
label.reaction.smile
0
label.reaction.omg
0
label.reaction.sad
0
label.reaction.anger
0