Зборнік мае называцца «Атамная лучына».

Яго цэнтральны твор — паэма пра тое, як «Янка марыў стаць атамшчыкам», іранічная фантасмагорыя на тэму будаўніцтва АЭС у Беларусі. 

Ярыла Пшанічны (сапр. Уладзімір Банько; (1.11.1973 — 19.04.2015) — быў сярод самых яркіх прадстаўнікоў паэтычнага, музычнага і мастацкага андэграўнду.

Ён памёр раптоўна — на выходных, паехаўшы ў пасёлак Нарач, каб наведаць магілы дзядулі і бабулі.

Уладзімір удзельнічаў у мностве гуртоў і праектаў:

 «Cage», «Karaoke Vomit», «Барадаты Грынвіч», «Flowervill», «Lucky Luck», «Буслік супраць Кадука», «Roomdark», «Рацыянальная дыета», «Generation Skweee», «Князь Мышкін», перформер-груп «Тэатр псіхічнае неўраўнаважанасці» і «Спецбрыгада афрыканскіх братоў». Неаднаразова браў удзел у мастацкіх выставах, афармленні кніг і часопісаў.

Асноўнай працоўнай мовай сваёй творчасці Ярыла Пшанічны зрабіў «трасянку»,

як часам іранізуюць — «трэцюю дзяржаўную мову Рэспублікі Беларусь». Гэтая з’ява знаходзіцца па-за межамі літаратурнай нормы, а вось Ярыла Пшанічны свядома ўвёў яе ў літаратурны ўжытак. Сатырычныя, іранічныя і неа-сацартаўскія вершы на «трасянцы» ён спачатку друкаваў у анархісцкай газеце «Навінкі», а пазней, у 2011 годзе, выдаў кнігу пад назвай «Пішчавыя лішкі».

«Атамная лучына» — другая, пасмяротная кніга Ярылы Пшанічнага. Яна нашмат аб’ёмнейшая за першую, аздобленая графічнымі працамі аўтара і фотаздымкамі.

Назву кнізе дала аднайменная паэма, напісаная ў 2010 — 2011 гг. Гэта сатырычны водгук на экалагічныя праблемы сучаснасці, стылізаваная пад фальклор і фантастыку,

гісторыя пра тое, як «Янка марыў стаць атамшчыкам. Яго абразіў Нячысьцік Д’ябла, каб скрасці вялікі беларускі сакрэт, накіраваў у будучыню і ажаніў».

Іранізуючы і з галоўнага героя, і з неверагодных сітуацый, у якія ён трапляў, у эпілогу Ярыла Пшанічны паўстае найбольш удумлівым і сур’ёзным, а яго іронія набывае зусім «чорнае» адценне:

Спачатку народ 
Крэміруем
А потым д’ябла
Прэміруем.

Паэт, верны свайму анархісцкаму амплуа, сцябе і беларусаў, і замежнікаў, і ўладу, і апазіцыю, і гопнікаў, і інтэлігенцыю, і сябе асабіста, і, па вялікім рахунку, саму паэзію.

Уклаў кнігу паэт і літаратуразнавец Віктар Жыбуль, а выдаць яе збіраецца выдавецтва «Галіяфы».

Кніга будзе выдадзена аб’ёмам каля 360 старонак на крэйдаванай паперы, у цвёрдай вокладцы, з вялікай колькасцю ілюстрацый, фотаздымкаў з перформансаў і літаратурных выступаў. Меркаваны наклад — 300 асобнікаў.

Ярыла Пшанічны

Калі бог не папусціць, свіння не ўкусіць

ты хто
выжабраваў сабе дробны хабар
сорамна
за гэты плыткі хлуд
трэба браць болей
аграмадныя
штрафы дзяржаве
заплаціш па поўнай
праз суд
паляўнiчаму
хто схаваўся за елкай
сорамна каралю да абеду
пацукоў несьцi
па краiне гуляюць
дыназаўры i маманты
гэтых вельмi хочацца
з’есьцi

21.03.2008

Песенька

заляцела птушка ў вушка
маць не даглядзела
ў вушка птушка заляцела
есьцi захацела

круціцца ў галаве
пляскае крыламi
што цяпер рабiць
разважайце самi

як мне вытурыць яе
як яе мне сцапаць
хай кацятка ўнутры
будзе яе драпаць

i цяпер яны удзьвёх
злыднi там сябруюць
у галаве маёй
думкi мае псуюць

як жа выцягнуць надвор
птушку з кацяняткай
хутка клiкаць трэба мне
добрага шчанятку

а сабака безгаловы
толькi лямантуе
i цяпер яны ўтрох
галавой кiруюць

каб маланкай пабiла
нахабную шчанятку
трэба з лесу выклiкаць
пэўна медзьвядзятку

………………….

………………….

………………….

заляцела птушка ў вушка
маць не даглядзела
ў вушка птушка заляцела
есьцi захацела

круціцца ў галаве
пляскае крыламi
што цяпер рабiць
разважайце самi.

9.04.2008

* * *

дзень рабочый плавна тает
не отвечу на званкі
з крэсла цяжка падымаясь
распраўляю пазванкі
сціхлі факсы хрусцят баксы
інтэрнэту правада
закіпает ціха чайнік
заліваецца вада
напевая вяло песню
выключаю комп і свет
буду заўтра тут форвардзіць
поштуспама многа лет

15.10.2008

* * *

на халяву ў лесе збіраеш грыбы
хаваеш даходы не плаціш падаткі
з гушчара за кожным крокам сочаць менты
спрытна надзень нівідзімку-шапку

31.10.2013

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0