14-гадовы беларускі цырульнік-чэмпіён: «Мой паддоследны трусік — шасцігадовы малодшы брат» ФОТЫ 1

Аўтар: Наталля Тур, фота Надзеі Бужан

Арцёму Аўрайцэвічу з Маладзечна днямі толькі споўнілася 14 гадоў. А ён ужо пераможца рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў цырульніцкага мастацтва.

Арцём хаця і вучыцца ў 8 класе, але ўжо сам зарабляе сабе і на піцу, і на красоўкі. Арцём — цырульнік, ці ўсё ж, як прынята гаварыць цяпер, — барбер.

Школьнік працуе ў салоне сваёй мамы — Алены Аўрайцэвіч.

Арцём з мамай Аленай. 

Калі мы завіталі ў салон, каб пазнаёміцца з гэтым вундэркіндам, Арцём стрыг свайго аднакласніка, яшчэ двое аднакласнікаў фарбавалі валасы ў сіні колер.

Арцём спрабаваў адрэзаць свайму сябру грыўку — маўляў, не модна, — за што той крычаў: «Хай толькі журналісты сыдуць, я табе гэтыя нажніцы ў ж*** засуну».

У такой абстаноўцы мы і гутарым з Арцёмам і яго мамай пра мары і планы, пра настаўнікаў і школу, пра крыўдныя мянушкі і «дзявочую» справу.

«Арцёму было 12 гадоў, здаецца. Я тады толькі думала адкрываць салон, хадзіла на курсы, на майстар-класы. Аднойчы прапанавала Арцёму. Толькі, кажу, падумай, бо вучоба дарагая, інструмент таксама не танны, ці будзеш ты займацца. Арцём падумаў і пагадзіўся», — прыгадвае Алена.

Алена Аўрайцэвіч расказвае, што сабранасць і сканцэнтраванасць — гэтыя якасці ў Арцёма з ранняга дзяцінства.

«Калі Цёмку было пяць годзікаў, яны з татам глядзелі Шэрлака Холмса, дзе той іграў на скрыпцы. Цёма сказаў: «Я таксама хачу іграць на скрыпцы». Пайшлі ў музычную школу, нас праслухалі і прынялі. Сёлета Арцём скончыў музычную школу, хаця думаў кідаць. Аднакласнікі… Дражнілі і казалі: што ты як дзяўчынка на скрыпцы іграеш, усе хлопцы займаюцца барацьбой. На што я Цёму сказала: «На скрыпцы ты іграеш адзін, а барацьбой займаюцца ўсе хлопчыкі. Ты ўмееш больш, чым яны», — расказвае Алена Аўрайцэвіч.

Дарэчы, Арцём атрымаў дыплом музычнай школы і з гэтага году заняўся барацьбой.

«А смяяцца з маіх «дзявочых» захапленняў у класе працягваюць і цяпер. Называюць п***ам. Ды мне ўсё роўна. Я займаюся тым, што люблю, што мне тыя кпіны. Дарэчы, не толькі аднакласнікі смяюцца, а нават настаўнікі», — прызнаецца Арцём.

Арцём працуе толькі з прафесійным інструментам. Грэбень, што трымае майстар у руках, каштуе 50 рублёў. І гэта не самы дарагі грэбень, з якім працуе Арцём. 

З настаўнікамі, расказае хлопец, у яго праз колер валасоў аднойчы здарыўся канфлікт.

«Я пафарбаваў валасы ў чорна-чырвоны колер. І завучы, і некаторыя настаўнікі рабілі заўвагі, што я падобны да папугая. Тэлефанавалі маме, прасілі паўплываць на мяне. А я кажу: «Як колер маіх валасоў датычыцца маёй вучобы? Патлумачце мне, чаму чырвоны — гэта не дзелавы стыль аддзення?» — абураецца хлопчык.

«Сапраўды, тэлефанавалі настаўнікі, прасілі, каб я пагаварыла з сынам. Я тады сказала: «Арцём, гэта валасы, яны адрастуць і будзеш фарбавацца яшчэ 100 разоў, нашто табе гэты канфлікт на роўным месцы? Арцём паслухмяны, пачуў мяне», — дадае Алена.

Вучыцца Арцём не на выдатна. 

«Не ўступаў я ў піянерыю. Гэта сумна і нецікава. Я не разумею, для чаго гэта. Удзел у грамадскім жыцці? Дык мяне самі настаўнікі просяць паўдзельнічаць. Не думаю, што я нешта губляю праз тое, што ні ў якіх арганізацыях не ўдзельнічаю», — перакананы Арцём. 

Пакуль мы гутарым з Аленай, Арцём падстрыг аднаго аднакласніка. У гэты час яго сябар пафарбаваў другога сіняй фарбай. Трэцяму аднакласніку намалявалі хной татуіроўкі на руцэ.

«Канечне, яны мяне, бывае, раздражняюць сваім вэрхалам, але хай ужо тут займаюцца фігнёй на маіх вачах, чым недзе п’юць і кураць у падваротні. Тым больш яны тут вучацца. Хлопчыкі дапамагаюць Арцёму, становяцца яго мадэлямі, а тое, што малююць хной, дык, можа, нацешацца і не будуць бяздумна рабіць сапраўдныя татуіроўкі», — кажа Алена.

Арцём расказвае, што спачатку вельмі баяўся стрыгчы людзей. Першую стрыжку рабіў тры гадзіны.

«Мой малодшы брат — мой паддоследны трусік», — смяецца Арцём.

Першыя стрыжкі Арцём вучыўся рабіць на браце. Розніца з малодшым братам у Арцёма восем гадоў. Мама Арцёма прыгадвае, што калі ён быў маленькі, яны вярталіся позна вечарам з гасцей. Цёма ўстаў на калені і пачаў гаварыць: «Божанька, пашлі мне браціка ці сястрычку». Я пытаюся ў яго: «Сынок, што ты робіш?» А Цёма адказвае, што яго старэйшыя дзеці навучылі, што калі папрасіць у Месяца, то жаданне спраўдзіцца», — расказвае Алена Аўрэйцэвіч.

Яна расказвае, што Арцём вельмі любіць дзяцей.

«Ён вельмі добры. Заўсёды дзеліцца з дзецьмі, у каторых менш магчымасцяў, гуляецца з малымі дзеткамі. Мы разам ездзім у дзіцячыя дамы», — кажа мама Арцёма.

Арцём саромеецца і спрабуе перавесці тэму размовы ў сваю прафесійную каляіну. Расказвае, якія стрыжкі цяпер модныя, а якія не вельмі.

Напрыклад, прычоска з доўгай грыўкай, якую цяпер носяць усе падлеткі, называецца андэркат. Сам Арцём носіць кроп.

«Не так даўно на маю працу паскардзіліся ўпершыню. Я працую ў салоне мамы, стрыгу толькі хлопчыкаў і мужчын. Аднаго малога стрыг два разы, прычым другі раз таксама, як і першы, але мама таго малога патэлефанавала ў салон і паскардзілася, што я нешта напартачыў. А таму хлопчыку трэба было на сцэну кудысьці выходзіць. Я не разумею, што не так зрабіў, бо рабіў усё тое, што і першы раз. Я так магло здарыцца? Раз спадабалася, а другі — не», — расказвае Арцём.

Стрыжэ Арцём, сапраўды, толькі хлопцаў. З жаночымі стрыжкамі, кажа, складана.

«Я не выключаю, што дарасту і да жаночых стрыжак. Гэта больш складана, чым мужчынскія. Цяпер я ў асноўным працую машынкай, а тут давядзецца засвоіць не адзін дзясятак спецыяльных нажніц. Да таго ж мне цікавая каларыстыка», — расказвае Арцём.

Інструменты 14-гадовага майстра таксама лёгка пазнаць сярод шматлікіх інструментаў у салоне. Тое, з чым працуе юны барбер, абазначана рознакаляровымі налепкамі з мульціка пра Сімпсанаў.

«Ну скажыце, хіба яны не крутыя?» — пытаецца майстар і паказвае на фен і на машынкі.

«Хаця я не ад балды наляпіў іх, усё гэта рабілася для таго, каб не згубіць свой інструмент на конкурсах, куды я ездзіў», — удакладняе хлопчык.

«Першы конкурс быў мясцовым і дастаткова лёгкім для Арцёма. Арцём удзельнічаў у намінацыі «Стрыт-стайл». Па ўмовах гэтай намінацыі трэба было прадставіць мадэль, якой рабіў стрыжку загадзя. На самім конкурсе дастаткова было прыгожа прычоску ўлажыць», — расказвае Алена Аўрайцэвіч.

Пасля было некалькі конкурсаў у Мінску, дзе Арцём нязменна браў прызавыя месцы. Перамога ў адной з намінацый узнагароджвалася сертыфікатам на ўдзел у міжнародным конкурсе цырульніцкага мастацтва «Неўскія берагі», што адбываўся летам у Санкт-Пецярбургу.

Сіняй фарбай пафарбавалі не толькі валасы, але і рукі. 

«Там было, здаецца, каля сотні ўдзельнікаў, і на Арцёма ўвагі спачатку ніхто не звяртаў. Ну корпаецца нешта малое», — расказвае Алена.

Арцём быў адзіным школьнікам сярод удзельнікаў, але ніхто паблажак яму праз гэта не рабіў. Свой дыплом, а таксама дарагія інструменты ў падарунак Арцём зарабіў уласнай працай і талентам.

Сёння хлопец на 100% упэўнены, што сваё жыццё звяжа з цырульніцкім майстэрствам.

«Пасля 9 класа буду паступаць у каледж. А, магчыма, паеду ў Маскву, працаваць і вучыцца», — расказвае Арцём.

«Тыдні два таму Арцём мне прызнаўся, што марыць пра свой уласны барбершоп. На конкурсе ён пазнаёміўся з Віталіем Піменавым, вядомым маскоўскім барберам. Хоча напісаць яму і папрасіцца ў вучні. Цёма разважае, што мог бы падчас летніх канікул паехаць у Маскву павучыцца ў Піменава», — рассказвае Алена.

НН: Адпусціце Арцёма аднаго ў Маскву?

«Адпушчу. Я ў сыне ўпэўненая, ён самастойны і дарослы. Неяк пакінулі яго са старэйшай стрыечнай сястрой на пару дзён, дык тая прызнавалася, што гэта Арцём на сябе ўзяў усе хатнія клопаты: гатаваў абеды, мыў посуд», — кажа мама Арцёма.

У гэты час кожны з аднакласнікаў Арцёма машынкай пагаліў сабе брыво.

«Таму што мы з адной банды. Усе ведаюць, што мы сябры», — адказаў адзін з аднакласнікаў.

На пытанне, дзе ж хлопчык, якога пафарбавалі ў сіні колер, адказалі:

«Сашка? А ўжо дамоў пайшоў, трындзюлей ад мамы атрымліваць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?