Як кахалі брытанскія каралі і каралевы — традыцыі і жарсці найстарэйшай манархіі Еўропы 6

Аўтар: Сяргей Мікулевіч

Тысячагадовая Брытанская манархія стварае ўражанне чагосьці раз і назаўжды зацверджанага і выверанага — як традыцыя чаявання а 17.00. Тым часам за фасадам цырыманіяльнасці і вернасці традыцыям заўжды шугала полымя жарсцяў. Так склалася гістарычна, пачынаючы яшчэ ад самых першых, легендарных каралёў Брытаніі.

Разам з сапраўднай англійскай гарбатай Ahmad Tea згадваем найбольш яркія, незвычайныя, шчаслівыя, а часам адчайныя шлюбы ў гісторыі брытанскай кароны — ад легенд пра караля Артура да гісторыі кахання прынца Гары і актрысы Меган Маркл, у якіх хутка чакаецца папаўненне ў сям’і.

Прынц Гары і Меган Маркл. Гарбата з падарункавай серыі Ahmad Tea «Каралеўская сям'я».

Не жаніцеся з феямі

Ці існаваў кароль Артур у рэальнасці? А калі так, ці быў у яго Камелот, круглы стол, рыцары? Ці гэта быў правадыр брытаў, які жыў у саламянай халупе і гераічна загінуў у барацьбе з заваёўнікамі? Падрабязнасцяў ніхто не ведае, хоць у розны час англічане «знаходзілі» косткі караля Артура, яго асабістыя рэчы і нават той самы круглы стол.

Такім малююць караля Артура.

Легенды пра Артура сталі папулярнымі ў ХІІ стагоддзі, з падачы трубадура Крэцьена дэ Труа і адлюстроўваюць хутчэй рэальнасць сярэднявечнай рыцарскай Еўропы.

Гісторыі пра Артура і Гвінеўру ў розных варыянтах паўтаралі барды, мінезінгеры, пісьменнікі і рэжысёры, сярод якіх і Марк Твен з Гаем Рычы. Каралева Гвінеўра ў тых легендах успрымаецца з падазрэннем. Прыдворны чараўнік Мерлін нават адгаворваў караля жаніцца з ёй: не было пэўнасці, што Гвінеўра — чалавек, а не якая-небудзь фея. І сапраўды: не паспеўшы з’явіцца пры двары, яна завяла раман з маладым рыцарам Лансэлотам. Ён дабіваўся яе прыхільнасці пад носам у мужа, занятага дзяржаўнымі справамі. Кароль то праганяў Лансэлота прэч, то вяртаў назад, пераканаўшыся, што пачуцці да яго жонкі ў рыцара чыста платанічныя. Урэшце Гвінеўру звінавацілі ў здрадзе і збіраліся спаліць. Але Лансэлот у апошні момант выратаваў яе.

Ніхто дакладна не ведае, як выглядаў замак Камелот, авеяны легендамі. Гэта адна з яго ілюстрацый, створаных сучаснымі мастакамі.

Існаванне любоўнага трохкутніка выклікала катастрофу цэлага каралеўства: у міжусобнай вайне загінуў Артур, Гвінеўра сышла ў кляштар. Хоць, паводле іншай версіі, Артур не памёр, а проста спіць у пячоры ў Шатландыі і чакае зручнага моманту, каб зноў адрадзіць сваё каралеўства.

Але гэта ўсё казкі. У рэальнасці каралям даводзілася больш займацца палітыкай, чым каханнем. Саксы супраць нарманаў, Ёркі супраць Ланкастараў, каталікі супраць пратэстантаў, вігі супраць торы… Дзе тут месца для асабістых пачуццяў?

Эма і яе чатыры каралі

З ранніх сярэднявечных хронік можна толькі здагадвацца пра эмоцыі каралёў ды каралеваў. Што адчувала, напрыклад, Эма Нармандская, аддадзеная замуж за караля Англіі Этэльрэда Ненавучанага, калі ўцякала з дзецьмі за мора? Англію захапілі датчане, яе муж згінуў, спрабуючы адваяваць уладу. А Эму ўзяў замуж новы англійска-дацкі кароль Кнуд Вялікі. Ён хацеў забяспечыць сабе трывалае становішча на англійскім троне, ажаніўшыся з каралевай.

Кнуд Вялікі.

Эма была старэйшая за Кнуда на 13 год — у тыя часы гэта было амаль пакаленне. Можа, яна закахалася ў маладога вікінга? Пакінуўшы сыноў Эдуарда і Альфрэда на выхаванне бабулі, Эма ўсе свае сілы аддавала новай сям’і.

Калі Кнуд памёр, яна інтрыгавала і ваявала, каб каралём стаў іх сын Харткнуд. Але і ён доўга не пажыў, і ўлада ў Англіі дасталася Эдуарду, сыну Эмы ад яе першага шлюбу. Ён відавочна крыўдаваў на маці, якая абмінала яго ўвагай, а таму забраў у яе ўсе землі і дзяржаўную казну, пакінуўшы адзін маёнтачак. Там Эма і дажыла век.

Сам Эдуард быў жанаты з Эдытай, дачкой магутнага эрла Годвіна, якому належала траціна Англіі. Аднак дзяцей яны не мелі, бо Эдуард даў абет не кранацца жанчын… Затое яго кананізавалі.

Адсутнасць дзяцей у апошняга законнага караля дала падставы для заваявання Англіі нарманамі ў 1066 годзе. Герцаг Вільгельм Заваёўнік палічыў, што ён найбліжэйшая радня: незаконнанароджаны ўнучаты пляменнік маці караля.

Так, каралеўскі шлюб быў справай палітычнай. Але здаралася, што разлік супадаў з узаемнай сімпатыяй — як у выпадку Эдуарда І і Элеаноры.

Замужам за тэрмінатарам

Быў час, калі англійскія каралі валодалі паловай Францыі. У прыватнасці, ім належала Гасконь, радзіма Д’Артаньяна. Туды ў 1254 выправіў «на практыку» свайго 13-гадовага сына Эдуарда кароль Генрых ІІІ. Калі карабель з татам вяртаўся ў Англію, прынц стаяў на беразе і горка плакаў. Але скора ў суседнім каралеўстве Кастылія знайшлося суцяшэнне — прынцэса Элеанора. Генрых ІІІ пасватаў яе за сына з празаічнай мэтай: каб касцільскія каралі супакоіліся і не спрабавалі адабраць Гасконь.

Эдуард і Элеанора пражылі разам 36 год, у іх было ці то дванаццаць, ці то пятнаццаць дзяцей. Прычым нават пры такім тэмпе каралева не сядзела ў замку з фрэйлінамі. Яна суправаджала мужа ў крыжовым паходзе і ва ўсіх войнах.

Эдуард I.

У Палестыне, калі Эдуарда параніў у руку атручаным кінжалам падасланы забойца, Элеанора адсмактала з раны атруту. Іншыя крыніцы, праўда, кажуць, што яна сваім плачам толькі перашкаджала лячыць караля і яе выгналі з палаткі. (А лячэнне заключалася ў тым, што доктар са словамі «зараз будзе моцна балець» зрэзаў пачарнелае мяса вакол раны.) Нават сына Эдуарда, спадкаемцу трона, Элеанора нарадзіла ва Уэльсе, куды кароль выправіўся з войскам лавіць мясцовага караля Ллівеліна.

Эдуард I на фоне невысокіх сярэднявечных людзей выглядаў як тэрмінатар: меў рост 188 см, быў вельмі дужы, да таго ж у яго здараліся прыпадкі шаленства. Прыдворныя баяліся яго як агню (адзін нават памёр ад страху падчас спрэчкі з ім).

Але сваю каралеву Эдуард бязмерна шанаваў, і, калі Элеанора памерла, гараваў і ўсталяваў аж дванаццаць паклонных крыжоў у памяць пра яе. Адно з лонданскіх скрыжаванняў ад таго часу і называецца Чарынг-Крос.

Мініяцюра з манускрыпта пачатку XIV стагоддзя, на якім намаляваныя Эдуард і Элеанора. Магчыма, аўтар паспрабаваў паказаць апушчанае павека Эдуарда — гэтае захворванне ён атрымаў у спадчыну ад бацькі.

Пасля Эдуард, вядома, ажаніўся.

Увогуле, па колькасці жонак усіх англійскіх каралёў пераўзышоў Генрых VIII.

Дзвюх забіў, з дзвюма развёўся

Генрых VIII.

Харызма караля Генры біла напавал. Нават акцёру Джонатану Рыс-Маерсу, які граў яго ролю ў сучасным серыяле «Цюдоры», спатрэбілася пасля псіхалагічная дапамога: не мог выйсці з вобразу. З шасці сваіх жонак дзвюх Генрых VIII пакараў смерцю, а яшчэ дзвюх выгнаў.

У яго выпадку якраз пачуцці паўплывалі на вялікую палітыку, а не наадварот. Калі Папа адмовіўся скасаваць яго шлюб з Кацярынай Арагонскай, кароль Генрых заснаваў у Англіі асобную ад Рыму англіканскую царкву, якую сам і ўзначаліў.

Але Ганна Балейн, з якой закаханы Генрых ажаніўся насуперак Папу, не змагла нарадзіць яму спадкаемца. Яна скончыла жыццё пад сякерай ката, абвінавачаная ў дзяржаўнай здрадзе і асабістай нявернасці каралю.

Жонкі Генрыха VIII. Верхні шэраг, злева направа: Кацярына Арагонская, Ганна Балейн, Джэйн Сеймур. Ніжні шэраг: Ганна Клеўская, Кацярына Говард, Кацярына Пар.

Ёсць версія, што пад уплывам гэтай трагічнай гісторыі іх дачка Элізабет І, аднаасобная каралева Англіі, ніколі не выходзіла замуж. А да яе ж сваталіся такія імпазантныя людзі, як маскоўскі цар Іван Жахлівы.

Каралевы-адзіночкі

Элізабет І, з эпохай якой звязваюць уздым Вялікабрытаніі — тут і Шэкспір, і геаграфічныя адкрыцці — была не адзінай каралевай без караля. Аднаасобна кіравала Матыльда, або Мот (і гэта скончылася грамадзянскай вайной у XII стагоддзі), была Джэйн Грэй, «каралева дзевяці дзён», была Вікторыя, «бабуля Еўропы», ад імя якой цэлую эпоху ў гісторыі краіны назвалі «віктарыянскай».

Дый сённяшнюю каралеву, 92-гадовую Элізабет ІІ, як некалі яе прабабку Вікторыю, можна назваць «бабуляй Еўропы». Яна абсалютная рэкардсменка і па часе знаходжання на троне, і па веку. І таксама кіруе адна, яе 97-гадовы муж Філіп мае тытул прынца, а не караля.

Прашу звольніць мяне з пасады караля

Развіццё медыя ў ХХ стагоддзі змяніла каралеўскае жыццё. Равеснік Напалеона Вільгельм IV мог мець дзесяць (!) пазашлюбных дзяцей ад пэўнай актрысы і нікому да гэтага асабліва не было справы, а Эдуарду VIII, які стаў каралём Вялікабрытаніі ў 1936-м, аналагічны мезальянс каштаваў трону.

Ледзь заняўшы пасад, ён пачаў з’яўляцца на афіцыйных прыёмах у кампаніі замужняй амерыканкі Уоліс Сімпсан. Супраць сувязі з актрысай рэзка выступіў парламент, паставіўшы каралю ультыматум. Эдуард, пакараляваўшы няпоўны год, выракся трону на карысць свайго брата Альберта, бацькі сённяшняй каралевы.

Эдуард і Уоліс, 1942 год.

«Я знайшоў немагчымым выконваць абавязкі караля без дапамогі і падтрымкі жанчыны, якую я кахаю», — адзначыў ён.

Сям’я лічыла Уоліс Сімпсан нямецкай шпіёнкай, дый Эдуард адкрыта сімпатызаваў Гітлеру напярэдадні Другой сусветнай вайны. Ёсць версія, што адхіленне ад трону мела і палітычныя прычыны.

Чарльз, Каміла і Дыяна

Сумны прыклад дзядзькі Эдуарда, відаць, змушаў каралеву Элізабет ІІ прыдзірліва глядзець на патэнцыйных нявестак. І калі спадкаемца трону, прынц Уэльскі Чарльз у 1970-я пасябраваў з Камілай Шанд, каралева была катэгарычная: нагі яе ў нас не будзе.

Паходжанне Камілы пытанняў не выклікала, яна была арыстакратка і, знаёмячыся з Чарльзам, нават пажартавала: «У маёй прабабкі быў раман з вашым прадзедам, можам паўтарыць?»

Каралева была незадаволеная актыўным свецкім і асабістым жыццём Камілы і яе адносінамі з афіцэрам Паркер-Боўлзам. Элізабет ІІ тэрмінова распачала пошукі вартай нявесты для Чарльза. Выбар спыніўся на 20-гадовай Дыяне Спэнсэр, унучцы яе старой сяброўкі. З Дыянай слабахарактарны Чарльз паслухмяна ажаніўся.

Чарльз і Дыяна.

І, прадказальна, гарманічнага шлюбу не было. Напрыклад, Дыяне хацелася «прыгожага жыцця», а Чарльз лічыў найлепшым адпачынкам сядзенне сярод схілаў дзе-небудзь у Шатландыі з кніжкай Юнга. Дый Каміла ўвесь час нябачна стаяла паміж імі.

Нават напярэдадні вяселля Чарльз даслаў Каміле, якая прыхварэла, букет кветак з цыдулкай «Для Глэдзіс ад Фрэда» (гэта іх канспіратыўныя імёны). Таксама прынц Уэльскі стаў хрышчоным бацькам сына Камілы і афіцэра Паркер-Боўлза, за якога яна выйшла замуж.

Пачаліся сямейныя скандалы, нацягнутасць у адносінах прарывалася нават на публіцы. Апошняй кропляй стаў запіс тэлефоннай размовы Чарльза з Камілай, які трапіў у прэсу. У адказ Дыяна дала шчырае інтэрв’ю пра сямейнае жыццё з прынцам. Шлюб разваліўся. Каміла, дарэчы, развіталася з мужам яшчэ раней.

Дыяна рыхтавалася выйсці замуж за сына егіпецкага мільярдэра, але ў 1997 яны загінулі, разбіўшыся на машыне ў аўтамабільным тунэлі ў Парыжы.

Пасля таго прайшло яшчэ восем год, пакуль каралева дала-такі Чарльзу дазвол ажаніцца з Камілай. Яны выглядаюць шчаслівымі разам.

Чарльз і Каміла.

Жонкі з народа

Гісторыя Чарльза, магчыма, трохі змякчыла строгую каралеву, і на шлюбы ўнукаў яна глядзела ўжо спакайней. Дый час памяняўся.

Старэйшы, прынц Уільям, які, найхутчэй, стане наступным каралём, яшчэ ва ўніверсітэце пазнаёміўся з Кейт Мідлтан, дзяўчынай «простага» паходжання, але не з беднай сям’і. На сімпатычную выдатніцу прынц звярнуў увагу падчас студэнцкага паказу мод: яна выйшла на подыум у вельмі празрыстай сукенцы. Дарэчы, гэта зануда Кейт пасля адгаварыла Уільяма кінуць універсітэт. Іх раман цягнуўся восем год і скончыўся вяселлем, на якое было запрошана дзве тысячы чалавек — і яшчэ два мільярды паглядзелі яго ў інтэрнэце.

Цяпер у пары трое дзяцей — Джордж, Шарлота і Луі. Малая прынцэса Шарлота — ужо ці ні большая зорка таблоідаў, чым яе мама.

Уільям і Кейт.

«Я часам думаю: як жа мне апраўдаць чаканні маёй бабулі і маёй сям’і», — казаў малодшы ўнук каралевы, прынц Гары ў дакументальным фільме, прысвечаным 90-годдзю Элізабет ІІ. І ўрэшце прыдумаў як: прывёў у палац амерыканскую кінаактрысу Меган Маркл.

У творчай кар’еры смуглявай Меган былі нават эратычныя кінастужкі. Каралева-бабуля паперажывала трохі і змірылася: унукаў любяць болей за дзяцей. Летась Гары і Мэган пабраліся шлюбам, запрасіўшы на вяселле 1200 простых людзей з усёй краіны. Цяпер пара чакае дзіця.

Прынц Гары і Меган Маркл. Гарбата з падарункавай серыі Ahmad Tea «Каралеўская сям'я».

Можа, у гэтым і сакрэт доўгажыхарства ды папулярнасці брытанскага каралеўскага дому: яго вернасць традыцыям ідзе поруч з разуменнем свайго часу і ўменнем змяняцца.

Фота Волі Афіцэравай, Shutterstock, Wikimedia

Чытайце таксама:

Як беларусу з’ездзіць у Вялікабрытанію, казачна павандраваць і не збанкрутаваць

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?