Знайсці
30.04.2024 / 18:19РусŁacБел

«Я зладзіла ім ядзерны выбух». Амерыканка дамаглася аўтарскіх правоў на кнігу, напісаную ChatGPT. Якім чынам?

Выданне Wired выпусціла матэрыял пра пісьменніцу, якая здолела перавярнуць гульню ў сферы аўтарскіх правоў на штучныя творы. Але ў гісторыі ёсць нюанс.

Амерыканская пісьменніца Эліза Шупе. Фота: Mikayla Whitmore / The New York Times

60-гадовая пісьменніца і адстаўная ветэран арміі ЗША Эліза Шупе здолела атрымаць аўтарскія правы на раман, які быў збольшага напісаны пры дапамозе папулярнай нейрасеткі ChatGPT. Гэта стала значным прэцэдэнтам, які можа змяніць падыходы да вызначэння аўтарства ва ўмовах распаўсюджвання штучнага інтэлекту (ШІ), паведамляе выданне Wired.

Раман Шупе пад назвай «AI Machinations: Tangled Webs and Typed Words» (Махінацыі са штучным інтэлектам: заблытаныя сеткі і друкаваныя словы») апісвае жыццё пісьменніцы ад асобы падобнага на яе персанажа, які, паводле сюжэту, таксама спрабуе зарэгістраваць свае правы на штучны твор, бо самастойна не мог яго напісаць з-за фібраміялгіі (вострае кагнітыўнае захворванне, якое перашкаджае канцэнтрацыі і сну, а таксама правакуе болевыя сіндромы па ўсім целе без бачнай на тое прычыны).

Менавіта наяўнасць фібраміялгіі ў Элізы Шупе стала значным аргументам на карысць прызнання яе аўтарства над раманам з боку Бюро рэгістрацыі аўтарскіх правоў ЗША, адзначае Wired.

Спачатку Бюро не ўхваліла заяўку пісьменніцы і загадала ёй прыбраць з кнігі ўвесь напісаны ШІ матэрыял, аднак жанчына праз апеляцыю даказала, што прыбраць штучны след і пры гэтым захаваць цэласнасць твора немагчыма. Шупе таксама падала Бюро новы варыянт кнігі, дзе матэрыял ад ШІ быў перапісаны і адрэдагаваны (тут ёй дапамаглі студэнты і супрацоўнікі Бруклінскай юрыдычнай школы), і тым самым атрымала згоду на аўтарства.

Але згода была дадзена пры адной умове — Шупе не прызнавалася аўтаркай усяго тэксту, а толькі аўтаркай «выбару, каардынацыі і кампаноўкі тэксту, створанага з дапамогай штучнага інтэлекту». Гэта азначае, што цалкам скапіяваць тэкст кнігі будзе нельга, а вось украсці яе фрагменты і цытаты паасобку можна, што дазволіць любому чалавеку перасабраць раман Шупе па частках і перавыдаць яго наноў, піша Wired.

Аднак гэта не адмяняе таго факту, што выпадак Шупе можа стаць важным этапам у пераасэнсаванні сучасных законаў аб аўтарскім праве і паўплываць на іншыя нормы рэгулявання сферы штучнага інтэлекту, падкрэслівае выданне.

Сама Эліза Шупе ўспрымае канчатковае рашэнне Бюро рэгістрацыі аўтарскіх правоў ЗША як уласную перамогу і лічыць, што «зладзіла ў сферы аўтарскіх правоў ядзерны выбух».

Чытайце таксама:

Штучны інтэлект навучыўся імітаваць почырк чалавека

Фатограф падаў на конкурс выяву, створаную штучным інтэлектам. І перамог

Знаўцы штучнага інтэлекту прагназуюць, што неўзабаве падробкі стане немагчыма выявіць

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
7
Панылы сорам
4
Ха-ха
1
Ого
4
Сумна
1
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031