Знайсці
03.01.2024 / 22:07РусŁacБел

Што паглядзець. Пяшчотная драма «Мінулыя жыцці»

Прыгожая і бясконца настальгічная гісторыя страчанай любові і дзіцячай закаханасці — няпройдзеныя дарогі, непражытыя жыцці, бессэнсоўная раскоша шкадавання. Многія крытыкі адзначылі «Мінулыя жыцці» (Past Lives) як адзін з найлепшых фільмаў года. Пра што ён і чаму варты таго, каб прысвяціць яму вечар.

Тэа Ю і Грэта Лі ў стужцы студыі А24 «Мінулыя жыцці» — адным з найлепшых фільмаў 2023 года. Фота: А24 via Everett Collection

З часу прэм'еры ў студзені 2023-га года стужка «Мінулыя жыцці» збірала выключна захопленыя водгукі гледачоў, атрымлівала высокія ацэнкі крытыкаў і была цёпла прынятая на розных кінафестывалях. Але не чакайце ад яе нечага сенсацыйнага ў плане відовішчнасці і сюжэтных паваротаў. Рэжысёрка Селін Сонг адмаўляецца ад празмерных эмоцый і аддае перавагу чамусьці больш спакойнаму і стрыманаму.

Бадай, самая складаная эмоцыя ў фільме — гэта роспач ад развітання з бясконцымі магчымасцямі, ад аплаквання ўсіх жыццяў, якія гераіня (і мы, гледачы) маглі б пражыць. У эпоху, калі мы вымушаныя бясконца сачыць за жыццём іншых у сацыяльных сетках і ўвесь час марыць пра альтэрнатыўныя версіі сябе, у нейкім сэнсе трагедыяй можа стаць усведамленне таго, што нельга бясконца выбіраць новыя і новыя опцыі — бо нас звязваюць абавязкі, намі ж добраахвотна прынятыя. Уласнае жыццё пачынае здавацца вельмі вузкім, але затое яно больш рэальнае. Выбраць яго — гэта і ёсць адзін з самых смелых учынкаў, якія можна зрабіць.

Гэта з цяжкасцю заваяванае прызнанне выходзіць на першы план у марах, якія юная Нора фармулюе, калі мы ўпершыню бачым яе ў Карэі, дзе яна насіла карэйскае імя На Ён.

«Карэйцы не атрымліваюць Нобелеўскай прэміі па літаратуры», — кажа яна сваім аднакласнікам, спрабуючы растлумачыць, чаму яе сям'я пераязджае ў Канаду.

Пазней, калі ёй 20, Нара кажа пра сваё імкненне да Пулітцэраўскай прэміі. Калі Норы 30, яна пагаджаецца на «Тоні» — усё яшчэ далёкая перспектыва, але ўжо адпаведная рэальнасці.

Нора — драматургіня з Карэі, якая двойчы імігравала, каб дабрацца да Нью-Ёрка і аказацца на парозе шматабяцальнай кар'еры разам з амерыканскім мужам-пісьменнікам Артурам. Аднак, нягледзячы на ўсё гэта, яна ўвесь час прыгадвае сваё жыццё ў Сеуле і свайго дзіцячага сябра Хэ Сона, з якім яна нечакана зноў выйшла на сувязь праз Skype і Facebook (цяпер лічбавыя медыя ў любы час прапануюць балючы і небяспечны доступ да мінулага).

Муж Норы Артур не становіцца перашкодай у яе стасунках з сябрам дзяцінства; ён разумее, што Хэ Сон значыць для Норы, і не паддаецца звычайнай рэўнасці. Праўда, калі ён пытаецца ў яе, ці шчаслівая яна з ім, яна злёгку бянтэжыцца. «Я павінна быць тут, дзе я ёсць», — кажа Нора. Яе голас трохі дрыжыць.

У «Мінулых жыццях» мала дзеяння і шмат размоў, але рэжысёрцы атрымліваецца зрабіць гэтыя размовы на здзіўленне кінематаграфічнымі; у доўгіх дыялогах няма нічога ненатуральнага або тэатральнага. «Візуальна стужка зачароўвае спалучэннямі вадзяніста-блакітнага і зямліста-зялёнага колераў з гарадскім святлом. Цудоўны саўндтрэк, напісаны музыкамі з Grizzly Bear, магічна ахутвае Хэ Сона і Нору, пакуль яны то рухаюцца насустрач адно аднаму, то аддаляюцца», — зазначае Рычард Лоўсан з Vanity Fair.

Чырвонай ніткай праз увесь фільм праходзіць карэйскае паняцце «Ін-Юн» — канцэпцыя чалавечых сувязяў, перараджэння і мінулых жыццяў. Абмяркоўваючы гэты панятак, героі разважаюць пра выбар і лёс, волю выпадку і зменнасць варункаў. Ці былі б Хэ Сон і Нора разам і закаханыя адно ў аднаго, калі б Нора не з'ехала шмат гадоў таму? Хто можа ведаць?

«Мінулыя жыцці» таксама тонка і шчымліва распавядаюць пры жыццё мігранта, пра тое, што значыць пакінуць адно жыццё — верагодна, назаўжды — у абмен на іншае (але ўвесь час думаць пра тую альтэрнатыўную версію цябе, якая б магла застацца ў роднай краіне). Пры гэтым фільм не напоўнены шкадаваннем. Гэта хутчэй удумлівае разважанне пра тое, што не ўвасабляецца ў рэальнасць, але назаўжды застаецца цякучым і няўлоўным у свядомасці.

Акцёры Лі і Ю чалавечныя і вельмі прыцягальныя, яны выдатна граюць на працягу ўсяго фільма, адлюстроўваюць шматлікія нюансы настрояў, а ў фінале раскрываюцца напоўніцу. Здаецца, кожны глядач адчуе ціхі і хвалюючы смутак, які бруіцца паміж гэтымі двума персанажамі, калі ўсё іх прагматычнае дарослае разуменне змешваецца з тагасветным адчуваннем таго, што яны плывуць па вятрах лёсу. «Мінулыя жыцці» — рэжысёрскі дэбют карэянкі Селін Сонг — аб пакоры і прыняцці згубленых магчымасцяў, без якіх немагчымы далейшы рух у жыццё.

Больш пра кіно:

Круз, Вонка і дзіця Беларусі: топ-10 фільмаў года

«Вонка» — фільм-мюзікл для тых, хто прагне святочнай магіі

«Хлопчык і птушка»: у кінатэатрах чарговы шэдэўр Міядзакі пасля 10-гадовага перапынку 

«Усё ўсюды і адразу»: у чым магія фільма, які атрымаў сем «Оскараў»?

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
7
Панылы сорам
0
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
2
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930