Знайсці
14.10.2023 / 22:0314РусŁacБел

Лукашэнкаўцы называюць фоты забітых ХАМАС дзяцей фэйкам, даказваюць гэта згенераваным шчанюком

Нянавісць да Захаду сплятаецца з антысемітызмам і беларусафобіяй у новых допісах лукашэнкаўскіх прапагандыстаў.

Увага! У скрыншотах допісаў далей па тэксце ўтрымліваюцца фота абгарэлага цела. Калі вы не гатовыя гэта бачыць, калі ласка, не чытайце гэты тэкст.

Адны прапагандысты кажуць пра «генетычную схільнасць да крыўд» у яўрэяў, другія ўбачылі «адсутнасць правоў чалавека» пры дзеяннях у адказ з боку Ізраіля у дачыненні да ХАМАС, а трэція знайшлі «сімвал сканчэння эпохі калектыўнага хіпстара» у масавай бойні ізраільцян на музычным фестывалі каля сектара Газа.

Знайшліся і тыя, хто адкапаў у інтэрнэце фота шчанюка і даказваў, што насамрэч яўрэйскіх дзяцей палесцінцы не забівалі.

Ананімныя карыстальнікі буйных інтэрнэт-платформ 4chan і Reddit нядаўна напісалі пра тое, што фатаграфіі забітых і спаленых тэрарыстамі ХАМАС ізраільскіх дзяцей з'яўляюцца фэйкавымі. Даказаць гэта яны паспрабавалі фатаграфіяй шчанюка, якую выдаюць за арыгінальнае фота без лічбавых умяшанняў. Фота: 4chan / Reddit

«А потым раскажыце, што вам у Беларусі жыць хранова»

Прапагандыст Ігар Тур на фоне падзей у Ізраілі вырашыў паразмаўляць з «вядомым яўрэем з Беларусі», які па сумяшчальніцтве з'яўляецца яго «ідэалагічным апанентам», і паразважаць на тэму крыўдлівасці ізраільцян.

Абодва прыйшлі да меркавання, што яўрэі нібыта «схільныя мацней за іншыя народы крыўдзіцца на абразы па нацыянальнай прыкмеце», бо гэта абумоўлена «іх генетыкай».

— Смею заўважыць, што яўрэі на жарты і абразы па нацыянальнай прыкмеце рэагуюць куды больш балюча, чым іншыя нацыянальнасці.

— Гэта ў іх генетычна. Вы ведаеце якую-небудзь іншую нацыю, якую, напрыклад, у царскай Расіі, урэзалі ў правах і адсялілі ў гета?

— Так, але генетычная крыўдлівасць яўрэяў часта перакладаецца на тых, хто іх абражае. Гэта так сабе ў плане рацыянальнасці і справядлівасці.

Ідэолаг Аляксей Дзерман у сваю чаргу не стаў аналізаваць генетыку, а шукае знакі і сэнсы ў тым, што адбываецца ў Ізраілі. 

У сваіх пошуках ён прыйшоў да высновы, што масавыя растрэлы і катаванні наведвальнікаў музычнага фестывалю побач з сектарам Газа з'яўляюцца «своеасаблівым сімвалам канца хіпстарскай эпохі».

А Аляксандру Шпакоўскаму не спадабалася тое, што палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі асуджаюць і крытыкуюць, у адрозненне ад ізраільскіх бамбардзіровак Газы.

Пры гэтым бамбёжкі ўкраінскіх гарадоў расійскай арміяй, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі, як гэта было напачатку вайны, Шпакоўскі злачынствам не называе. Ну і пра тое, што Ізраіль гэты раз пацярпеў напад першым, Шпакоўскі таксама не згадвае.

У той жа час прапагадыст Рыгор Азаронак абурыўся жорсткасцю затрымання баевікоў ХАМАС, ад рук якіх загінула больш за 1300 ізраільцян. 

Ëн таксама ўспамінае пра міжнародныя канвенцыі, а яшчэ выказвае думку, што расстрэлы расіянамі ўкраінцаў у Бучы блякнуць на ​​фоне разбурэнняў у палесцінскай Газе. 

А тэлеграм-каналы «Беларускі сілавік» і «Жоўтыя злівы» адмаўляюць сам факт забойстваў ізраільскіх дзяцей баевікамі ХАМАС і называюць фэйкавымі фоты, якія днямі выклалі афіцыйныя рэсурсы ўрада Ізраіля.

Для гэтага прапагандысты посцяць параўнальныя фоты забітага дзіцяці і шчанюка, здымак якога быў нядаўна апублікаваны невядомымі на інтэрнэт-платформах 4chan і Reddit. Апошняе фота ў дачыненні да першага выстаўляюць у якасці арыгінала.

Іх допісы пад капірку перадрукавалі больш дробныя каналы, у тым ліку Вольга Бондарава.

Увага! У скрыншотах допісаў утрымліваюцца фота абгарэлага цела. 

Але ці сапраўдны сам шчанюк? Перад тым, як знайсці адказ на гэтае пытанне, мы спачатку вырашылі праверыць на лічбавыя ўмяшанні афіцыйныя здымкі, якія нядаўна былі выкладзеныя урадам Ізраіля.

Для гэтага мы выкарысталі папулярны інтэрнэт-сэрвіс AI or Not, які вызначае, ці зроблена выява пры дамапозе штучнага інтэлекту. Вынікі аказаліся адмоўнымі, сэрвіс палічыў афіцыйныя здымкі за сапраўдныя.

Асцярожна! Жорсткія фоты.

Скрыншоты праверак фота на згенераванасць нейрасеткамі. Вынікі адмоўныя, фоты зроблены людзьмі. Крыніца: AI or Not

Што да фота шчанюка, то яго вывучэннем нядаўна заняўся інтэрнэт-партал Arlington Post. Пры дапамозе аналізу ўзроўню памылак (Error Level Analysis, ELA) было вызначана, што фатаграфія сабакі дэманструе відавочныя прыкметы лічбавых маніпуляцый, а таксама мае невялікія анамаліі ва ўзроўнях сціскання, шуму і рэзкасці выявы. 

Пры гэтым арыгінальнае фота з ахвярай ХАМАС, па выніках аналізу, з'яўляецца некранутым і сапраўдным.

Arlington Post перад аналізам таксама адзначыў, што звычайныя сэрвісы па выяўленні лічбавых альбо нейрасеткавых умяшанняў у фоты могуць часта памыляцца пры аналізе спаленых аб'ектаў на здымках і вызначаць іх у якасці штучных.

Акрамя таго, пад публікацыяй са шчанюком на інтэрнэт-платформе Reddit большасць карыстальнікаў таксама выказала сумнеў у праўдападабенстве сабакі і звярнула ўвагу на некаторыя візуальныя анамаліі жывёлы.

«Сабака больш выглядае намаляваным, чым першая выява. Паглядзіце на яго левае плячо, выглядае так, быццам ён, як чалавек, падклаў левую руку пад галаву ў якасці падушкі. Я, канешне, не эксперт, але не думаю, што ў сабак з такой афарбоўкай бываюць блакітныя вочы. Аддае штучным інтэлектам значна мацней, чым на першапачатковым фота», — піша адзін з карыстальнікаў Reddit пад публікацыяй са шчанюком, якую выдаюць за арыгінал.

Сама публікацыя ўжо выдалена з платформы.

Рэакцыі карыстальнікаў пад публікацыяй з несапраўдным шчанюком на інтэрнэт-платформе Reddit

Фота шчанюка, якое падавалася неназванымі аўтарамі ў якасці арыгінала замест здымкаў забітых ХАМАС ізраільскіх дзяцей

Нагадаем, што гэта не першыя рэакцыі лукашэнкаўскай прапаганды на напад палесцінцаў на Ізраіль. «Мінская праўда» заклікала ўзарваць атамную бомбу над Ізраілем, а ўварванне ХАМАС у Ізраіль называлася «перамогай Масквы і Мінска». 

Гэтую калонку заўважылі цэнтральныя ізраільскія медыя. Яны адгукнуліся на антыізраільскую рыторыку «Жоўтых зліваў».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама:

Беларуская прапаганда ўкінула ідэю, што ізраільцянаў хочуць перасяліць ва Украіну

Трое выхадцаў з Беларусі загінулі ў Ізраілі, яшчэ адзін беларус прапаў без вестак — МЗС

Ізраіль заклікаў насельніцтва поўначы сектара Газа эвакуявацца на поўдзень цягам 24 гадзін

Марк Рыхтэр

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
12
Панылы сорам
13
Ха-ха
1
Ого
6
Сумна
7
Абуральна
52
10
Аятолла/адказаць/
15.10.2023
Нелепейшая дискуссия. Эти фото рассматриваются как инструмент легитимизации военных преступлений. При этом обсуждается их подлинность с точки зрения цифровой кодификации. Ну какой от того прок? Это же не снимает никаких сомнений. Если фото подлинные - подлинные ли на них останки? Если останки подлинные - каковы обстоятельства гибели? И даже пройдя всю цепочку бездоказательности, если действительно эти два младенца жертвы ХАМАС - легитимизирует ли это варварские карательные операции проводимые в Газе? Может ли вообще одно преступление против человечности оправдать другое?
0
бабруйчанін/адказаць/
15.10.2023
Чаму да " стрыманнай асцярожнай" паліцікі Ізраля павінна змяніцца " паслядоуная стрыманная паліціка" рБ?? Нават в офісах Кіева " аддаюць должное" ..
0
Woodoo Cult /адказаць/
16.10.2023
Tartaric, Дзякуй, каментар тыдня.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031