Знайсці
08.10.2023 / 12:55109РусŁacБел

У альтэрнатыўным беларускім пашпарце хочуць пакінуць класічны правапіс, а ад Шагала адмовіліся

Пасля прэзентацыі Аб'яднаным пераходным кабінетам новага пашпарта ў беларусаў узнікла шмат пытанняў не толькі юрыдычнага плана, але і да яго афармлення. Даведаліся ў кіраўніка Геральдычнай рады, ці былі пачутыя гэтыя заўвагі. І якая карціна і чаму заменіць Шагала.

Кіраўнік Геральдычнай рады, які пажадаў захоўваць ананімнасць, расказаў, што ўсе паднятыя раней грамадскасцю пытанні датычна выгляду пашпарта разглядаліся імі, але не ўсе з іх вырашаны на карысць тых, хто пытаўся. Паводле слоў кіраўніка рады, сёння ў яе склад уваходзіць каля 40 спецыялістаў: нумізматаў, геральдыстаў, філолагаў ды іншых — якія адказваюць за распрацоўку новай беларускай сімволікі, узнагароднай сістэмы, а цяпер яшчэ і дзяржаўных дакументаў, да якіх належыць і пашпарт.

— Пасля прэзентацыі праекта нацыянальнага пашпарта з боку беларусаў было шмат крытыкі за выкарыстанне класічнага правапісу, т.зв. тарашкевіцы, які на сёння выкарыстоўваецца абсалютнай меншасцю беларусаў. Ці былі пачутыя гэтыя заўвагі?

— Было шмат нарадаў розных, у нас шмат экспертаў розных, у тым ліку філолагаў, якія адназначна лічаць, што вызваленнем Беларусі ад расійскай гібрыднай дыктатуры будзе развязана і пытанне правапісу шляхам адмаўлення ад гэтага штучнага палітычна навязанага правапісу. Калі тлумачыць шырэй, у 1933 годзе аўтары рэформы не хавалі мэты збліжэння нашай мовы з рускай. І гэтае збліжэнне прывяло да масавай страты многіх характэрных рысаў беларускага вымаўлення, граматыкі, правапісу, да непаслядоўнасці і разнабою. Таму мы лічым, што менавіта тарашкевіца, варыянт правапісу Браніслава Тарашкевіча, які быў прыняты ўсімі часткамі тады падзеленай нашай Бацькаўшчыны, з’яўляецца папросту адзіным. І ён прызнаецца Радай БНР.

На жаль, беларускі правапіс звязаны не толькі з навукай, але і з палітыкай — мы гэта разумеем. Але наркамаўка для нас непрымальная.

Што тычыцца выкарыстання наркамаўкі Аб’яднаным пераходным кабінетам, то сёння большасць беларусаў вымушана выкарыстоўвае чырвона-зялёны сцяг, але ж гэта не значыць, што ён з’яўляецца нацыянальным. У 1995 годзе сказалі: давайце галасаваць за зялёна-чырвоны сцяг, за бээсэсэраўскі герб, які быў распрацаваны ледзь не за ноч, — і людзі прагаласавалі.

Але мы арганізацыя, якая не арыентуецца на некага. Мы творчая, навукова-даследчая арганізацыя, якая нешта робіць. Мы не кажам, што гэта павінна застацца назаўсёды — будзе праведзена рэформа.

Трэба зразумець, што правапіс Тарашкевіча, або, як яго называюць, «класічны» правапіс, ніколі не знікаў. Ён фактычна быў забаронены ў БССР, так, гэта праўда. Але як толькі пачалася палітычная «адліга» 1980-х гадоў, ён зноў вярнуўся ў шырокі ўжытак у Беларусі. Гэта і перыёдыка, і выданні, і выкладанне — гэта якраз спрыяла кансалідацыі беларускамоўных дзячаў, інстытуцый і ў эміграцыі, і на Бацькаўшчыне.

Увогуле пытанне беларускага правапісу, вяртанне да «класічнай» нормы абмяркоўвалася з удзелам Акадэміі навук у 1990-1994 гадах. Але, калі прыйшоў Лукашэнка, абмеркаванні былі адменены. Тым не менш тыя ж самыя навукоўцы, той жа самы акадэмік Аляксандр Лукашанец, яны прызнаюць тарашкевіцу паўнавартаснай формай існавання беларускай мовы.

Я таксама вучыўся на наркамаўцы, я разумею ваша жаданне не падзяляць, але я прывёў прыклад з нашымі нацыянальнымі сімваламі. Мова, герб, сцяг, гімн — гэта нашы нацыянальныя сімвалы».

Гістарычныя беларускія гербы на старонках пашпарта 

— Былі пытанні і наконт лацінкі. Фактычна беларускамоўныя надпісы прысутнічаюць двойчы на старонках дакумента. Ці апраўдана гэта? Выказваліся меркаванні, што замест лацінкі можна было б знайсці месца для «асноўнай мовы большасці беларусаў» — рускай.

— Лацінка была, яна ёсць. Беларуская лацінка — гэта наш важны нацыянальны набытак, наймагутнейшы інструмент супраць графічнага разнабою. Напрыклад, тая ж самая Ціханоўская, тое, як яе прозвішча пішацца па пашпарце (Tsikhanouskaya. — НН), немагчыма прачытаць. Ці той жа самы былы кіраўнік дзяржавы Шушкевіч, яго прозвішча запісаць пашпартнай «лацінкай» проста нерэальна. Тое ж самае тычыцца і многіх іншых прозвішчаў.

Але ж у нас ёсць свая сістэма. Мы маем два свае традыцыйныя алфавіты — гэта кірыліца і лацінка. У XIX стагоддзі лацінкай па-беларуску пісалі ўсе класікі, у тым ліку Купала. Тарашкевіч выдаў лацінкай першую беларускую граматыку для школ.

Так, расійская царская ўлада, пасля савецкая ўлада забараняла лацінку. Але з 1991 года, з аднаўлення незалежнасці, яна зноў адрадзілася.

У нас ёсць свае арыгінальныя лацінскія літары, і яны нам вельмі дапамагаюць пры напісанні нашых імёнаў. Яшчэ не забывайце, што перадача беларускіх тапонімаў таксама адбываецца беларускай лацінкай».

Тое, што лукашэнкаўцы нядаўна адмянілі беларускую лацінку ў перадачы тапонімаў, на думку кіраўніка Геральдычнай рады, нічога не зменіць — яна адродзіцца як фенікс.

«Лацінку ўхваліла група экспертаў з Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, гэта толькі пытанне часу, калі яна зноў вернецца.

Таму мы ў сваім прапанаваным пашпарце Беларусі (я не люблю гэтую назву «Новая Беларусь», бо ў нас адна Беларусь, няма новай і старой) прадугледзелі дзве сістэмы запісу: беларускіх імёнаў лацінскімі літарамі — гэта нязменна, каб ідэнтыфікаваць чалавека з сінім пашпартам (цяперашнім афіцыйным) — і беларускай лацінкай, якая потым застанецца ў пашпарце як асноўная. Усе літары з птушачкамі будуць заставацца, зразумела, што пры ўводзе гэтыя птушачкі будуць прыбірацца (як сёння робяць літоўцы і шмат хто іншы). Але гучаць і чытацца нашыя прозвішчы будуць значна лепей. 

Зараз у нас у пашпарце транслітарацыя, якая збольшага супадае з расейскімі «ГОСТамі» — яна не адпавядае нашаму гучанню. Толькі беларуская лацінка можа перадаць гучанне нашых уласных імёнаў.

Але пакуль мы захоўваем і гэтую транслітарацыю, так званую мусаўскую, ці міліцыянерскую, для забеспячэння пераемнасці. Толькі для гэтага. Потым яна знікне».

Наконт выкарыстання рускай мовы ў новым пашпарце кіраўнік Геральдычнай рады прызнаецца, што пра такое нават і не думалі.

«Усе людзі, якія ўваходзяць у Геральдычную раду, на адной хвалі, яны ўсе беларусацэнтрычныя. У нас будзе адзіная дзяржаўная мова, але ніхто нікога не ўціскае. Карыстайцеся гэтай [рускай] мовай для зносін, калі ласка».

Гімн Беларускай Народнай Рэспублікі і лацінскі букварык у пашпарце. Сёння напісанне выпраўлена на «Гімн Беларускае Народнае Рэспублікі».

— У пашпарце напісаны гімн паводле «класічных» правілаў, а падпісаны ён як «Гімн Беларускай Народнай Рэспублікі». Калі трымацца тарашкевіцы, то правільна, здаецца, пісаць «Гімн Беларускае Народнае Рэспублікі». Ці выправілі гэтую нестыкоўку?

— Насамрэч мы пыталіся наконт гэтага ў філолагаў, у нас у Геральдычнай радзе іх трое, і меркаванні падзяліліся. Але ў рэшце рэшт мы выправілі напісанне на «Беларускае Народнае Рэспублікі.

— Што датычыць самога гімна, ці не паспешна вызначыліся з выбарам? Калі наконт сцяга і герба ёсць агульны кансэнсус у грамадстве, то наконт гімна яго, відавочна, няма.

— У нас, па шчырасці, няма сумневаў, што будзе працяг пераемнасці гэтых гімнаў. Наколькі вядома, у 1990-х гадах гімн Краўцова быў адным з фаварытаў на статус нашага нацыянальнага. І мы лічым, што ён і захаваецца. Але мы нікому яго не навязваем: мы так і напісалі, што гэта «Гімн Беларускай Народнай Рэспублікі». Ён змешчаны ў пашпарце як даніна павагі.

Мы ж не манкурты, мы мелі Беларускую Рэспубліку. Мы паказалі гэтым пераемнасць. У тым ліку мы паказалі пераемнасць на апошняй старонцы, дзе размешчаны ўсе гербы ВКЛ, БНР, сучасны герб Куліка (варыянт герба «Пагоня», зацверджаны ў 1991 годзе. — НН) — пастараліся ўлічыць ўсе нашы нацыянальныя традыцыі і гісторыю.

На разваротах старонак для віз можна ўбачыць архітэктурныя помнікі розных рэгіёнаў Беларусі, герб «Пагоня» на ружы вятроў і выяву зубра ў ніжнім правым вугле, які пры хуткім гартанні старонак «бяжыць». Фота: сайт Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі

Мы паглядзелі апошнія трэнды, што павінна быць і архітэктура, каб людзям было цікава і па краіне паездзіць. Мы адмовіліся размяшчаць, як у многіх пашпартах, беларускіх герояў, бо мы візавая краіна, а ставіць штампы на твары не вельмі прыгожа».

— Паводле якіх правілаў можна будзе запісваць сваё імя ўладальніку пашпарта? Ці будуць адначасова існаваць людзі з імёнамі Дзмітрый, Дзмітры, Зміцер і Зьміцер у пашпарце? (Ці не выкліча такая разнастайнасць і разыходжанне з ранейшымі пасведчаннямі асобы праблемы ў карыстальнікаў пашпарта?)

— Гэта важнае пытанне, яно канчаткова не вырашана, таму што менавіта для гэтага пераходнага перыяду ў нас з’яўляюцца два палі: адно для запісу «міліцэйскай» лацінкай, а другое нам патрэбнае, каб пісаць сапраўднай беларускай лацінкай, якая ў будучыні выцесніць «міліцэйскую». І ў тым ліку нам трэба будзе пісаць і два варыянты кірыліцай. У плане ідэнтыфікацыі нам дастаткова імя «міліцэйскай» лацінкай. Тут ужо адкрытае пытанне, як лепш пісаць, тарашкевіцай ці наркамаўкай, але мы не бачым вялікіх адрозненняў, будзе мяккі знак ці не будзе.

Сёння мы робім біяметрычны пашпарт, у нас няма дадатковай старонкі, дзе б мы маглі даныя прадубляваць, у нас ёсць толькі даныя на полікарбанаце. Таму, па шчырасці, бракуе палёў. Мы разгледзім гэтае пытанне, магчыма, давядзецца ахвяраваць імем па бацьку, бо ёсць шмат праціўнікаў гэтай практыкі — яна то знікала, то зноў вярталася ва ўжытак. Пакуль мы не прынялі рашэння, чым ахвяраваць.

(Кіраўнік Геральдычнай рады адзначыў, што было б каштоўна пачуць меркаванне чытачоў «Нашай Нівы» наконт таго, ад чаго варта ў гэтым выпадку адмовіцца.)

— Ці трэба будзе для атрымання пашпарта падаваць нейкі дзеючы дакумент, каб пацвердзіць сваю асобу і напісанне імя? Або можна выбраць любое імя і форму яго напісання?

— Галоўная праблема будзе толькі ў тым, што на першапачатковым этапе мы мусім ідэнтыфікаваць людзей менавіта «міліцэйскай» лацінкай. Іншыя пажаданні, калі людзі захочуць, напрыклад, напісаць «Зміцер», а не «Дзмітрый», калі ласка, я не думаю, што гэта будзе праблемай. Асабісты ідэнтыфікацыйны нумар з сіняга пашпарта, які не будзе забірацца, усё роўна захаваецца ў новым.

— А як будуць афармляць новы пашпарт тым, хто згубіў стары сіні пашпарт?

— У нас ёсць базы даных да 2020 года, дзе ёсць усе звесткі, у тым ліку нумар пашпарта, напісанне «міліцэйскай» лацінкай. Таму я не думаю, што тут будзе праблема. Гэта ўсё будзе вырашацца ў працоўным парадку.

— Чытачы не даруюць, калі мы не спытаем. Многім палюбіўся (як мем) мужчына каля плота з карцін Шагала, якога ў пашпарце «абрэзалі». Яго ў пашпарце ўсё ж не будзе?

Ад «Палёту над горадам» Шагала давялося адмовіцца

— Праблема ў тым, што ўжо Шагала няма. Рэч не ў мужыку, які «па справах» сядзіць, а ў тым, што мы сутыкнуліся з аўтарскім правам.

З моманту смерці Шагала не мінула 70 гадоў, каб твор перайшоў у грамадскі набытак. Паколькі карціна была прададзена Траццякоўцы, расійскі музей валодае правамі на яе. Так тлумачаць юрысты.

Сёння правы на Шагала мае Траццякоўка, але мы не хацелі спыняць праект. Была магчымасць трансфармацыяй шагалаўскай карціны абысці дазвол Траццякоўкі. «Серуна» з карціны прыбралі менавата для гэтага, але, як высветлілася, усё роўна могуць быць іскі.

Пашпарт будзе выдавацца на тэрыторыі Еўрапейскага саюза, а тут вельмі строгія правілы. Мы не хацелі атрымліваць лішнія іскі і спрыняць працэс, хацелі, каб людзі як мага хутчэй атрымалі пашпарты. 

Таму мы вырашылі замяніць карціну — цяпер гэта карціна Філіповіча «На Купалле». Вельмі прыгожа выглядае, гэта сімвал адраджэння, спалення ўсяго благога. Так, замена каштавала нам часу, энергіі, сродкаў, але што рабіць. 

Карціна Міхала Філіповіча «На Купалле» на старонках пашпарта ва ўльтрафіялетавым выпраменьванні

Карціна Міхала Філіповіча «На Купалле». Каля 1921-1922 гг. Калекцыя Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі

Каб вы разумелі, і «На Купалле» Філіповіча, і «Палёт над горадам» Шагала будуць бачныя толькі памежнікам і іншым службам, якія будуць правяраць пашпарт пад ультрафіялетам. Звычайны чалавек зможа іх пабачыць, толькі калі набудзе адмысловую лямпу.

Пашпарт будзе адным з найпрыгажэйшых у свеце. Для яго стварэння давялося пералапаціць больш за 100 пашпартоў і ўзяць з іх найлепшыя візуальныя і сімвалічныя рашэнні.

Так, напрыклад, ідэя з зубранём, якое бяжыць, была пазычана з пашпарта Фінляндыі — там, праўда, пры гартанні старонак «бяжыць» лось. А ідэя з букварыкам, каб людзі маглі бачыць сваю лацінку і кірыліцу, — з грузінскага пашпарта.

Праз тое, што Беларусь застаецца візавай краінай, у новым пашпарце зрабілі 52 старонкі, каб ён як мага даўжэй выконваў свае функцыі як трэвэл-дакумент. Цяперашні пашпарт нашмат танчэйшы — у ім усяго 32 пранумараваныя старонкі.

Такая вялікая колькасць старонак дазволіла таксама дадаць магчымасць запісваць (алоўкам) у новы пашпарт імёны сваіх блізкіх, тэлефоны, каб пры страце пашпарта чалавеку маглі патэлефанаваць і вярнуць дакумент.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама:

«Новая Беларусь» запусціла праект, як беларусы вырашаюць праблемы з легалізацыяй

Ад захаплення дызайнам да абурэння правапісам — у сеціве спрачаюцца пра альтэрнатыўны нацыянальны пашпарт

Крыж з «Пагоняй». Аб’яднаны пераходны кабінет заснаваў узнагароду для беларускіх партызан і падпольшчыкаў

Ф. Раўбіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
158
Панылы сорам
14
Ха-ха
8
Ого
7
Сумна
9
Абуральна
13
11.10.2023
а найперш - надпіс "Рэспубліка Беларусь" азначае, што пашпарт належыць грамадзяніну Рэспублікі Беларусь. як з гэтым быць? бо т.зв. пашпарт будзе выдавацца ў асноўным беларусам, якія знаходзяцца за мяжой, і якія не могуць ці не хочуць атрымаць афіцыйны пашпарт. існуючай уладай Беларусі пашпарт прызнаны не будзе. а хутчэй за ўсё звыкла будзе прызнаны экстрэмістскім
0
жэўжык/адказаць/
11.10.2023
Вадзім , эксперты ўхвалілі тэхнічныя дэталі. Накшталт магчымасці канвертацыі кірыліцы ў лацінку і назад без страты інфармацыі (у адрозненне ад шматлікіх іншых недарэчных метадаў транслітэрацыі). Класічная лацінка тым жа самым тэхнічным патрабаванням таксама адпавядае. Што і не дзіўна, бо яна выкарыстоўвалася для сапраўднай беларускай літаратуры і мела практычны ўжытак.

Польскі альфабэт крытыкуюць за дыграфы sz/cz/rz, але палякі не спяшаюцца яго мадэрнізаваць. Бо мець магчымасць чытаць старыя кнігі ў арыгінале таксама мае сваю каштоўнасць. Ангельская пісьмовая мова захавалася са старых часоў і паступова страціла фанетычнасць, але старыя ангельскія кнігі можна чытаць у арыгінале, нават Шэкспіра. Мы маем нашу класічную лацінку і няма сэнсу яе руйнаваць такім радыкальным чынам (напрыклад, ствараць штучныя праблемы з разуменнем слова "stol").
0
Ўмка/адказаць/
13.10.2023
а цяпер пакажыце мне 3-гадовага дзіцёнка,
Проста жыхар, сядайце у Машину времени, вернемся на 16 гадаў узад, і вы ўбачыце таго дзіцёнка - у 3 гады кОля мог )
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031