Знайсці
11.09.2023 / 20:012РусŁacБел

Толькі 1280 рэпрадуктыўных продкаў чалавека калісьці блукалі па Зямлі, мяркуе даследаванне генаў

Каля 800 000 гадоў таму продкі чалавека былі на мяжы знікнення, сутыкнуўшыся з надзвычайнай папуляцыйнай праблемай.

Фота: vecteezy

Па словах даследчыкаў, якія выкарысталі камп'ютарную мадэль, каб выявіць сур'ёзныя «вузкія месцы» ў папуляцыі ў старажытным мінулым нашага віду, чалавецтва змагалася за выжыванне на працягу 100 000 гадоў у раннім плейстацэне (эпоха, якая пачалася 2,58 мільёна гадоў таму і скончылася 11,5 тысяч гадоў таму).

«Вузкае месца» ўзнікла ў прамежку між 813 000 і 930 000 гадоў таму і скараціла род продкаў чалавека да менш чым 1300 асобін. Праблема існавала на працягу 117 000 гадоў і супадае з храналагічным разрывам у знойдзеных афрыканскіх і еўразійскіх чалавечых парэштках у гэты перыяд. Даследаванне каманды было апублікавана сёння ў Science.

«Вузкае месца папуляцыі», якое яшчэ называецца «эфектам бутэлькавага рыльца» — гэта падзеі, пры якіх агульная папуляцыя віду моцна скарачаецца, што прыводзіць да агульнага зніжэння генетычнай разнастайнасці. Страта генетычнай разнастайнасці можа прывесці да таго, што насельніцтва стане менш здаровым. Цяпер біяінжынеры могуць сінтэзаваць генетычную разнастайнасць папуляцый розных жывёл шляхам кланавання і рэдагавання генаў.

Даследчыкі распрацавалі спецыяльны інструмент для аналізу 3154 сучасных геномаў 10 афрыканскіх і 40 неафрыканскіх папуляцый. Правёўшы аналіз, каманда выявіла, што «вузкае месца», мажліва, магло быць звязана з кліматычнымі зменамі.

Гэтае даследаванне пракаментавалі Нік Эштан, археолаг з Брытанскага музея, і Крыс Стрынгер, палеаантраполаг з Лонданскага музея натуральнай гісторыі, словы якіх цытуе Gizmodo. Яны сказалі, што якой бы ні была прычына, яна магла быць абмежаванай у сваім уздзеянні на іншыя папуляцыі чалавекападобных па-за лініяй Homo sapiens або наступствы былі кароткачасовымі.

Гэта азначае, што прычынай «эфекту бутэлькавага рыльца» ўсё ж наўрад ці была сур'ёзная экалагічная падзея накшталт моцнага глабальнага пахаладання, бо ў гэтым выпадку з’ява мусіла б мець шырэйшы ўплыў на іншыя віды. Тым не менш, новае даследаванне акцэнтуе ўвагу на ўразлівасці ранніх чалавечых папуляцый, маючы на ​​​​ўвазе, што наша эвалюцыйная лінія была амаль знішчана, дадалі навукоўцы.

Генетычнае мадэляванне і вывучэнне старажытнай ДНК разам з ДНК сучасных груп становіцца ўсё больш карысным інструментам для разумення таго, як старажытныя чалавечыя папуляцыі распаўсюдзіліся па ўсім свеце і змяшаліся з іншымі папуляцыямі, у тым ліку іншымі відамі гамінінаў.

Чытайце таксама:

Навукоўцы расказалі, хто жыў у Еўропе падчас апошняга ледавіковага перыяду, раскрыўшы геномы 356 паляўнічых-збіральнікаў

Навукоўцы: продкі чалавека пачалі хадзіць на дзвюх нагах 4 мільёны, а не 500 тысяч год таму

«Палешукі сталі Хобсамі». Як беларусы адсылаюць сваё ДНК у Амерыку і шукаюць продкаў па тэстах

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
8
Панылы сорам
3
Ха-ха
1
Ого
6
Сумна
2
Абуральна
1
12.09.2023
Heta mahlo byc`vyklikana tym, što іншыя папуляцыі чалавекападобных па-за лініяй Homo sapiens, i čalaviekapadobnyja ū miežach Homo, karystalisia roznymi (nieadnolkavymi) resursami charčavaņnia. Tamu zniknieņnie krynicaū zvyklaj ježy dlia Homo nie paūplyvala na inšych "svajakoū"... Padobna na toje, što Homo nia byū u toj čas usiajadnym. Zniknieņnie krynicaū zvyklaj, prydatnaj im ježy, pryvialo z adnaho boku da skaračeņnia papuliacyi, i z insaha boku padpichnula da rassialieņnia, prymusila sychodzic` z pieršapačatkovaha areala isnavaņnia, pa miery paharšeņnia ūmovaū, pavolnaj adaptacyi da novych realijaū inšych rehijonaū, i atrymaņnia takim čynam navykaū vyžyvannia. Chutčej za ūsio heta prachodzila adnačasova, ciaham tych 117 000 гадоў,  praz što, padobna, i adbyūsia pierachod da razumovaha žyčcia, z avalodaņniem novymi mahčymasciami, z daliejšaj evaliucyjaj u sučasnaha čalavieka i strataju bylych ulašcivasciaū...
4
гадалка/адказаць/
12.09.2023
"...мяркуе даследаванне генаў" -- цытата з загалоўку артыкула. Сяджу і гадаю, якім гэта местам даследванне можа думаць? Можа рэдактар НН падкажа?
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031