Знайсці
20.05.2023 / 22:412РусŁacБел

Выйшла кніга пра тое, як нашы продкі ў часы Рэчы Паспалітай вялі палітыку на рэгіянальным узроўні

У Вільні пры падтрымцы Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта выйшла даследаванне гісторыка Андрэя Мацука «Павятовыя соймікі ў сацыяльна-палітычным жыцці Вялікага Княства Літоўскага (1697—1764 гг.)». У 600-старонкавай кнізе, у якой гаворка вядзецца пра падзеі больш чым 300-гадовай даўніны, можна пабачыць нямала перагукаў і з сучаснасцю. 

Тэкст гэтай кнігі Андрэй Мацук падрыхтаваў яшчэ ў 2019 годзе, калі працаваў у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі. У акадэмічным выдавецтве ў Мінску яна мелася і выйсці. Але ў 2020 годзе аўтар разам з іншымі супрацоўнікамі ўстановы сышоў з інстытута ў знак салідарнасці з калегамі, якія патрапілі пад палітычны пераслед. У выніку друк кніжкі стаў магчымым толькі цяпер, ужо за межамі Беларусі.

Новае даследаванне паказвае, што парламентарызм у Беларусі мае глыбокія гістарычныя карані.

У Вялікім Княстве Літоўскім існавала добра распрацаваная працэдура склікання, арганізацыі дзейнасці і функцыянавання павятовых соймікаў. Гэтыя інстытуцыі займаліся вялікім колам пытанняў, датычных як жыцця асобнага павета, так і дзяржавы ў цэлым.

У кнізе ёсць інфармацыя па ўсіх 24 павятовых сойміках ВКЛ, якія праходзілі ў вызначаных для іх гарадах, часта нават у спецыяльна для гэтага зробленых будынках. Сярод соймікавых гарадоў — Слонім, Мсціслаў, Ашмяна, Ліда, Рагачоў, Мазыр, Ваўкавыск, Пінск, Полацк, Браслаў і іншыя. На шматлікіх прыкладах у даследаванні паказаныя колькасны склад і кола ўдзельнікаў гэтых прадстаўнічых мясцовых форумаў. 

У кнізе пераглядаюцца шматлікія міфы адносна соймікаў, якія сёння прапагандуюцца ў расійскай і савецкай гістарыяграфіі. Так,

шматлікія зафіксаваныя ў дакументах прыклады сведчаць, што шляхта ў першую чаргу імкнулася ўсё ж не зрываць соймікі, як часта сцвярджаецца, а вырашаць на іх спрэчныя пытанні пры дапамозе кансэнсусу ці галасавання.

А ў крызісны час Паўночнай вайны менавіта павятовыя соймікі ўзялі нават на сябе пэўныя функцыі органаў выканаўчай і судовай улады.

Пэўны час нават падавалася, што мясцовы парламентарызм у ВКЛ пойдзе па шляху Вялікабрытаніі, але ўрэшце гэты працэс быў спынены, а ў выніку рашэнняў сойма 1717 года соймікі ўвогуле страцілі шмат сваіх паўнамоцтваў.

Абвяргае аўтар і яшчэ адзін запушчаны расійскай і савецкай гістарыяграфіяй міф, што шляхта нібыта была абыякавай да лёсу сваёй дзяржавы, а таму яна не рабіла ніякіх крокаў, скіраваных на яе рэфармаванне.

Насамрэч шляхта не толькі разумела, што дзяржава знаходзілася ў крызісе, але і рабіла прапановы па рэфармаванні яе ладу. У кнізе прыводзіцца шмат доказаў гэтаму.

Іншая рэч, што гэтыя прапановы не былі рэалізаваныя на больш высокім узроўні з-за пастаяннага зрыву соймаў Рэчы Паспалітай.

Дакументы соймікаў пераканаўча паказваюць, што галоўную пагрозу для Вялікага Княства Літоўскага шляхта бачыла з боку Расіі.

Гэта тычылася як памежных канфліктаў, так і пытання беглых сялян, якія тысячамі ўцякалі ў Вялікае Княства Літоўскае. Шляхта небеспадстаўна бачыла экспансіянісцкія памкненні Расіі ў імператарскім тытуле яе ўладароў, які змяшчаў у сабе згадкі земляў Вялікага Княства Літоўскага.

Усе высновы аўтара заснаваныя на шматлікіх матэрыялах з архіваў і бібліятэк Беларусі, Літвы, Польшчы, Украіны, Латвіі, Расіі, Аўстрыі, Германіі і Францыі.

Набыць гэтую кнігу, якая выйшла абмежаваным накладам у 100 асобнікаў, можна ў Вільні ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Savičiaus g. 17) і ў Варшаве ў Беларускім моладзевым хабе (plac Konstytucji 6).

Чытайце таксама:

«Пабыўшы ў пячоры Алі-Бабы, я вынес толькі тое, што змясцілася ў маіх далонях». Выйшла кніга пра беларускія фатаграфіі

«Не трэба мяне хаваць з помпай, я ж не на вайну іду». Якія загадкі тояць тастаменты і эпітафіі часоў ВКЛ?

«Каля 80% шляхецкіх родаў падавалі фальшывыя дакументы». Гісторык расказаў пра фальсіфікацыйныя тэхналогіі ў часы «разбору шляхты»

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
5
Mindougas/адказаць/
21.05.2023
Hajbolsh efektyunaja sistema samakiravannia, kamunalnyh paslug, Internet pravajdery, sjtuchny intellekt, etc. byli u Turauskim kniastve. Tamtejshaja szlachta bardzo pamagala u tyh pytanjiah. Jak raz zakanchvaju knigu na getuju temu. Budze naklad 34 egzemplary, nabycj mozhna u Naagrudskim targovym kallegdzhi. 
9
Антось/адказаць/
21.05.2023
Надо просто к Польше присоединяться и всё. И закрыть навсегда все другие альтернативы.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031