Знайсці
19.04.2023 / 20:163РусŁacБел

Чуфа: гэты земляны арэх выдатна расце ў беларускіх умовах. Пасадзіце, і вам спадабаецца

Гэтая расліна незаслужана забытая. Пра яе няма нават асобнага артыкула ў беларускамоўнай «Вікіпедыі». Між тым гэтая расліна добра расце на любых глебах і не патрабуе асаблівага дагляду. Пры гэтым чуфа мае высокія пажыўныя ўласцівасці і прыемны смак, які нагадвае міндаль і кедравы арэх.

Клубні чуфы. Фота: Wikimedia Commons

Чуфа салодкая і вельмі каларыйная. Клубні ўжываюць у ежу як сырымі, так і падсмажанымі. Іх выкарыстоўваюць у якасці замены кавы. Здробненымі дадаюць у кандытарскія вырабы.

З чуфы робяць алей, які нагадвае аліўкавы і лічыцца алеем высокай якасці. А ў Іспаніі — спецыяльны напой (аршад), які з'яўляецца крыніцай бялку. Летам яго падаюць ахалоджаным як натуральны асвяжаючы напой. Напой — добрая замена малака для людзей з непараноснасцю лактозы.

Расліна таксама выкарыстоўваецца ў ландшафтным дызайне і ў вытворчасці высокаякаснага мыла.

Як вырасціць чуфу

Чуфу можна вырошчваць як расадай, так і непасрэдна пасадкай на месца.

Высаджваюць міндальны арэх з красавіка па май на глыбіню каля 8 см радкамі на адлегласці паміж раслінамі 15-20 см і паміж радкамі — 60 см. Расліна пры спрыяльных умовах можа вырасці да 90 см у вышыню. З аднога клубня вырастае купінка з вялікай колькасцю раслін.

Клубні развіваюцца прыкладна праз 6-8 тыдняў пасля зʼяўлення ўсходаў і хутка растуць на працягу ліпеня і жніўня. Тэрмін выспявання складае ад 90 да 110 дзён.

Чуфа ці міндальны арэх. Фота: Wikimedia Commons

Асаблівасці агратэхнікі чуфы

Чуфа расце на любых глебах. Але найлепшы ўраджай дае на лёгкіх і пладародных. Любіць сонечныя месцы і ўмераныя палівы. Пасадкі чуфы садзейнічаюць паляпшэнню глебы, узбагачаючы яе азотам.

Пад адной раслінай вырастае некалькі сотняў маленькіх клубняў даўжынёй да 3 см і шырынёй да 1 см.

Расліну вельмі цяжка цалкам выдаліць пасля таго, як яна расла на агародзе. Гэта звязана з тым, што ў яе разгалінаваная карнявая сістэма, у якой клубні і карані пераплеценыя паміж сабой. Таму пры выкопванні частка карэння і клубняў можа застацца ў зямлі і прарасці на наступны год.

З-за таго, што клубні чуфы размяшчаюцца на глыбіні да 30 см, яны могуць пераносіць маразы, а высушаныя захоўваюць здольнасць да прарастання на працягу многіх гадоў.

Цікава, што ў некаторых краінах (Германія, Швейцарыя, Нідэрланды) чуфа лічыцца інвазійнай раслінай, якая пагражае біяразнастайнасці, бо выцясняе мясцовыя віды.

Збор ураджаю і захоўванне

Збор міндальнага арэха адбываецца ў канцы ўсіх сельскагаспадарчых работ (канец кастрычніка). Кожную расліну выкопваюць, абтрасаюць і абрываюць маленькія клубні. Пасля гэтага іх прамываюць вадой, каб выдаліць пясок і дробныя каменьчыкі. Затым арэхі можна ўжываць у ежу.

З цягам часу яны высыхаюць і становяцца вельмі цвёрдымі. Але пры гэтым у іх узрастае колькасць цукру. Для таго, каб можна было ўжываць, сухі арэх замочваюць на ноч. Сухія арэхі можна змалоць.

Арэхі захоўваюць як у падвале, так і ў пакаёвых умовах. Іх трэба бараніць ад грызуноў і прамога сонечнага святла. 

Карысныя ўласцівасці чуфы

Клубні не ўтрымліваюць глютэну, таму чуфа карысная для тых, хто не пераносіць гэты раслінны бялок.

Чуфа паляпшае страваванне, актывізуе працу галаўнога мозгу і павышае працаздольнасць. Яна пашырае сасуды і папярэджвае стварэнне тромбаў, павышае імунітэт, зніжае нервовае напружанне і садзейнічае эмацыйнай устойлівасці.

Сырыя клубні ачышчаюць арганізм ад шлакаў і таксінаў, а ў якасці кампанента напояў — зніжаюць узровень халестэрыну.

Падушкі з высушаным лісцем чуфы дапамагаюць перамагчы дэпрэсію і бяссонніцу.

Чуфа супрацьпаказаная пры захворваннях печані. Ад яе ўжывання лепш адмовіца пры лішняй вазе і схільнасці да паўнаты.

Рэцэпт аршада 

Свежыя клубні чуфы прапусціць праз мясарубку і заліць цёплай кіпячонай вадой у суадносінах 1:4 (1 частка клубняў і 4 часткі вады). Калі клубні сухія — папярэдне замачыць у цёплай кіпячонай вадзе.

Даць адстаяцца суткі. Затым працадзіць, адначасова праціраючы, праз дробнае сіта.

Дадаць па гусце цукар.

Перад ужываннем аршад астудзіць у халадзільніку.

Чытайце яшчэ:

Любім, любец, любка. Любіста ў кухні і аптэчцы

Гэтая расліна не толькі ўпрыгожыць велікодны стол, але і ўзбагаціць ежу вітамінамі

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
28
Панылы сорам
4
Ха-ха
0
Ого
5
Сумна
2
Абуральна
7
19.04.2023
,,пасадзіце, і вам спадабаецца,,
вы здзекуецеся? я сёння жуб апошні зламала аб арэх
ні бачыць, ні чуць пра іх не магу
0
Параска/адказаць/
19.04.2023
Добрая чуфа
20.04.2023
Вельми цяжка адмываць. Хапила на адзин раз, чытау што лисце биялагична актыунае, працуе як жэнь-шэнь
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера