«Яндэкс» прызнаў, што памочнік «Аліса» здольны падслухоўваць карыстальнікаў
Калонка-памочнік ад «Яндэкса» «Аліса» можа слухаць карыстальнікаў на працягу некалькіх секунд, нават калі яе імя не называюць. Пра гэта паведаміў «Яндэкс», камэнтуючы ўцечку коду некаторых сэрвісаў, піша The Mosсow Times.
Паводле «Яндэкса», фрагменты злітага коду змяшчалі тэставыя алгарытмы, якія выкарыстоўваліся ўнутры кампаніі для праверкі карэктнасці працы сэрвісаў.
«Напрыклад, для паляпшэння якасці актывацыі асістэнта і памяншэння колькасці ілжывых спрацоўванняў у бэта-вэрсіі для супрацоўнікаў прымяняецца настройка, якая ўключае мікрафон прылады на некалькі секундаў у выпадковы момант без згадвання «Алісы», — растлумачылі ў кампаніі.
«Яндэкс» папрасіў прабачэння ў карыстальнікаў, прызнаўшы, што былі парушаныя прынцыпы сумленнасці і празрыстасці.
Уцечку зыходнага коду сэрвісаў «Яндэкс» прызнаў 28 студзеня 2023 года. Невядомы карыстальнік тады выклаў у сеціва архівы, аб’ём якіх у сціснутым выглядзе складаў 44,7 гігабайта. Ён сцвярджаў, што атрымаў доступ да звестак у ліпені 2022 года.





