Знайсці
18.07.2013 / 15:013РусŁacБел

Праект «Баракамера. BY» прапануе беларусам даведацца, дзе і як лячыцца ціскам

Пачуўшы слова «баракамера», многім можа згадацца доўгае сядзенне Жака Іва Кусто і яго каманды ў нейкай бочцы з ілюмінатарамі пасля глыбакаводнага пагружэння. Нехта ўзгадае падрыхтоўку касманаўтаў да палётаў ці паведамленне пра Майкла Джэксана, якія спаў у баракамеры, каб запаволіць старэнне.

Аднак нямногія ведаюць, што баратэрапія — гэта эфектыўны ўздапаможны сродак лячэння і прафілактыкі шматлікіх захворванняў.
Выправіць гэтае становішча мусіць праект «Баракамера. BY», які сёння прэзентавалі ў 2-й клінічнай дзіцячай бальніцы ў Мінску.

«У беларускіх медыцынскіх установах першыя баракамеры з’явіліся яшчэ ў 1972 годзе. На сённяшні дзень у Беларусі функцыянуюць 42 аддзяленні баратэрапіі. Аднак, на жаль, узровень ведаў пра эфектыўнасць і плюсы баратэрапіі невысокі як у абывацеляў, так і ў супрацоўнікаў медыцынскіх устаноў.

Сёння аснову медыцыны складае медыкаментозная тэрапія.
А метадам, якія дапамагаюць актывізаваць і задзейнічаць унутраныя сілы арганізму, надаецца не такая пільная ўвага», — адзначыў галоўны пазаштатны спецыяліст Міністэрства аховы здароўя па баратэрапіі Аўксенцій Сцепанюк.

Праект «Баракамера. BY» называюць сацыяльным, хоць у ім прасочваецца і бізнэс-інтарэс: ініцыятарам і дырэктарам праекта з’яўляецца Андрэй Тананка — дырэктар прадпрыемства «Ніліба», якое пастаўляпе баракамеры для беларускіх бальніцаў і медыцынскіх цэнтраў.

«Праект „Баракамера. BY“ — гэта інтэрактыўная інтэрнэт-пляцоўка, дзе будзе сабрана інфармацыя пра баратэрапію ў Беларусі і цэнтры, дзе можна скарыстацца паслугамі баратэрапеўтаў.
Таксама можна будзе атрымаць кансультацыю спецыялістаў-баратэрапеўтаў, пакінуць каментар пра свае ўражанні аб баратэрапіі і пачытаць каментары іншых людзей, — расказаў менеджар праекта па маркетынгавых камунікацыях Глеб Радомскі. — У нас пакуль няма сайта, але створаны афіцыйныя групы Укантакце у сетцы Facebook. Таксама „Баракамера. BY“ плануе завесці мікраблог у Twitter і акаўнт на відэахостынгу YouTube».

Навошта лезці ў «бочку»?

«Баратэрапія ўжо даўно шырока ўжываецца ва ўсім свеце. Ёсць захворванні і станы чалавека, для якіх баратэрапія — адзіны шлях лячэння.
Гэта постанэксічныя станы, калі ў чалавек не дыхаў некаторы час, атручванне чадам, анаэробныя інфекцыі і атручванне метгемаглабінастваральнікамі. Аднак у якасці ўздапаможнага сродку баракамера можа ўжывацца вельмі шырока.

Баратэрапія добра дапамагае загойваць раны, папярэджвае ўтварэнне келойдных рубцоў і інфекцыйныя захворванні пасля хірургічных аперацый.
Эфектыўныя баракамеры і пры іншых захворваннях ці ў якасці прафілактыкі — пасля курсу баратэрапіі людзі не хварэюць цягам паўгода!» — паведаміў Сцепанюк.

Паводле яго словаў, беларускія баракамеры загружаны, яле не на поўную — у большасці медустаноў яны працуюць у адну змену, хоць могуць прымаць пацыентаў кругласуткава.

«Да таго ж лекары, не прафесура, а тыя, хто непасрэдна камунікуюць з людзямі, назавуць два-тры асноўныя паказанні для баратэрапіі. Аднак іх дзясяткі.
Таму каманда „Баракамера. BY“ хоча прыцягнуць увагу лекараў і насельніцтва краіны да эфетыўнага і немедыкаментознага метаду лячэння і прафілактыкі захворванняў», — патлумачыў спецыяліст.

Андрэй Тананка таксама адзначыў, што баратэрапія — даступная сярэднему беларусу працэдура. Адзін сеанс — 45 хвілін — у баракамеры стоіць 50–80 тысячаў рублёў. Курс баратэрапіі складае ў сярэднім ад пяці да дзесяці сеансаў.

Кірыла Хілько

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031