Клішы на экране
Сям’я пасьпяховага тэлевядучага (Даніель Атой) атрымлівае відэакасэты, дзе зьняты іх дом. Да касэтаў дадаюцца і страшныя малюнкі. Паліцыя не сьпяшаецца нешта рабіць, і герой сам пачынае вышук.
Аўстрыец Міхаэль Ханэке («Піяністка») павянчаў у карціне нуду й трымценьне. Па пяць хвілін у кадры нічога не адбываецца — статычная камэра, доўгія агульныя пляны. Але гэтыя антыжанравыя прыёмы выкарыстоўваюцца аўтарам для лепшага адчуваньня рэчаіснасьці. Мы так дакладна і не даведаемся, хто дасылаў касэты. Ханэке гэта й няважна.
Прычына ў мінулым. Дзіцем герой пазбавіўся ад альжырскага хлопчыка, якога зьбіраліся ўсынавіць бацькі, — небараку адправілі ў дзіцячы прытулак. Але мінулае вярнулася.
Карціна, зьнятая за пяць месяцаў да пагромаў у Францыі, выглядае прарочай.
Каляніяльныя й дзіцячыя комплексы, беднасьць і вымушаная міграцыя, прыхаваны канфлікт культур, які пагражае выбухам, немагчымасьць паразумецца — фільм спараджае мноства тлумачэньняў.
Але ці ня ёсьць маніфэставаны ў фільме «кавалак рэальнасьці» кінаілюзіяй, якая катуе гледачоў нудна-стоенай сацыяльна-аўтарскай павучальнасьцю?
У Канах Ханэке атрымаў прыз за рэжысуру, прыз экумэнічнага журы й узнагароду «Фіпрэсі».
Фільм, што ідзе ў «Перамозе», — для кінагурманаў.
❏
«Стоенае» («Cache / Hidden»)
Францыя—Аўстрыя—Нямеччына—Італія, 2005, 117 хв.
Жанр: сацыяльна-псыхалягічная драма, трылер.
Адзнака: 7 (з 10).





