Нобелеўскі комплекс Кітая. Так называўся артыкул у кітайскай газеце Caijing няпярэдадні ўручэння прэміі ў галіне літаратуры. Кітайскі раманіст Мо Янь разам з японцам Харукі

Муракамі з’яўляліся галоўнымі прэтэндэнтамі на ўзнагароду. У выніку перамогу аддалі Мо Яню.

Што датычыць самога «комплексу», то вялізны Кітай да гэтага года не меў ніводнага нобелеўскага лаўрэата.
Дакладней, яны былі, але афіцыйны Пекін хацеў бы іх ніколі не ўзгадваць. Два гады назад Нобелеўскую прэмію міру атрымаў дысідэнт, палітвязень Лю Сяабо, яшчэ раней гэткай жа ўзнагародай адзначылі Далай-Ламу, духоўнага лідара Тыбета, які змагаецца за незалежнасць.
У літаратуры да Мо Яня толькі адзін кітаец атрымліваў Нобеля. Гэта быў Гао Сінцзянь у 2000.
Аўтар піша па-кітайску, але даўно жыве ў Парыжы. Няхай французы радуюцца яго поспехам, а не кітайцы, мяркуюць многія ў Паднябеснай.

Ніхто не будзе спрачацца, што ўклад кітайцаў у сусветную культуры велізарны. Але ў значнай ступені гэта тычылася старажытнасці. У апошнія сто гадоў (Нобелеўскія прэміі пачалі ўручаць у 1901) Кітай быў адсталай краінай. Ваенныя канфлікты, камуністычная дыктатура, зверствы культурнай рэвалюцыі — не самы ўдалы час для навуковых і літаратурных адкрыццяў.

У апошнія дзесяцігоддзі Кітай ператварыўся ў сусветнага лідара — другая эканоміка планеты.
У краіне адбылася тэхналагічная мадэрнізацыя, хай і пры дыктатуры. Прыйшла новая хваля ў кітайскай літаратуры, самым яркім прадстаўніком якой з’яўляецца 57-гадовы Мо Янь. Звычайна Нобелі даюць больш сталым пісьменнікам.

Мо Янь нарадзіўся ў 1955 у правінцыі Шаньдун (там, у родных мясцінах, як у Фолкнера ці Стывена Кінга, адбываецца дзеянне большасці яго раманаў). Мо Янь — гэта псеўданім, які значыць «Маўчы». Узяты ён у спадчыну ад цёмных часоў «культурнай рэвалюцыі». «Я не мог тады нікому нічога казаць», — згадвае пісьменнік. Сапраўднае імя — Гуань Мае.

Сям’я была вясковай, але дастаткова заможнай. Гэтая акалічнасць перашкаджала Мо Яню ўступіць у шэрагі Народна¬вызваленчай арміі Кітая, некалькі разоў яму адмаўлялі, але з трэцяй спробы ён трапіў на службу. У войску Мо Янь быў кадравым палітработнікам, чытаў лекцыі для курсантаў у вучылішчы. У гэты ж час ён пачаў рабіць першыя літаратурныя спробы. Агулам адслужыў 21 год. Сёння Мо Янь з’яўляецца намеснікам старшыні Саюза кітайскіх пісьменнікаў. Ён зусім не дысідэнт, што дазваляла некаторым казаць: Нобелеўскі камітэт вырашыў адплаціць Кітаю за прэмію Лю Сяабо. Але творы Мо Яня сапраўды моцныя, жывыя і таленавітыя.

«Казкі, гісторыя і сучаснасць змяшаныя ў галюцынатыўным рэалізме», — так гучыць афіцыйнае тлумачэнне Нобелеўскага камітэта, чаму ён узнагароджвае Мо Яня.

У кнізе «Краіна віна» пісьменнік у жорсткай форме іранізуе са спажывецкай культуры кітайскіх чыноўнікаў.
Іхняй прагі прыгожага жыцця, алкагалізму і абжорства. Партдзеячы правінцыі Цзюго закупляюць двухгадовых дзяцей для «Даследчага цэнтра асаблівых відаў харчавання», каб потым есці іх на банкетах. Страва з дзяцей з’яўляецца самым выкшталцоным ласункам, які падаюць шаноўным гасцям правінцыі.
Раман шакуе, часам выклікае агіду сваёй натуралістычнасцю, але не адпускае. Такі твор пра сяброў «Белай Русі» быў бы забаронены ў нас.
У Кітаі «Краіна віна» таксама нейкі час у «чорным спісе». Таму казаць, што Мо Янь сервільны пісьменнік, не выпадае. Хаця ён дазваляе выкарыстоўваць сябе ў піяраўскіх мэтах кіруючай партыі — пагаджаецца разам з іншымі інтэлектуаламі ад рукі перапісваць працу Мао Цзэдуна пра культуру і мастацтва за 1942 год.
Мо Янь лічыць, што Кітаю для абнаўлення неабходныя «Вялікія цыцкі, шырокія сцёгны».
Раман з такой назвай зноўку вельмі натуралістычна апісвае сэксуальную культуру Кітая. Канечне, ён таксама быў забаронены на Радзіме. Мо Яня нярэдка вінавацілі ў «грубасці, вясковасці, празмернай колькасці гвалту і сэксу» ў творах.

З кітайскай мовы на беларускую ніхто не перакладае. Таму нашым суайчыннікам даводзіцца абмяжоўвацца расейскімі і англійскімі перакладамі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?