«Здзекі, „расцяжкі“, фізічныя „практыкаванні“, катаванні холадам, бяссонніцай у СІЗА КДБ я не лічыў катаваннямі»,

— заявіў у інтэрв’ю інтэрнэт-газеце БелаПАН Naviny.by («Белорусские новости») былы кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў. Інтэрв’ю было ўзятае на другі дзень пасля вынясення Някляеву прысуду і апублікаванае 23 мая.

«Тое, пра што распавёў Міхалевіч і што пацвердзіў Саннікаў: здзекі, „расцяжкі“, фізічныя „практыкаванні“, катаванні холадам, бяссонніцай, — так. Усё яно было, я казаў пра гэта ў судзе. Але вось што (пра гэта я таксама казаў) дзіўна: я не лічыў гэта катаваннямі. І ведаеце чаму?.. Бо нарадзіўся я і вырас у сістэме, для якой чалавек — нішто. У якой жалеза: самалёт, танк, гармата, кулямёт, куля, нават цвік нешта каштавалі, а чалавек — не. Нічога, ніколькі не каштаваў. „Гвозди бы делать из этих людей — не было б в мире дешевле гвоздей!“. Як цвікі ў сцяну ўганялі — гэтак сама й людзей уганялі ў зямлю. Тысячамі, мільёнамі! „Бабы новых народзяць“, — казаў адзін са стваральнікаў сістэмы. А калі людзей можна забіваць, дык чаму нельга катаваць? Катаванне — гэта ж яшчэ не смерць. Можа, пашчасціць — і жывым застанешся. Разумееце?.. Таму трывай. Проста трывай. Каб не раззлаваць тых, хто катуе. Каб яны цябе не забілі», — сказаў Някляеў.

Паводле яго слоў, у старэйшага пакалення, яго равеснікаў, «скалечаная свядомасць». «Мы дапускаем, што нас у любы час могуць ні за што арыштаваць. Знішчыць. Калі ўначы з 19 на 20 снежня невядомыя людзі ўварваліся ў шпіталь хуткай дапамогі і голага павалаклі мяне з рэанімацыі на вуліцу, на люты ў тую ноч мароз, я падумаў: чаму не далі ўзяць адзежу, пацягнулі галяком? Таму што гэтыя людзі, падумаў я далей, ведаюць: адзежа мне больш не спатрэбіцца. Вось тады, голаму на падлозе мікрааўтобуса, у якім я сутаргава спрабаваў зарыентавацца:

у які бок мяне вязуць? У Мінск? Ці ў лес за кальцавую? — мне было па-сапраўднаму страшна.
Я спінным мозгам на зледзянелай падлозе ўспомніў пра лёс Ганчара і Захаранкі, Красоўскага і Завадскага», — распавёў Някляеў.

У СІЗА КДБ, з ягоных словаў, «так страшна не было». «Я быў, можна сказаць, шчаслівы, калі мяне ў СІЗА прывезлі. Пасля страху праз тое, што цябе маглі забіць, ты і ўвагі не звяртаеш, што на расцяжцы ў цябе нейкая жыла парвалася. Ну, адна парвалася, а колькі яшчэ цэлых засталося!» — сказаў Някляеў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?