Пра выбух у метро я даведаўся ў краме, куды зазірнуў у пошуках цукру.
Вылаяўся — гэта была ўжо пятая ў той дзень крама з пустым «цукровым» прылаўкам — я рушыў да прадавачкі. Але нешта спыніла мяне ў яе перакрыўленым твары з літаральна ўціснутым у збялелае вуха мабільнікам…

…Назаўтра мяне спыніў мікрафон.

Не паспеў я падысці да ўзніклага ў цэнтры Мінска пантэону з чырвоных і белых гваздзікоў, здрыгануцца ад выгляду мужчыны, што закрыў вялікімі далонямі мокры ад слёз твар, як у грудзі ўперлася чорная галавешка мікрафона:

— Сюды… сюды… — дзяўчына ўмела выціснула мяне з натоўпу пад зрэнку тэлекамеры, — пару словаў… вашыя версіі, калі ласка…

Не магу дараваць сабе той пары недарэчных словаў, якія нічога не значылі…

Пра выбух у метро ўжо сказана і напісана столькі, што дарэчы, здавалася б, памаўчаць.
Не, не таму, што сказана ўжо ўсё. І не таму, што яшчэ не ўсё сказана. Не пакідае адчуванне, што адной хвіліны маўчання ў памяць пра загінулых мала. Што краіне, грамадству, людзям як ніколі патрэбныя тры хвіліны маўчання. У поўнай адпаведнасці з вядомым няпісаных правілам — тры хвіліны маўчання ў эфіры, каб пачуць галасы тых, хто церпіць бедства, пачуць чыёсьці апошняе SOS…

Адно адрозненне: краіне, грамадству, людзям трэба пачуць сябе.

Але гавораць усе: ад мінакоў, злоўленых на прапагандысцкі кручок тэлекамеры, да прэзідэнта, які тлумачыць журналістам, як і што трэба гаварыць…

Трэба, напрыклад, гаварыць, што карабель пад назвай Беларусь ледзь не выпадкова наскочыў на адну з тых мінаў, якія пачкамі выбухаюць вакол.

Але ірванула ўнутры.

Ірванула ў труме, калі прыняць і працягнуць карабельную метафару.

У наглуха задраеным труме, які старанна ахоўвалі.

Там, у наглуха задраеным труме, які старанна ахоўвалі, пануюць прадпісаныя правілы выжывання: не пярэчыць ахоўнікам, не «вякаць», гаварыць толькі ў межах дазволенага і хлусіць, задавальняючыся «чаркай і скваркай»…

Галоўнае ж правіла — не высоўвацца. Гэта значыць, як разумеюць гэта ахоўнікі, — не выстаўляць прэтэнзій капітану і не прэтэндаваць на яго месца ля штурвала…

Можна жыць паводле напісаных правілаў.

Можна жыць паводле няпісаных правілаў.

Але паводле прадпісаных правілаў нармальнага чалавечага жыцця няма.

Яны памыліліся, гэтыя ахоўнікі на чале з капітанам. Яны думалі, што галоўная пагроза зыходзіць ад тых, хто «высунуўся» на прэзідэнцкіх выбарах. Але пакуль без стомы раскручваўся махавік рэпрэсій, пакуль улада на ўвесь свет дэманстравала свае бязмежныя магчымасці распараджацца жыццём людзей, «высунуўся» самы страшны прэтэндэнт на самую жорсткую і крывавую ўладу — уладу распараджацца іх смерцю…

Грукаюць на груба завараных сутыках дрэнна счэпленыя вагоны версій і доказаў.

У інтэрнэце, у газетах, на радыё і ТБ змяняюць адно аднаго залежныя і незалежныя палітолагі, эксперты, аналітыкі, афіцыйныя і неафіцыйныя асобы. І гавораць, гавораць, гавораць — збольшага грэюць рукі на агні, які закліканы пячы душу.

Што ж, няхай гавораць. Віноўнік нібыта знойдзены, зараз трэба знайсці вінаватых.

У апазіцыі — улада сама замяшала гэта крывавае месіва. Ва ўлады — апазіцыя, яна жа «пятая калона», распаўсюджвальнікі чутак і «галавацяпы» з метро.

Насамрэч, вядома ж, вінаватая ўлада. І тут не патрэбныя ніякія факты і доказы. Дастаткова аднаго ФАКТУ: людзі даверылі ўладзе свае жыцці, а яна іх не зберагла.

Але гэта не ўсё.

Доўгі час улада давала надзеі, і большасць пагаджалася з ёй, што жыць спакойна, сыта і бяспечна можна толькі паводле прадпісаных правілаў «жорсткага парадку і дысцыпліны». І таму пераканаўчая для ўлады і насельнікаў «трума» менавіта тая версія, што прапанаваная іх, можа, самым заўзятым ахоўнікам — КДБ. Версія пра «ўнікальнага хіміка» са звышамбіцыямі, які адзіным спосабам задаволіць іх абраў чужую смерць.

Што ж, на тое ён і вырас у «труме», дзе загадана дагаджаць моцнаму, штурхаць слабога, распраўляцца з іншадумцамі і хлусіць, хлусіць, хлусіць… Нават самім сабе…

У «труме», дзе жорсткасць, цынізм і хамства дагодліва лічацца нормай.

У «труме», дзе валоданне міліцэйскай дубінкай цэніцца вышэй, чым валоданне хірургічным скальпелем.

У «труме», дзе ўжыўлены камунізмам ген нянавісці не толькі не знік разам з ім, але і знайшоў сабе новае пажыўнае асяроддзе…

— Чвартаваць! — галосіць з тэлеэкрана, заломваючы рукі, вядомы актор, спрабуючы аднавіць карціну помсты…

— Павесіць! — прагне нехта «выпадковы», цалкам інтэлігентнага выгляду. — Павесіць! Паказальна! Проста тут…

Проста тут узвышаецца гара кветак, і ціха палымнеюць на красавіцкім ветры памінальныя свечкі…

Проста тут, дзе толькі і можна пачуць сябе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?