СМІ дыктатараў ад Мінска да Алма-Аты ахвотна паказваюць нехарошыя наступствы перавароту ў Бішкеку: спаленыя крамы і разрабаваны прэзідэнцкі палац. Яны пры гэтым забываюцца сказаць, што найперш пацярпелі сеткі, што належалі клану (экс-?)прэзідэнта Бакіева.Змаганне за ўладу ў нізкаразвітых краінах не робіцца ў белых пальчатках. У Кіргізіі свае традыцыі. Гэта горная нацыя, з вялікімі традыцыямі самакіравання, але і самасудоў. Рабіць пераварот з’ехаліся насельнікі райцэнтраў і вёсак, і перш чым паехаць дахаты, яны прагнулі помсты за забітых сяброў. Па іх слядах свой кавалак прагнуць вырваць самасёлы. Пачаліся сутычкі на этнічнай глебе.
Што да Азіі і даўнейшай Еўропы, то многія рэвалюцыі і перавароты суправаджаліся беспарадкамі і марадзёрствам. Вельмі часта іх правакуюць старыя рэжымы, каб апраўдаць «навядзенне парадку» і захаванне ўлады. Так было, напрыклад, у Інданэзіі ў 1998 годзе, калі сваякі дыктатара Сухарта інспіравалі марадзёрствы і пагромы, пераважна супраць кітайскіх гандляроў, у якіх загінулі 1500 чалавек і згарэла 9000 дамоў.
Лукашэнка паспяшаўся засцерагчы эліты ад хаўрусу з Масквой, якая блаславіла пераварот у Бішкеку. Пасля той русіфікацыі Беларусі, якую ён правёў, яму ёсць падставы баяцца лёсу, які спатыкаў візантыйскіх сатрапаў.
Толькі дарма шукаць у Кіргізіі паралелі з Беларуссю. Беларусь не Кіргізія. Мы не горная і не мусульманская і не бедная нацыя. Палітычныя трансфармацыі ў Мінску будуць адбывацца інакш — сцэнары аксамітных рэвалюцый (Чэхія, Балгарыя, Украіна), кантракта эліт (Польшча, Літва) ці хаатычнага, але не пагромнага скідання маразмаванага рэжыму (Румынія) застаюцца больш імавернымі. Хоць імавернасць падрыхтаванага Масквой перавароту таксама не выключаецца.





