Вывяржэнне вулкана каля ледніка на поўдні Ісландыі прывяло да адмены ўсіх авіярэйсаў ў Брытаніі з 12 да 18 гадзін паводле брытанскага часу (14—19 па Мінска). Будуць спыненыя палёты ў некаторых іншых краінах Заходняй Еўропы.

Еўрапейскія авіяцыйныя ўлады непакояцца, што воблака вулканічнага попелу можа пашкодзіць рухавікі самалётаў.

Як паведамляе Брытанская служба авіядыспетчараў (NATS),

палёты ўсіх самалётаў над Брытаніяй забараняюцца, і выключэнне будзе рабіцца толькі ў экстранных сітуацыях.

«Гэта рашэнне прынята ў адпаведнасці з міжнароднымі правіламі грамадзянскай авіяцыі, — сказана ў паведамленні NATS. — Мы працягваем адсочваць сітуацыю і цесна супрацоўнічаем з метэаралагічнай службай, а таксама з кліентамі авіякампаній і суседнімі краінамі».

Аналагічныя захады зробленыя ў Ірландыі. Перастаў працаваць і найбуйнейшы аэрапорт Нарвегіі «Гардэмуэн», размешчаны каля Осла.

Пра хуткае закрыццё сваёй паветранай прасторы паведамілі ўлады Нідэрландаў і Даніі. Паводле звестак агенцтва Франс прэс, могуць быць прыпыненыя палёты ў аэрапорце Брусэля, спыненая праца некалькіх аэрапортаў на поўначы Швецыі і Фінляндыі.

Лонданскі аэрапорт Хітроу, які зачыніцца разам з іншымі тэрміналамі, з’яўляецца адным з самых ажыўленых ў свеце: штодня яго паслугамі карыстаюцца каля 180 тысяч пасажыраў, здзяйсняецца больш за 1200 рэйсаў.

Усе аэрапорты Шатландыі ўжо зачыненыя, у Хітроу і Гэтвіку з раніцы адмененыя больш за 250 рэйсаў.

***

Між тым, у самой Ісландыі праца авіяцыйнага транспарту пакуль не спынена,

бо вецер хутка забірае вулканічны попел.

«Рэйсы ў Ісландыю і з яе — у парадку, — сказала агенцтву Франс прэс прадстаўнік мясцовых авіяцыйных улад Х’ёрдзіс Гудмундсдоцір. — Вецер нясе попел на ўсход».

Пасля таго, як адбылося ў сераду вывяржэнне вулкана, які размешчаны каля ледніка Эйяф’ялайекюль за 200 км на ўсход ад Рэйк’явіка, дым падымаўся на вышыню 6 тыс. метраў.

Патокі распаленай лавы часткова растапілі ледавік, што выклікала паводкі. Уладам краіны давялося эвакуяваць з бліжэйшых вёсак ад 700 да 800 чалавек. Цяперашняе вывяржэнне — ужо другое за апошнія некалькі тыдняў. Вулкан спаў да гэтага 200 гадоў.

 Той самы вулкан і дым ад яго вышынёй 6 тыс. метраў.

Той самы вулкан і дым ад яго вышынёй 6 тыс. метраў.

 Фота Helicopter Service Of Iceland.

Фота Helicopter Service Of Iceland.

 Наступствы ў лонданскім аэрапорце Гэтвік.

Наступствы ў лонданскім аэрапорце Гэтвік.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?