Баландзёры — гэта асуджаныя, якія адбываюць пакаранне ў СІЗА ў гаспадарчым атрадзе, яны, напрыклад, разносяць ежу вязням.
«Калі вядуць Калеснікаву, усіх заганяюць у памяшканні, таму што яна ідзе і з усімі вітаецца, спрабуе размаўляць. І на ўвесь калідор крычыць: «Чаму вы хаваеце ад мяне людзей?» — распавёў адзін з асуджаных.
Вядома, што, калі Марыю вазілі на суд, яна распавядала канваірам гісторыю музыкі. Свой побыт на Валадарцы палітзняволеная апісвае так:
«За ўвесь час я пабывала ў пяці камерах з розным «складам» сябровак-аднакамерніц, — адзначыла яна ў інтэрв’ю BBC. — Цяпер камера вельмі маленькая, 2,5 на 3,5 метра, дзе двое нараў на чатырох чалавек, прыбіральня, умывальнік, тэлевізар, кіпяцільнік, кубак, тазы, стол, лаўка. Праз шыбу і краты відаць неба.
У Беларусі забаронена курэнне ў грамадскіх месцах і нават на прыпынках, але турма — не месца для законаў. Тут кураць амаль усе і ўсюды: у камерах, калідорах, кабінетах (насамрэч па законе ў СІЗА курыць нельга, для гэтага павінны выводзіць у прагулачны дворык, але гэта патрабаванне татальна ігнаруецца — заўв. НН).
У маім выпадку гэта не толькі шкода здароўю і пагроза жыццю, але і шкода, якая не дазволіць мне застацца ў прафесіі музы́кі-флейтысткі».
Марыя падрабязна апісала рэжым дня ў СІЗА, ён супадае з графікам жыцця многіх палітвязняў:
«У 6:30 пачынаецца турэмны сняданак у выглядзе кашы, соку, хлеба і чаю. Але я ніколі не ем так рана і нічога з прапанаванага не бяру. «Прымаю душ» — награваючы ваду ў тазіку.
Цяжка паверыць, але ў цэнтры Менску людзі ўтрымліваюцца ў камерах з халоднай вадой, а душ прымаюць у агульным душавым пакоі (на чатыры чалавекі без перагародак) адзін раз на тыдзень па 20 хвілін.
Бялізну мыем у тазах, награваючы ваду кіпяцільнікам. Сохне яна ўначы на батарэі або нарах.
А 8-й раніцы — праверка, пасля чаго дзве-тры гадзіны я вучу мовы ці чытаю на нямецкай ці англійскай мовах. Гэта самы плённы час.
Каля 9-й выходжу на прагулку. Турэмны дворык — 3 метры на 3 метры. Але нават там я схітраюся бегаць 40-50 хвілін і яшчэ 30 хвілін раблю практыкаванні.
Снедаю пасля прагулкі: бутэрброды або, рэдка, каша з сухафруктамі і абавязкова — моцная кава. Прыбіраюся ў камеры, і ў гэтым ёсць пэўнае задавальненне: рабіць чысцей, утульней, лепей тое месца, дзе ты ёсць.
Калі ў мяне няма сустрэчы з адвакатамі ці допытаў, то я чытаю і пішу наступныя дзве-тры гадзіны.
У 13:00-14:00 абед. У мяне ён таксама свой: суп ці гародніна з мясам. Пазней кава і прысмакі, якімі мяне балуюць у перадачах.
Наступныя тры гадзіны чытаю, працую ў справе (маецца на ўвазе крымінальная справа — заўв. BBC), пішу тэксты і лісты.
Вячэра ў турме а 18-й, але я вячэраю а 17-й. Гародніна, чай і халва.
З 18:00 пішу лісты кожны дзень. За месяц атрымліваецца каля 200. Гляджу навіны, якія і не навіны ўвогуле, а «пяціхвілінкі нянавісці» даўжынёй у гадзіны, як у Джорджа Оруэла. Вельмі «карысна», але шкада людзей, якія гэта ствараюць і ў гэта вераць. А 20-й — праверка, потым забіраюць лісты і заявы.
А 21-й вечаровы «душ» з кіпяцільнікам, кніга. З 22:00 да 6:00 здаровы моцны сон. Так многа я не спала шмат гадоў, асабліва апошнія месяцы перад 7 верасня 2020 года (дзень, калі Марыю выкралі, а потым арыштавалі — заўв. BBC)».
Нагадаем, 6 верасня Марыю Калеснікаву асудзілі на 11 гадоў пазбаўлення свабоды. Пакуль прысуд не ўступіў у сілу, яна знаходзіцца ў СІЗА. Віну Марыя не прызнала і разам з адвакатам падала скаргу на прысуд.
Напісаць ліст Марыі можна па адрасе: 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2. СІЗА №1





