Аварыя, нагадаем, адбылася днём 17 лютага 2019 года ў Ружанах на вуліцы Косаўскай.
63-гадовы кіроўца на МАЗе вёз бярвёны да месца разгрузкі ў Івацэвічы. Ён разагнаўся да 50 км/г пры максімальна дапушчальнай на ўчастку дарогі хуткасці 40 км/г. Прычэп перакуліўся, бярвёны паляцелі на абочыну, там ішлі дзве жанчыны з каляскай. У выніку шасцімесячная дзяўчынка, якая знаходзілася ў калясцы, і яе бабуля загінулі на месцы, а маці трапіла ў бальніцу.
Суд Пружанскага раёна 26 чэрвеня разгледзеў грамадзянскую справу паводле пазову да ААТ «Івацэвічыдрэў» аб спагнанні грашовай кампенсацыі маральнай шкоды. У заяве пазоўнікі прасілі суд спагнаць маральную шкоду з прадпрыемства як уладальніка крыніцы павышанай небяспекі.
Суд задаволіў пазоў на 217 500 рублёў. Рашэнне суда не абскарджана і ўступіла ў законную сілу 20 ліпеня, паведамляе «Брэсцкая газета».





