Сьвятлана Завадзкая, жонка зьніклага ў 2000 годзе апэратара расейскага тэлеканалу ОРТ Зьмітра Завадзкага, пракамэнтавала Радыё Свабода прызнаньне Юрыя Гараўскага, які кажа, што быў байцом спэцыяльнага атраду хуткага рэагаваньня (СОБР) Ўнутраных войскаў МУС Беларусі пад камандаваньнем Дзьмітрыя Паўлічэнкі.

Былы спецназавец: Я ўдзельнічаў у забойстве Захаранкі і Ганчара

«Шмат падобных дэталяў. Вось пра тое, што ў Ганчара на назе не было двух пальцаў, я ня ведала. Але я запытала ў Ірыны Красоўскай, пра гэта і яна напісала, што памятае зьвесткі, нібыта ў лазьні Ганчар хадзіў у закрытых гумавых тапачках. Але я ж сама гэтага ня бачыла, таму больш казаць ня буду. Але калі гэта праўда, гэтая дэталь, то тады ва ўсё можна верыць.

Магу параўноўваць з тым, што раней ведала. Сапраўды, большасьць дэталяў падобная. Нават пра тое, што Ганчар і Красоўскі былі закапаныя на нейкай закрытай тэрыторыі, на нейкай базе, а Дзіму (Завадзкага — Р. С.) і Захаранку пахавалі на Паўночных могілках. Бо са мной у 2010 годзе зьвязваўся праз інтэрнэт чалавек, які сябе не назваў, і ён казаў, што бачыў нейкія дакумэнты, у якіх былі ўказаныя месцы іх пахаваньня менавіта на Паўночных могілках. І ў інтэрвію гэтага Гараўскага таксама — розныя месцы пахаваньня Захаранкі ды Ганчара з Красоўскім.

Потым — кроў Ганчара, адкуль яна ўзялася? Гэты собравец кажа, што ён трапіў яму па твары ланцугом, пабілі шкло. Але ж гэтак і было на месцы выкраданьня Ганчара і Красоўскага: і шкло, і кроў, якую потым экспэртыза вызначыла як кроў менавіта Ганчара. Дык як мне ацэньваць гэтыя паказаньні? Альбо гэтак, што чалавек добра падрыхтаваўся, каб атрымаць палітычны прытулак на Захадзе, альбо сапраўды ўсё так і ёсьць. Мяркую, цяпер гэтым мусіць заняцца наш адвакат, наш прадстаўнік. Магчыма, мы зробім асобную ці агульную заяву, і трэба дамагацца аднаўленьня справаў па зноў адкрытых абставінах».

Пры гэтым Сьвятлана Завадзкая пакуль ня ведае, што далей рабіць са зьвесткамі, якія агучыў Юрый Гараўскі, бо, на яе думку, у цяперашняй Беларусі правяраць гэтыя зьвесткі афіцыйнае сьледзтва ня стане.

«Пры цяперашняй уладзе мы з гэтай інфармацыяй мала што можам зрабіць. Мяне трасе, калі ўсё гэта чытаю, а нічога не магу зрабіць. Спрабую нешта прыдумаць. Вось ён кажа, што можа ўказаць месца, дзе забілі Ганчара і Красоўскага. І што, калі мы туды прыедзем, што будзе? Хто нам дазволіць туды прайсьці? І ўвогуле я перакананая, што іх целы ўжо не знойдзеш.

Як зьнялі Алега Бажэлку (былы генэральны пракурор — РС) і Мацкевіча (былы старшыня КДБ — РС), дык потым Павал Шарамет мне распавядаў, што нібыта дайшла інфармацыя, што ўсё ўжо падчысьцілі. Нават Хрыстас Пургурыдэс, (дакладчык Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы — РС), калі зрабіў сваё расьсьледаваньне, а ён быў дасьведчаным, займаўся зьнікненьнямі яшчэ на Кіпры, казаў нам, сыходзячы са свайго досьведу, што мы ніколі не знойдзем целаў сваіх сваякоў.

Дакладна гэтак: «Мне страшна вам гэта казаць, але целаў вашых мужоў ніколі не знойдуць». У тым ліку ён сыходзіў з таго, як рэагуюць Навумаў і Сівакоў (колішнія кіраўнікі МУС — РС), зь якімі размаўляў. Казаў, што яны нават не дадумаліся адказваць аднолькава пра расьсьледаваньне, настолькі былі ўпэўненыя, што ніхто нічога не знойдзе. Адзін казаў, што заказвалі абсталяваньне для пошуку, другі абвяргаў гэта, нібыта нічога не заказвалі. Пургурыдэс меркаваў, што яны хлусілі, і яго гэта пераканала ў тым, што целаў ужо няма».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?